Выбрать главу

Да ўрача Яўген усё ж завітаў. Змучаны немалады мужчына падазрона глянуў на Яўгена — загарэлага, выспартаванага, румянага, выпісаў накіраванні на аналізы, а праз два тыдні рашуча прамовіў, гледзячы на цвік, на якім матлялася яго кепачка: „Не піць. Не курыць. Прытрымлівацца рэжыму”.

Яўген хацеў запярэчыць, што зроду не запаліў ніводнай цыгарэты: спорт не даваў. Што п’е толькі з якой нагоды, аднак кінуўшы вока на нясвежы твар эскулапа i такі ж нясвежы халат, моўчкі зачыніў дзверы кабінета. I паліклінікі. Яму здавалася — калі не назаўсёды, дык надоўга.

Рэжым... Рэжыму падчас працы, асабліва як рабіў праект універсітэцкага гарадка, сапраўды не было. Ды i ў студэнцтве таксама. Ночы — за кнігай, чарцяжамі, на вечарынах. Чорная кава. Яшчэ якое пітво... Ранкам — бегма. На працу. На лекцыі.

Яўген зрабіў расклад. Прытрымлівацца яго, аднак, не спяшаўся. Можа, таму, што памятаў позірк урача з паліклінікі, у якім Яўгену чыталася: „Малады сімулянт”.

... A болі пачалі вяртацца. Ураніцы. Як бы хто будзільнік завёў. А потым пачалі з'яўляцца i пасля абеду — гадзіны праз дзве.

Незадоўга перад Новым годам яго прыхапіла зусім добра. Кроў — горлам. Дактарыца на „хуткай” прыехала маладая, сімпатычная. А Яўген ці не ўпершыню ў жыцці не мог i не хацеў гаварыць.

З бальніцы ён пазваніў свайму начальніку, папрасіў нікому асабліва не дакладваць — дзе, што, як. Яўген не хацеў спачуванняў, перадач. Наведванні былі забароненыя — ў горадзе надарылася эпідэмія грыпу i шпіталь трымаў прынцып: ніякіх асабістых стасункаў. Каранцін.

...Пакой у шпіталі вялікі, на 12 ложкаў. Уздоўж сцен i пасярэдзіне пакоя. Яўгену пашанцавала: ложак быў каля сцяны i ля вакна. Калі Яўген ляжаў, відаць было неба i голая галіна дрэва. „Цвердзь вышыні”...

З сабою Яўген узяў Біблію, малітоўнік i томік Гегеля. Каб не раскісаць i не размягчаць мазгі лёгкім чытвом. Суседзі па палаце, паспытаўшы, ці нельга зірнуць, пасля некалькіх старонак вярталі не толькі класічнага філосафа, але i Святую кнігу. На шэсцьдзесят трэцім годзе афіцыйнага атэізму людзі былі мала падрыхтаваныя для такога чытання. На яго глядзелі нават не як на дзівака. Як на вар'ята. Але яму было ўсёроўна. Хай сабе.

Ён апынуўся сам-насам са сваім болем, адчуваннем агульнай нямогласці. Але гэта было не самае горшае. Самае горшае было ў вялікім, голым пакоі, бясколерна белым ад бруднавата-белых сцен i ад халоднага сонца, што залівала пакой сталёва-пакутным святлом праз шырокае, на ўсю сцяну, вакно. гэты варожа-няўтульны квадрат пакоя, з нейкімі металічнымі банкамі, з пабліскваннем інструментаў... Працэдуры-катаванні... Пасля маніпуляцый у гэтым пакоі Яўген ляжаў што мёртвы на ложку, абкладзены ільдом. Больш балюча за гэтыя працэдуры — яму ставілі дыягназ — былі толькі гадзіны пасля пяці аполудні. Маці ўзяла адпачынак i кожнага дня стаяла пад вокнамі: каранцін ёсць каранцін. Маленькая, неяк адразу пастарэлая... Казалі — тымчасам — за вокнамі трыццаць градусаў марозу...

Яўген адчуваў нібыта віну перад ёю. Вось ён, малады, павінны быць апірышчам, абаронцам, ажно стаіць тут, у блазанскім — ці арыштанцкім? — уборы: няўклюдны, бездапаможны, залежны... Як у турме... Амаль...

Дзень пры дні — што адзін бясконцы дзень. Дзень бездань. Праверка тэмпературы, уколы, абход, паход у „катавальню”, зноў уколы...

... Набліжаліся Каляды... Надыходзіў Новы год...

Нараджэнне Хрыстова ў яго атэістычна-хрысціянскай краіне не адзначалі: рабочыя дні. Аднак маці прынесла ў перадачы галінку елкі, свечку, свежаспечаны хатні пірог, які спажылі ўсе, акрамя Яўгена. Рэжым... Дыета... І Яўген ужо добра ведаў, што яго чакае, калі ён спакусіцца на матчын выраб. Яна гэтага не ведала... Ёй ён увогуле нічога не гаварыў i не пісаў. Жарты, агульныя словы...

Новы год быў чырвоным днём календара, ды яшчэ побач з выхадным. У шпіталі дзяжурылі медсестры i адзін урач ці не на ўвесь корпус..

...Заставалася некалькі гадзін да Новага года. Вынікі з той пагрозлівай установы ў Сасняках павінны былі прыйсці толькі 5-га студзеня. Анкалогія... Слова гэтае i ўсё, што было за ім, аддзяляла Яўгена не толькі ад большасці людзей, але i ад хворых. Як i яшчэ адно, безнадзейнае слова: жорсткі, што разак гільятыны, лацінізм — кан-цэр.

Хаця чаканне — ўсё ж надзея... Няпэўнасць — яшчэ не прысуд... Як там у эпікрызах пішуць? Добраякасная... Добрай якасці хвароба?

Два ці тры дні ўрачоў не будзе. Урачы... Эскулапы... Лекары... Врачеватели... A рrіоrі ён ставіўся да ix з павагай. Цяпер гэтая павага патроху не тое каб знікала, але давер відавочна змяняўся сумнівам. Асабліва пасля таго, як загадчыца аддзялення, што ставілася да Яўгена вельмі ўважліва — такі малады пацыент з нядобрымі сімптомамі. Неяк у гаворцы высветліла наяўнасць у яго пішучай машынкі — дэфіцыт, улады не падтрымлівалі магчымасці насельнікаў карыстацца друкуючай i множнай тэхнікай: мала што крамольнае накрэмзаюць... Дык вось гэтая доктарка папрасіла, каб ён надрукаваў яе артыкул для навуковага часопіса. Старонкі ён узяў адразу — спадзяваўся: доўга тут не затрымаецца. Зірнуўшы на тыя старонкі, ён ледзь не адразу займеў ахвоту бегчы са шпіталю. Загадчык аддзялення... I голыя лічбы... Няма ніякіх, нават самых просценькіх, параўнанняў, супастаўленняў, не кажучы пра сур’ёзны аналіз i высновы. Дзе тут тая навука? Ці не паводле такой навукі яго лечаць?