Пазней Андрэй даведаўся, што Тамара, скончыўшы на „выдатна” фельчарска-акушэрскае вучылішча, тры гады паступала ў медінстытут. Што там знаходзілі ў тым інстытуце, каб не прымаць... I якую прагу да лекавання трэба было мець! Скончыла інстытут яна таксама з чырвоным дыпломам. Прафесіянал... Але i не толькі... Яна ўваходзіла ў жыццё, у лёс людзей. У яе памкненні дапамагчы, зменшыць пакуты — было нешта адвечна жаночае, старадаўне-вартаснае: адачасова ад маці, ад сястры, ад ахоўніцы ачага. Нешта запаветнае, старажытнае, уласцівае капланкам i вяшчункам. Здавалася, ёй падуладнае тое, што перадаецца нейкім чынам яе пацыентам, уплывае на ix. Не толькі веданне хвароб, ix сімптомаў, метадаў лячэння, не толькі веданне фармацэўтыкі, не толькі ўменне лячыць хваробу паводле прадпісанняў медыцынскіх кніг i вопыту — чужога i свайго. А інтуіцыя, відушчасць, укладзеныя ў глыбіні натуры, тое няўлоўнае, што робіць прафесію пакліканнем. Робіць умельства майстэрствам, таямніцай, дарам. Гэта пры тым, што Тамара — цалкам пазбаўленая якіх містычных рысаў ці асаблівасцяў. Уся, цалкам — ад рэчаіснасці, ад Натуры, ва ўсіх яе праявах, ад зямнога грунту, ад жыцця ў яго звычайнасці i святочнасці, ад трываласці чалавечых адносін, побыту i дабрабыту.
Усё гэта Андрэй заўважыў пазней. Калі маці выпісвалася са шпіталю, Тамара занатавала яе хатні тэлефон i дала свой — таксама хатні. „Я вас абавязкова наведаю”, — прамовіла яна, развітваючыся, i маці ўздыхнула з палёгкай.
З палёгкай уздыхнулі i Андрэй з бацькам. „Уладар неба i зямлі дасі табе радасць замест смутку твайго”...
Яны зноў былі разам — як доўгія гады да таго. Як здавалася Андрэю — як заўсёды.
Вяртанне маці дадому было святам. З гэтай пары Андрэй прысутнасць маці ў сваім жыцці i ў жыцці наогул адчуваў не так, як раней — як нешта неад'емнае, але звычайнае, звычнае, будзённае, незаўважнае. Цяпер гэта была асобая радасць, вернутае шчасце, усвядомленае існаванне побач з ёю. Раней ён клапаціўся аб якіх прэзэнтах толькі перад Днём анёла. Днём нараджэння, вялікімі святамі. Пасля яе вяртання са шпіталю ён імкнуўся абавязкова нечым узрадаваць яе: набыць кветкі, купіць нейкія прысмакі, сувеніры... Едучы куды — памятаў: вяртаючыся, трэба нешта набыць для маці.
Што яна адчувала пасля хваробы? Ён не ведаў — i ніколі не пытаўся... Што сталася пэўным — кожны візіт Тамары маці ўспрымала як свята. Калі маці адчувала сябе кепска — як толькі адчыняліся дзверы i ўваходзіла яе доктарка, яна неяк святлела ў твары, спакайнела, душэўна лагаднела. Яшчэ да таго, як Тамара рабіла ўколы ці рабіла яшчэ якія працэдуры, маці, падобна, адчувала палёгку. Калі маці адчувала сябе добра i не вельмі прыціскалі інстытуцкія справы, яна гатавала нешта смачнае — з таго, што мела, так бы мовіць, яе асабісты кулінарны ці кандытарскі знак. Адносіны былі з абодвух бакоў — не проста i не толькі як у пацыенткі з урачом i ўрача з пацыенткай.
Тамара прыязджала любым надвор'ем: зімою, у завіруху, у восеньскую i вясновую слоту, у летнюю спёку. Лета, дарэчы, сталася самай небяспечнай парой году пасля ўскладнення ca здароўем. Маці кепска адчувала сябе ў горадзе, трывожна было i на дачы — пакуль „хуткая” прыедзе... Ды i галоўны давер у яе быў да Тамары. Мабыць, яна стала для маді i лекаркай, i нечакана знойдзенай дачкой, i сястрой — міласэрнасці i спачування. Добрай душой — з ясным розумам, дасканалым майстэрствам, з добрымі i ўмелымі рукамі. Да таго ж Тамара была прафесіяналам не абы якога гарту: сачыла за навінамі фармацэўтыкі — раіла, выпісвала. Даставала лекі. Не абыходзіла ўвагай перыёдыку: новае ў навуцы i практыцы, кансультавалася, спрабавала i вынаходзіла. Лячыць маці, дарэчы, было не так проста: ашчаджаць сябе яна хранічна не ўмела, існаваць у межах рэжыму не сталася яе побытавым запаветам. Тамара разумела, што характар перарабіць нельга i спрабавала іншыя спосабы станоўчага ўплыву. Як там у клятве Гіпакрата? „У які б дом я ні ўвайшоў, я ўвайду туды для карысці хворага...” Для карысці... Карысць Тамара разумела шырока...
Яна прыязджала разам з мужам, i яны забіралі маці да сябе на дачу, а адтуль маці вярталася задаволеная, з аграмадным букетам — ахапкам — бэзу. З пэўнай пары маці з Тамарай сталі наведваць кожны год выставу кветак у жніўні. Адтуль ix сустракаў Андрэй або бацька, i яны ішлі палуднаваць у рэстарацыю побач з выставай.