Выбрать главу

Так што ў нас самы высокі адукацыйны цэнз. Два кандыдаты навук — як высветлілася, яшчэ i эканаміст. Толькі я пакуль не маю дыплома.. Атрымаю. Спадзяюся, недзе буду рабіць. Да пенсіі мне яшчэ так далека, што i мысліць пра тое няма ахвоты. Але часам крадзецца думка — а што станецца, калі я перасягну тую малацікавую ўзроставую рысу? Сёння для мяне мая „пасада” — так, заробак у сямейны бюджэт. Несур'ёзна падрабляю. Магу i яшчэ недзе ўладкавацца. A цікава — яны? У рэкламах працадаўцы найбольш указваюць — да 45 гадоў. А то i менш.

У офісах нашага будынка — таксама... Аднак самыя адукаваныя людзі — ў капцёрцы. Не даеце веры?

INTE, DOMINE, SPERAVI!..

„Шлях Твой у мора, i сцежка Твая ў водах вялікіх...”

Словы гэтыя ўзніклі ў памяці Яўгена нечакана, раптам. Яны не гучалі, не выяўляліся знакамі пісьма — яны прасякалі свядомасць.

Пазней Яўген успрымаў гэты момант як перасцярогу, напамін. Згадку. Хаця самі словы не мелі ў сабе трагічнага сэнсу.

Тады ж ён знайшоў псальмы з гэтымі словамі, прачытаў яшчэ некалькі псальмаў — i адклаў кнігу. Апошнім часам, куды б ён ні выпраўляўся, браў з сабой гэтае бабчына Берлінскае малафарматнае выданне Бібліі ў скураной вокладцы, які-небудзь томік паэзіі ды яшчэ якую кніжку-навінку або часопіс.

Шлях Яўгена быў сапраўды да мора, але — „воды вялікія”... Не, гэтае ўрачыстае высокае наканаванне не стасавалася ні з яго легкадумным настроем, ні з мэтаю вандроўкі. Адпачынак! Вольныя дні... Пляж... Мора... Горы...

Яўген любіў выпраўляцца ў адпачынак на цягніку, а вяртацца — самалётам. Амаль двое сутак у купэ вагона — адаспацца, адысці ад мітусні будзённых дзён, а на поўдні адразу ўвайсці ў рытм амаль што іншага існавання, забыўшыся на месяц пра справы, клопат, мітусню.

Душа захацела марскога прастору...

Да мора!

Лета прайшло, а другое не скора...

Да мора!

Як быццам там іншыя шчасде i гора

Да мора!

„Як быццам там іншыя шчасце i гора...”

Цяпер для Яўгена відавочна здавалася рэальным толькі шчасце-праект яго, Яўгена Тарыча, перамог у конкурсе. І універсітэцкі комплекс, паводле ягонай задумы, увесну пачнуць будаваць. Пасля зацвярджэння рахункаў i ўжывання канкрэтных будматэрыялаў.

А цяпер усё прэч! Да мора! Да мора! Да мора!

Яўтену здавалася, што нават зоркі, якія ён бачыць з прыапушчанага вакна вагона, з таго россыпу ў небе, які на яго радзіме завецца птушыным шляхам, усміхаюцца яму, не проста мігцяць, a падмігваюць, як асобе даверанай, ласкава i пa-свойску. Вецер таксама прыветна лашчыў, свежа абвяваў, даваў адчуць хуткасць руху цягніка — Яўген ледзь не паўночы прастояў у калідоры, высунуўшы галаву ў вакно. У купэ з ім ехала маладая пара — яны былі цалкам занятыя сабой. I дэмабілізаваны з войска хлопец — той амаль увесь час спаў.

Яўген частаваў ix вішнямі — прыдбаў на нейкай станцыі.

Селішча, у якое Яўген прыехаў адпачываць, яму некалі адкрыла яго маці. Некалькі вуліц, некалькі пансіянатаў уздоўж мора, былы дом паэта, якога Яўген любіў. Першым разам яны прыехалі сюды ў чэрвені — на палях цвілі макі, у пасёлку тамарыск, турысты-дзікуны яшчэ не прызвычаіліся атайбоўвацца тут. Цяпер людзей было поўна. Пік сезона, ліпень. Селішча было падобнае на мурашнік, a ў некалі зусім пустынных затоках стаялі, адзін пры адным, намёты i на ix красаваліся лозунгі, надпісы, накшталт: „Мой дом — твой дом: заходзь!”

Пакойчык у мансардзе ён замовіў загадзя — неадноечы прыпыняўся тут. З харчаваннем сталася горш: чэргі цалюткі дзень. Яўген не хацеў псаваць адпачынак у натоўпах каля кавярняў-ядальняў. Дамовіўся ca скарбнікам-крамнікам у адным з пансіянатаў, накупіў з яго дапамогай кансерваў i кіўбас (у крамах з гэтым былі праблемы).