Выбрать главу

Зранку Яўген выпраўляўся ў горы: Крымскія горы — не Каўказ, можна шпацыраваць аднаму. A часцей — ён прыходзіў да мора. Раненька... Калі сонца ласкавае, ціхае. А мора свежае, прахалоднае.

Яўген не проста адчуваў гэтыя раніцы, холад прыбярэжнага жвіру, гаючае даткненне марской хвалі, яшчэ не пякучае, пяшчотнае адчуванне сонечных промняў. Ён усведамляў усё гэта, не проста жыў — перажываў жыццё, яму быў дарагі гэты працэс: усведамлення промняў, хваляў, каменьчыкаў жвіру. Для яго мелі значэнне не толькі самі па сабе рэчы, з’явы, але i канцэпцыі рэчаў, з’яў.

Яўген вітаўся з некалькімі сімпатычнымі дзяўчынамі, перасмейваўся — перамаўляўся словам, але прызначаць ім спатканні, шукаць сустрэч ён не хацеў. Ён ужо меў на сваім рахунку курортныя знаёмствы — потым яны пакідалі адчуванне незадаволенасці сабою i іншымі, адчуванне віны... Не таму, што ён злоўжываў чыім даверам, а таму, што дзяўчаты відавочна чакалі працягу знаёмства. Да таго ж цяпер у горадзе была адна асоба... Яна то пакуль што не ведала пра сур'ёзнасць яго інтарэсу. А можа, i здагадвалася. У кожным выпадку, Яўген лічыў, што ўсё наперадзе. I логіка, i алагічнасць пачуццяў. Пакуль што, на гэтай дыстанцыі жыццёвага маршруту, яму падабалася мілая гульня — выпадковых i не зусім выпадковых сустрэч. I безумоўна, спеўна-танцавапьная стыхія на ўзбярэжжы. Hi вечарынамі, ні танцамі тое дзейства назваць было нельга. Проста на асфальтаваную вуліцу, дзе з аднаго боку былі пляжы i мора, з другога — будынкі пансіянатаў i парк, на вечаровы шпацыр выходзіла моладзь. Гучалі гітары, спявалі — сола i гуртам. Найбольш песенькі сучасных бардаў i менестрэляў, саюзна-тутэйшых i замежных. Танчылі пад тыя ж гітары i транзістары гуртам i кожны сам па сабе.

На нейкія хвіліны Яўгену здавалася, што ён зноў студэнт i вакол яго студэнцкі асяродак незнаемых хлопцаў i дзяўчат. „Qaudeamus igitur, juvenes dum sumus!” 32

Ад асабістага студэнцтва Яўген адышоўся на дзесятак год ды i з гакам. Аднак маладосць яшчэ відавочна не пакінула яго: ён кожным мускулам адчуваў сваю фізічную моц, сваю сувязь з чараўніцай Натурай. I не менш выразна вызнаваў падрыхтаванасць свежага i сталага розуму: ствараць, успрымаць, знаходзіць.

Ішлі дні адпачынку... Яўген зноў i зноў кідаўся ў прахалоду ранішняга мора, потым да знямогі пёкся на сонцы. Надвячоркам ішоў згуляць у пінгпонг. Да корта вялікага тэнісу турыстам вольным было цяжка дабрацца: усё па гадзінах распісвалася ўладальнікамі пуцёвак. Яўген не перажываў. Яму хапала i настольнай гульні. Падабаліся спакойныя, нібы прычэкваючыя ўдары шарыка, i рэзкія, з падкручанымі падачамі, i вызначальныя, жорсткія хлапкі-ўдары. Любіў ён у гульні i гэтае: адначасовы напал эмоцый i халодны кантроль, разлік — знайсці слабыя мясціны суперніка, вызначыць тактыку i стратэгію гульні.

Яўген адчуваў сябе на жыццёвай дыстанцыі ўпэўнена, цвёрда i — светла. З нейкай пары ён, праўда, бачыў нейкія недарэчныя сны: то ён блукае па лабірынце, то не можа знайсці выхаду з гатэлю, то ідзе па бясконцай лесвіцы, то апынаецца ў замкнёнай прасторы, адкуль няма выхаду. Прачынаючыся, Яўген адразу гнаў ад сябе гэтыя відзежы: дурны сон — гэта толькі дурны сон .

... Той раніцай ён, як кожны дзень адпачынку, выйшаў з дому рана, прайшоў паркам i адразу кінуўся ў ваду. Плыў да сонца. І раптам яго наскрозь працяў боль. Яўген рыўкамі хутка дабраўся да берага i лёг на яшчэ не прагрэты сонцам жвір. Потым ён доўга ляжаў, толькі аполудні пайшоў з пляжа. Адстояў чаргу ў кавярні. „Падобна, трэба мяняць расклад”, — мільганула ў галаве думка.

... Назаўтра, роўненька ў тую ж гадзіну, боль прыйшоў ізноў. I пачаў вяртацца кожнага дня. Пунктуальна i дакучліва.

Яўген паехаў у Сімферопаль набыць білет на самалёт. Там, у селішчы, дзе ён атабарыўся, у касы было не дастояцца. “Купляю білет у любым накірунку”, — i такі тэкст можна было прачытаць сярод розных аб’яў каля касы. У Сімферопалі за адным скрыпам Яўген купіў абязбольваючае i адчуў сябе лацвей.

Увогуле Яўген належаў да тых шчаслівых людзей, што ніколі не хварэюць. Хіба што лёгкая прастуда. Ды i то было ў дзяцінстве. Прыходзіла ix участковая лекарка, весела гаварыла: „Лячыся — тыдзень, не лячыся — сем дзён”, выпісвала рэцэпты, а потым выпраўляла яго на рэнтген. Звычайна ніякіх ускладненняў пасля хваробы не было. I гэтыя болі Яўген, аптыміст паводле натуры i жыццёвых абставін, успрыняў як нейкі выпадковы збой. Пабаліць — i адступіцца. Прыедзе дадому, паходзіць у дыетычную сталоўку — i ўсё мінецца.

Звычная будова быцця не парушылася, лічыў Яўген, недарэчнасць, выпадковасць, здарэнне. Крыху цярпення — i ўсё наладзіцца. Усё будзе надзейна, шчасна, справядліва.