... Яўген сядзеў перад тэлевізарам — разам з нейкімі гаротнікамі з іншых палат. На экране дзёрзка фехтавалі мушкецёры, потым яны жвава, скакалі — i разам з імі нібыта скакала i песенька, што надоўга сталася шлягерам. „Пара-пара-парадуемся на сваім вяку...”
„Парадуемся...” Яўген глядзеў на экран, на панылыя сцены калідора, на сваю палату з шырока расчыненымі дзвярыма. На лісткі „навуковых” штудый лякаркі... Жытло ў ноч на Новы год... Хаця справа не ў даброце жытла... Ёсць жа недзе шыкоўныя хоспісы, але ён не ўпэўнены, што пацыенты — смяротнікі — адчуваюць там сябе лепш. A ўвогуле... Вынікі з Саснякоў яшчэ не прыйшлі... З ім — шаноўная пані Надзея...
Но ты учись вкушать иную сладость,
Глядясь в холодный и полярный круг.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
И к вздрагиваньям медленного хлада
Усталую ты душу приучи,
Чтоб было здесь ей ничего не надо,
Когда оттуда ринутся лучи.
Не, яго душа яшчэ не стамілася. I яму шмат чаго трэба зрабіць здесь. Даведацца. Прачытаць. Праслухаць. Пражыць. Перажыць. Трыццаць чатыры гады. Безумоўна, не так мала. Але i не так многа. Людзі да гэтай даты паспявалі пакінуць след для чалавецтва. Ён не геній. Аднак ведаў, што дар жыцця яму яшчэ трэба спраўдзіць.
„Улюбёнцы багоў паміраюць маладыя...” Сур’ёзная сентэнцыя... А мо, жарт камедыёграфа? Што ён там меў на ўвазе — гэты Плаўт? I колькі, дарэчы, ён пражыў сам?
Сёння Яўген думаў пра сябе нават крыху адстаронена. Як быццам гэта не ён, Яўген Тарыч, чакае тут свайго прысуду ў Новы год, а нехта іншы. I гэта нехта іншы, а не ён, зусім нядаўна быў злосны на ўвесь свет. За што? Чаму? Навошта? Чым ён правініўся? I гэта не яму, а таму раз'юшанаму чалавеку хацелася ўсё крушыць, рушыць, руйнаваць. З усімі лаяцца. Хаця знешне той чалавек паводзіў сябе прыстойна. Дзякаваў, маўчаў, трываў.
Сёння Яўген быў спакойны. Адстаронена спакойны. Ад лекаў? Ці гэта атрафія пачуццяў? А мо яму прыадчынілася вышэйшая мудрасць?
Яўген ляжаў на сваім ложку i глядзеў на неба ў вакне. У вогуле яму ўяўлялася: ёсць неба фізічнае — атмасфера, стратасфера... Галактыка, іншыя галактыкі... Там самалёты, верталёты, спадарожнікі... I ёсць нябёсы трансцэндэнтныя, мешканне Божае, тое, што нельга спасцігнуць розумам. Хаця, здаецца, калі ён не памыляецца, паводле Пісання, яны — адно, гэтыя нябёсы i неба, i ў бачным адчыняецца таямніца Бога... Таямніца...
Але ці адкрыецца яму таямніца? «Пабачыце неба адчыненым...” Ці гэта датычыць яго?
„Memento more”. — „Памятай пра смерць”,
А гэта хто? Марцыял? I браты-траппісты? Падобна, яны сустракалі адзін аднаго гэтым выслоўем.
Словы абступалі Яўгена з усіх бакоў. Такія ж неадступныя, як боль. Які прыцішваўся, а потым зноў узнікаў.
Смерць — пакаранне... Смерць — збавенне... Не, для яго пакуль пакаранне. Ён хоча жыць. Нават з гэтым болем.
... Дар Жыцця... Магутны Божы Дар... Як ён не заўважаў гэты дар, карыстаўся ім легка, не задумваючыся... Здавалася — ўсё наперадзе. Ці амаль усё. Паспее. Зробіць. Вызначыцца. Вось пад гэтым небам, што там, на волі, выглядае купалам, небасхілам, сутарэннем, скляпеннем нябесным, а тут выдае з вакна толькі часткаю цэлага, але якой жа звабнай часткай! Здаецца, менавіта гэты акраец неба можа сціснуцца. На тыя гады, на дзесяткі гадоў, на якія ён разлічваў... Акраец неба — люстэрка, у якім можа адбіцца пустата... Шагрэневая скура колеру блакіту! Што можа сціснуцца да кропкі... Таямніца таямніц... Нябёсы, што ўмеюць адчыніцца ў ззянні святла...
Калі б не гэтае дрэва без лістоты, колер сённяшняга неба мог быць аднолькава i летнім, i вясновым, i восеньскім... Аднак ад голага дрэва вее холадам i блакіт пачынае выдаваць шкляна-халодным. A сваё сённяшняе быццё, гледзячы на гэты звонна-халодна блакіт, Яўген пачынае адчуваць не як рэальнае існаванне, а як нейкае падабенства жыцця. Жыцця, сэнс якога ён не паспеў — ці не змог? - спасцігнуць, калі тое ўвогуле магчыма... Ён не паспеў яго i адчуць — у дастасаванні да свету вечных каштоўнасцяў... А да вечнасці можна прыйсці — праз вопыт, памылкі, жарсці, пасіянарны воныт... Праз пакуты... Тут ён чапляецца за слова. Усё ж, магчыма, Высокай Воляй ён вызначаны да гэтых пакут? I за імі — збавенне? I — дараванне? На гэтай зямлі... На створанай Усявышнім зямлі... I ёсць надзея, „поўная бессмяротнасцю”? I ёсць унутраны вопыт...