Раней Андрэй пра сябе лічыў гэтыя матчыны экскурсіі данінай сентыментальным жаночым прыхільнасцям, без асобай ахвоты суправаджаў яе на тыя кветкавыя святы — адна маці не любіла нікуды хадзіць. Цяпер, пасля той ночы ў шпіталі, для яго набыла асобы сэнс кожная ўсмешка маці, кожны яе клопат, кожнае захапленне... А Тамара, не тэарэтызуючы дарэмна, лекавала маці тымі спосабамі, пра якія ён прачытаў пазней: гэта былі i тэрапія фларыстыкай, i тэрапія хараством, i арттэрапіяй - тэрапіяй мастацтвам. Яны хадзілі ў тэатры, на мастацкія выставы... Лекарка ніколі не прапанавала маці кінуць працу. Кагнітыўная тэрапія? Звяртанне да розуму — як да універсальнага лекавага сродку?
З цягам часу Валянтовічы пазнаёміліся з усёй сям’ёй Тамары. A калі ўзяў шлюб Андрэй, Тамара была ўжо сваім чалавекам — больш, як сваячка.
... Праўда, на пятнаццаць год, як у Святой Кнізе, не давялося падоўжыць жыццё маці... Аднак дзесяць год былі... Было i апошняе — цяжкое — лета... Кіслародныя падушкі, чарадзеі з тромбаэмбаліцыйных брыгад: былі там лекары ад Бога... Але ў апошні раз у шпіталь маці завезла нейкая жвавая цётка-весялуха. Ён не ведаў — добра гэта ці не: такая вясёлая доктарка ў такіх невясёлых абставінах...
Не змагла ўжо нічога зрабіць i Тамара... У той пахмурны дзень, калі зноў дзьмуў аквілон. I Андрэй з бацькам не хацелі верыць пачутаму: а палове першай ночы...
A калі маці праводзілі ў апошні шлях, усталявалася вераснёўская злагада: сонца, але не спякотна, прахалода, ажно не холад... Народу было — не пералічыць...
А потым - колькі разоў яны разам з Тамарай ездзілі да белага мармуровага помніка i да бярозы, якую пасадзіў над матчыным помнікам муж Тамары... Сама Тамара сталася для Андрэя нібыта часткай маці, светлым напамінам пра яе. Потым яны пачалі ездзіць на тыя ж могілкі да бацькі Андрэя, да мужа Тамары... Засталася — нейкая повязь, сувязь, што мела пад сабою рэальнае апірышча i нешта іррэальнае, невытлумачальнае, патаемнае... Роднаснае, але не крэўнае, духоўнае, выснаванае на тых матывах, што бяруць пачатак у жыццёвых вытоках... „...стаў чалавек душою жывою...” Душою блізкаю... Душою, што чуе i адчувае тваё гора i тваю радасць...
Калі ўжо даросламу сыну Андрэя трэба было ехаць на конкурс, не знайшлося спонсара. На той момант у самога Валянтовіча не было грошай — хоць памры. I не было магчымасці зарабіць, хаця, як пісаў паэт яго маладосці, былі «как будто руки-ноги, и даже вроде голова”. I рабіць Валянтовіч умеў. Аднак грашовага эквіваленту ні тыя здольнасці, ні тыя канкрэтныя высілкі не мелі. Жыццёвыя зюйд-весты хадзілі недзе ў іншых шыротах. I Тамара — зноў Тамара — пазычыла грошы. Пазычыла ў тую пару, калі ўжо ніхто нікому не пазычаў, калі існавалі легальныя i нелегальныя ліхвяры, што давалі пазыку пад працэнты.
...На тым конкурсе сын не быў лаўрэатам, гэта адбылося пазней. Аднак i сын, i бацька ведалі — яны скарысталі шанц... Дзякуючы Тамары...
З часу ix знаёмства столькі ўсяго перамясілася ў ступе часу... З’яўляліся i гаслі надзеі... I зноў з’яўляліся... Андрэй паспеў ужо напісаць сваім даўнім сябрам у Балтыю, што цяпер у яго краіне, як ва ўсіх людзей, ён складае справаздачы на сваёй мове... А потым, калі тое зноў сталася немагчыма, проста змоўк... Збудавалі новы аэрапорт — але мала хто карыстаўся ім: аграмадны, пусты, ён нагадваў дэкарацыі для якога трылера... Андрэй уведаў i здрады, i страты, i набыткі... І не ведаў — ці зможа калі аддзячыць Тамары... Ці здарыцца выпадак для такога ўчынку... Аднак, калі давялося прачытаць знакамітую клятву эскулапаў, ён быў упэўнены — Тамара мела асобае права на тое, чым заканчваецца запавет: „Мне, што непарушна выконвае клятву, хай будзе дадзена шчасце ў жыцці i ў мастацтве i слава ва ўсіх людзей навекі вечныя...”
I ўсё часцей Андрэю ў галаву прыходзіла думка, можа, Провід не выпадкова наладжвае так павароты лёсу? У сонечную рэальнасць дня жыцця — хіба што з лёгкімі воблакамі — ўрываецца віхура. Выпрабоўвае на трываласць. Вызначае — хто ёсць хто. I пацвярджае старадаўнія высновы : „Вернаму сябру няма цаны”, таму што „ён любіць у любы час...” I ёсць „справа веры, справа любові”...
A старадаўні вясёлы скепсіс Валянтовіча, водсветы i рэшты маладосці, з яе спрэчкамі, смехам, з яе бажышчамі i думкамі, з яе гідальга i чароўнымі дамамі, яе пакутамі, сапраўднымі i наўмыснымі, са святамі i будзёншчынай — усё гэта нібыта засталося і, падобна, трансфармавалася ў жыццёвым рытме чалавецтва, у чары i фантазіях свету — пад сонцам i пад яго рамантычным супернікам... У няпэўнасці зямнога існавання, зрушанага homo sapiens i homo technicus у сваіх адвечных высновах, у гульні з сіламі, перад якімі гэтыя homo — ніхто i нішто, у глабальных абставінах, калі кінутыя выклік часу i прасторы, ён усё больш пэўніўся — як многа закладзена ў нас саміх i як важна ісці сцяжынай, што працярэбленая Тым, хто ведае начатак i канец. I як неаспрэчна важна, хто прымае разам з табой удзел у кнізе жыцця.