Выбрать главу

— А адкуль, дарэчы?

— Ведаеце, — неяк без ахвоты начала журналістка, — я рабіла шэраг інтэрв’ю: хіты даўніх год, бестсэлеры даўняга часу, самыя касавыя фільмы...

— Наўрад ці яе рамансы — хіты...— пачаў было ён. — Ну, не ў тым справа, — заспяшалася жанчына, — потым яна прыйшла са сваёй новай кнігай i гэтым здымкам...

— Удалы здымак... — Магчыма, — жанчына пачала вымаць з пульхнага канверта здымкі, — а вось тое, што павінна Вас цікавіць.

Ён перабіраў адбіткі:

— А што тая серыя перадач?

— Хутчэй за ўсё адыдзе ў небыт разам з яе героямі, — паспешліва адказала жанчына, — няма сродкаў.

— Та-а-к... — працягнуў ён: i нельга было зразумець — шкадуе ён пра тое ці не.

Ён зноў уважліва паглядзеў на жанчыну:

— Вялікі дзякуй. Я магу ўзяць — зрабіць копіі?

— Яны ўжо ў Вашым канверце.

— Дзякуй за ўвагу, — ён шматзначна паглядзеў жанчыне ў вочы.

— Стамілася, — неяк утульна, зусім па-хатняму пацягнулася яго інтэрв’юерка.

— Я закажу таксоўку.

— Не трэба. Мая хата побач.

— Ну, то ў нас будзе невялікі шпацыр? Перад вялікімі вандроўкамі?

— Не варта загадваць, — халаднавата адпрэчыла жанчына. — Пайду вазьму яшчэ адзін канверт.

Калі яна выйшла, мастак зноў пачаў перабіраць фотаздымкі — здымкаў жанчыны з конем было два. Адзін з ix ён паклаў у стос сваіх адбіткаў.

Жанчына прынесла некалькі прыгожых, вялікіх глянцавітых канвертаў. Паклала канверт са здымкамі ў адзін з ix. Мастак паспрабаваў засунуць канверты за штрыфель паліто, але журналістка занепакоілася:

— Давайце мне ў сумку.

На вуліцы падаў лёгкі, пушысты снег. Яны перакідваліся фразамі, што не мелі значэння i раставалі ў паветры, як тыя сняжынкі.

Жанчына спынілася каля дома, у якім на першым паверсе прыветна свяціў вокнамі гастраном.

— Вось я i прыйшла, — жанчына падала яму канверт, i з яго выпаў фотаздымак паэтэсы.

— Даруйце, не ўгледзела, — голас жанчыны набыў жорсткія ноткі.

Яна падняла здымак i кінула яго каля сметніцы.

... Мастак доўга развітваўся з інтэрв’юеркай, потым вярнуўся, каб падабраць здымак, але яго ўжо не было. Знік.

Мастак пайшоў на тралейбус. Ён не ўмеў i не хацеў вучыцца вадзіць машыну або заводзіць шафёра. З яго пасмейваліся, аднак ён упарта ціснуўся ў грамадскі транспарт i выкідаў грошы на таксоўкі. Не даходзячы да прыпынку, ён ускінуў руку перад таксоўкай i праз некалькі хвілін быў дома.

A ў сне бачыў паэтэсу на тым самым прыгожым кані, што на здымку. Яна была маладая, весела смяялася i гарцавала-гарэзавала на тым кані, скакала па кругу, а ён стаяў i ніяк не мог выйсці з таго кола.

... Ён рыхтаваўся ехаць у Італію, бегаў з паперкамі, каб выправіць візу, нешта збіраў, некуды званіў, добра забыўся пра тое інтэрв’ю, а тым больш пра той фотаздымак. І неяк, ускочыўшы ў маршрутку побач з кіроўцам, проста ўпёрся вачмі ў фотаздымак: дзяўчына ў жакейскім уборы глядзела проста ў вочы мастаку, а прыгожы конь касіў на яго незадаволеным позіркам.

—- Адкуль гэта ў Вас? — спытаў ён шафёра.

— А што? Падабаецца?

Мастак заўважыў плямы на здымку. Не інакш, падабраў тады вечарам.

— Ну, — начаў было мастак.

— I мне падабаецца, — засмяяўся кіроўца. — Дзе Вам выходзіць?

Мастак выйшаў непадалёк ад свайго дома. Зайшоўшы ў хату, ён узяў з паліцы тэлефонны даведнік i набраў нумар.

Ніхто не адказваў. Ён падышоў да кампутара. Нумар тэлефона змяніўся. Ён зноў націснуў на кнопкі.

— А хто гэта? — на яго пытанне адказаў пытаннем малады жаночы голас.

— Даўні...— ён запнуўся: знаёмы? На тым канцы провада яму паспешліва адказалі:

— Яна памерла два гады таму, — i павесілі трубку.

... Яна была маладзейшая за яго гадоў на пятнаццаць, калі не на ўсе дваццаць...

Ён паглядзеў у люстэрка — на свой светлы, маладжавы твар. Узяў нататнік:

— Спадзяюся, Вы памятаеце пра нашу дамову? Праз два месяцы пачынаюцца здымкі ў Італіі... Я спадзяюся на Ваш у дзел...

Часоп. „Дзеяслоў”, 2005, № 1.

MAЭСTPA ЛIСТАПАД

Абразок кірмашовага часу

Як вы лічыце — дзе ў нашым будынку самыя адукаваныя людзі?

A офісаў у нас — відзьма-невідзьма. Ну, там больш вонкавы прыкід — шціблеты, хоць глядзіся ў ix, фрызуры модныя, у каго валасы на галаве ёсць, гарнітурчыкі — ну, можа, не ад Версачы, але i не з кітайскага шырпатрэба. Ну. там — аксэсуары: барсэтачкі, партманэ.... Гальштукі... Кабеткі імкнуцца пабольш распрануцца — топікі, шорты, міні... Я чалавек прасунуты, але часам мне ix шчыра шкада — холад, слота, а яны са скуры лезуць, каб загар прадэманстраваць паўднёвы. Ну, але ж гэта ўсё пустое. Часам што начальнік, што адначаленыя — „хоць круць-верць, хоць верць-круць”, a ні ў плот, ні ў азярод, ні ў добрыя людзі.