Да таго ж, мабыць, больш за кіно Дана любіла кнігі.
Луіза Генрыхаўна таксама любіла чытаць. Да раманаў ахвоты не мела. Затое была ў яе незвычайная цікавасць да кніг пра падарожжы i мемуары. Незацярушаная памяць Даны трымала ўсе прозвішчы i геаграфічныя назвы да вялікага захаплення Луізы Генрыхаўны. Тая неаспрэчна ўсім абвяшчала: „Хадзячая энцыклапедыя”. На ix кухні гэта гучала куды больш прывабна за Нінчына: „Рукі як граблі”. I Дана была ўдзячная Луізе Генрыхаўне за падтрыманае саліднай асобай яе рэнамэ.
Зорны час Луізы Генрыхаўны надыходзіў, калі набліжаліся святы i — асабліва дні нараджэння. Ну, перад святамі ўсё ў непараўнана значных масштабах штогодна паўтарала дом каморніка ў Вілейцы. Толькі тут былі нейкія кілбаскі па-венску, струдзелі, бужаніна. Час быў ужо больш багаты. І маці рабіла горы хрустоў, булкі, булачкі, пірагі, рулеты, гуся з яблыкамі, парасят з грэчневай кашай. Абавязковымі былі паляндвіцы i кумпякі ад Буячыхі i Ківачыхі — лепш за ix у горадзе не вэндзіў ніхто. У святочны дзень збіраліся ў вялікім пакоі Азарэвічаў. На Каляды аб'ядноўваў Новы Год. Увесну — Першае Мая. Святкавалі i Кастрычнік. I Май. Таксама ca смакам.
Ну, a дні нараджэння i дні Анёла былі ў хаце падзеяй. Луіза Генрыхаўна падымала ўсіх на золку. Як прачнецца герой дня, кветкі павінны быць у вазах, падарункі раскладзены, вокны расчынены, — i ўсе павінны выструніцца каля дзвярэй, Hiбыта прычэкваючы выхаду каранаванай асобы. Асабліва ўрачыстым, святочным выдаваў дзень нараджэння маці. Toe здаралася на пачатку чэрвеня, i хата літаральна патанала ў кветках. Чаромха, бэз, півоніі: бела-ружовыя, ярка-ружовыя — „каменкі”. Кветкі ў ix хаце былі не толькі данінай звычаю — яны панавалі, задавалі тон жыццю, былі сімвалам — красы, прыязнасці. Мабыць, знакам мастацтва. Музеяў у ix горадзе не было, не было i карцін, калі не лічыць аматарскіх спроб доктара Мазурка, што жыў пад імі на першым паверсе. На яго кабінеце ў клініцы вісела назва „вуха-горла-нос”, усе паважна гаварылі пра яго: ларынголаг. Ён быў добрым спецыялістам, а да таго яшчэ мастаком i паляўнічым. Маляваў ён пейзажы i нацюрморты, кветкі ў вазах. Луіза Генрыхаўна i Данчына маці аддавалі перавагу кветкам жывым, а на зіму ставілі букеты з аўсяных сцяблоў i белых, празрыстых, як матылькі, лунарый. Вазы — гэта таксама быў не проста посуд для кветак, a нібыта ўздых па былым сеўрскім, гесэнскім фарфоры. Побач, у Бярозаўцы, быў шклозавод. I кватэра — i ў пакоях Азарэвічаў, і ў пакоі Луізы Генрыхаўны — была поўная вялікіх, меншых, малюпасенечкіх крышталёвых ваз. Для півоняў i гладыёлусаў, для хрызантэмаў i астраў, для канваліяў i пралескаў. Праўда, у Вольгі Станіславаўны была яшчэ ваза, у якую мелі гонар трапляць толькі бэз i чаромха, ну, i самыя высозныя півоніі i гладыёлусы. Ваза было аграмадная (туды месцілася вядро вады), з вузкаватым горлам. А на яе высокіх баках блакітам выдавала возера з прыгожа-карычневымі чаратамі, сярод якіх паважна шпацыравалі буслы.
Ваза стаяла на цяжкім дубовым стале i дадавала старасвецкай важкасці знойдзеным дзедавым дабротам. A Луіза Генрыхаўна ставілася да вазы i да мэблі Азарэвічаў з павагай старога антыквара, што знайшоў нечуваны рарытэт. Луза Генрыхаўна любіла рэчы трывалыя, самавітыя i надзейныя. Асабліва любіла дубовую шафу з бляшанай чорнай этыкеткай. Шафа была перакупленая ў маёра, што з'ехаў у Пухавічы, i надавала праўдзівасці легендзе пра астатнюю мэблю — хаця, на погляд Даны, сапраўдная гісторыя была куды цікавейшая. Але пра тое маці загадала аніколі ні словам не азвацца. Дана была паслухмяная дачка — a маці пэўна ведала: рамантычныя гісторыі не маюць вялікай пашаны ў тых людзей, што вызначалі i вызначаюць лёс многіх. Луіза ж Генрыхаўна нейкім генным чуццём, мабыць, адчувала сапраўднуто „нямецкасць” шафы i дабрала да яе сімпатыі.
Як i Вольга Станіславаўна, Луіза Геныхаўна любіла чысціню. I стромая лесвічка ў два пралёты з пераходам была, як i падлога ў хаце, заўсёды мала што вышараваная да яйкавай жаўцізны, але i засланая чысцюткімі ходнікамі, зробленымі нейкай вясковай майстрыхай з матузкоў розных тканін — яны былі светленькія, стракатыя, яркія.
Пазней, жывучы ў гарадскіх менскіх кватэрах з запляванымі лесвіцамі — чым далей да канца стагоддзя, тым больш, — Дана заўсёды згадвала ясную, як з просценькай казачкі, лесвічку: „У нейкім царстве, у нейкім гасударстве жылі-былі...”
Жылі-былі...