Выбрать главу

Нават калі з табою былі не заўсёды тыя людзі, i ты чытаў i чытаў не тыя старонкі — i ствараў не тыя старонкі... А можа, увогуле была не тая кніга... А ты ўрэшце спыніўся на нейкай старонцы i бясконца слізгаеш вокам па літарах... А то дык i зусім не бачыш i не разумееш тэксту... i на той старонцы жыцця гуляе суровы вецер аквілон — нават калі „много дней дует знойный сирокко”.

Аднак ты гартаеш у кнізе памяці i іншыя сгаронкі... Дзе... Дабро... Святло... Сапраўдныя сябры... I жыццё доўжыцца гэтым...

ЗДЫМАК

Ён гаварыў пра Бога. У інтанацыях маналогу-споведзі. Хаця сам не верыў ні ў Бога, ні ў д’ябла, a толькі ў свой шчаслівы шанц. Скарыстаць гэты шанц ён умеў — здабыўшы, выцарапаўшы з горла.

Ён быў пестуном выпадку. І тыя выпадкі прыспешваў, прыстасоўваў, выкарыстоўваў. Абставіны — таксама. Гістарычныя, арганізацыйныя, побытавыя. Ён меў амаль усе званні i ўзнагароды, якія мог мець мастак у яго краіне. Персанальныя выставы былі для яго з’явай звычайнай. Ва ўсе часы. Ён умеў, не выдаючы артадоксам, балансаваць паміж уладай i калегамі, крытыкамі i пакупнікамі, чыноўнікамі i выкшталцонымі наведвальнікамі майстэрняў i прэзэнтацый. Ён умеў падабацца i так званаму масаваму гледачу. Любіў выступленні, сустрэчы, інтэрв’ю.

Знешне ён таксама трымаў сябе паміж тыповым багемным персанажам i афіцыйнай асобай. Не пінжак, a камізэля, аднак не з якога аксаміту або вельвету, a з мяккай воўны добрага гатунку. Кашуля-апаш i аднакалёрная хустачка на шыі.

У гэтай невялікай студыі ён апынуўся не ўпершыню. Любіў яе — ніякіх навацый, утульныя фатэлі, паліцы — ці то з кнігамі, ці то з імітацыямі ix. У маніторы яны добра глядзеліся - ён i жанчына, што брала ў яго інтэрв’ю. „Трэба будзе нейкае „дзейства” з ёю вызначыць у фільме, што збіраюцца рабіць пра мяне”, — падумаў ён, слухаючы чарговае пытанне жанчыны. Прыгажуня... Шэрыя халаднаватыя вочы, тонкая талія, выдатная пастава! Якая натура была б! Але гаварыў ён тымчасам пра Мікельанджэла, Рафаэля, Лазара Богшу, пра сваё падарожжа ў Іерусалім, пра сваё разуменне Пісання (чытаў некалькі дзён кніжкі, якія падрыхтавала яму жонка - лепшай сакратаркі не знойдзеш!)

— Дзякуй Вам за змястоўную гаворку! — пачуў ён. Ён падняўся з фатэлю i карцінна нахіліў галаву. Ведаў, што гэты рух адпрацаваны ім бездакорна.

— Выбачайце, мне здаецца, наша супрацоўніцтва павінна мець працяг, — ён крануў журналістку за лакаток.

— З задавальненнем, — не зусім у лад адказала жанчына. — Дарэчы, я знайшла ў нас у архіве некалькі здымкаў, якіх, магчыма, няма ў вас. Зірніце.

— Гляну, — весела адказаў ён, не адрываючы вачэй ад выразна падкрэсленай вопраткай постаці жанчыны.

... У рабочым пакоі інтэрв’юеркі нікога не было, i ён, гледзячы жанчыне ў вочы, спакойна давёў: — Распачынаюць здымаць фільм... Біяграфічны... Пра маю сціплую персону... Будуць здымкі ў Італіі, там я некалі стажыраваўся... I там цяпер жыве мой даўні сябар...

— О-о-о! — з цікавасцю паглядзела на мастака жанчына. — Але — вось здымкі.

Яна адчыніла шуфляду стала i дастала некалькі здымкаў у канверце, потым пачала яшчэ нешта шукаць у шуфлядзе. З яе рук выпаў канверт i з яго паляцеў на падлогу фотаздымак дзяўчыны ў жакейскім убранні. Яна трымала за аброць прыгожага каня. Твар — з выклікам i хітрынкай, а конь ганарліва косіць вокам.

Ён пазнаў дзяўчыну. Не ведаў, што яна захаплялася конным спортам. Затое памятаў, што яна была некалі знакамітая. Яе раманс „Вясновы чар” ледзь не кожнага дня выконвалі па радыё, спявалі па ўсёй краіне, песні на яе словы лічылі за гонар пакласці на музыку кампазітары, выходзілі кніжкі яе вершаў. Яе паэзіі — хутчэй так...

Ён загарэўся быў рабіць яе партрэт. Паводле ўласнай ахвоты. Але яна прыходзіла пазіраваць, не выказваючы аніякай зацікаўленасці, пазней некўды з’ехала, потым у яго з’явіліся важныя заказы, трапілася цікавая творчая вандроўка на Поўнач. Партрэт так i застаўся няскончаны.

Паэтэса, здаецца, не стала горш пісаць, але былой славы ўжо не было. Не надарылася ў яе i прэмій, ганаровых званняў. Характар быў ганарлівы, язык — што нож востры. I неяк, пару год таму, яна нечакана патэлефанавала яму. Ён стаўся на чале аднаго, толькі што арганізаванага фонда. I фонд часам размяркоўваў гранты творчым асобам. Яна прасіла паспрыяць... Трэба было хоць крыху ведаць яе, каб уявіць, што гэта для яе — прасіць... I ён паабяцаў. I не выканаў просьбу. Спатрэбіўся грант сыну ўплывовага чалавека, грошы — даўняй пасіі, яшчэ нешта некаму... Адным словам, паэтэса выпала з-пад яго ўвагі. Больш яна не тэлефанавала... — А, гэта не адтуль, — нібыта папрасіла прабачэння тая, што сядзела побач з мастаком.