Выбрать главу

„Божа, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, але скажы толькі слова...” „Я не варты...”

Яўгену хацелася паслухаць музыку. Не шлягеры, не хіты. Шапэна, Баха, Моцарта... Калі ён пойдзе адсюль, дык абавязкова пойдзе ў маленькую краму кружэлак, што за цэнтральным гатэлем i купіць новыя пласцінкі. Ён любіў гэты куток. Можна было прагледзець спісы наяўных пласцінак, можна было проста паглядзець ix, паслухаць... На волі — вырашыў Яўген — ён абавязкова трапіць на бліжэйшы канцэрт. Ды проста паслухае тыя запісы, што ў яго ёсць.

A між іншым. Ён у сваім жыцці слухаў выдатных музыкантаў. Добрую музыку. Колькі момантаў засталося ў яго кантрапунктычным „гукабачанні” быцця! Які чароўны палон „арфічных” узрушэнняў ён перажыў! Ён яшчэ не кахаў — калі не лічыць таго даўняга захаплення адной красуняй з тэатральнага інстытута ды няўдалых раманаў, якія пакінулі ў ім адчуванне перасцярогі ў адносінах да чароўнай палавіны чалавецтва.

Ён бачыў прыгожыя мясціны — ў сваёй краіне, у Саюзе, у замежжы... Ён бачыў у арыгіналах вялікіх мастакоў. Перажыў захапленне імпрэсіяністамі, вялікімі італьянцамі, стрымана-гжэчнымі англічанамі, раскошай гішпанскіх фантазій i калёраў!

Не, ён дарма так енчыць. Калі яго праект усё ж спраўдзяць i ён набудзе рэальнасць, выяўленую ў камені, бетоне, зеляніне дрэў, дык нешта ад яго застанецца на гэтай грэшнай зямлі... i шкадаваць яго будуць, мабыць... Можа, i не такі ружова-малады, але ж, як кажуць, у росквіце сіл... Нехта пашкадуе. Нехта знойдзе ў ім прывабныя рысы... I праз пару месяцаў забудуць пра яго...

А што ж ён? Перад валадарствам сапраўднага? Па той бок часу i бачнасці? Перад вечнасцю i сусветнай прасторай? Ці перад вечным забыццём?

Думкі Яўгена блыталіся, ён выпіў снатворнага i прачнуўся ад таго, што ў палаце дзяжурная сястра запаліла святло.

...Раніца. Будзённы дзень. Тэрмометры, уколы, агляды, працэдуры...

Боль...

Анемічны, бруднавата-белы колер сценаў палаты. Новыя хворыя. Яны прыходзяць... Выпісваюцца... А ён усё застаецца... Хаця ў Саснякі, падобна, не трапіць. Значыць, надзея... Хаця ўрачы загадкава нешта не дагаворваюць. Можа, проста трымаюць таямніцу? Паводле клятвы Гіпакрата? Што там, дарэчы? Ён толькі чуў пра яе. Ніколі не бачыў таго тэкста.

I ўсё ж, вырашыў Яўген, будзем наіўна лічыць, што хвароба XX стагоддзя была блізкая, але не ў сваім праве. У праспекціках, раскіданых на століках хола, захворванні такога кшталту мелі пагрозліва-абнадзейваючы прэфікс перад-.

У шпіталі Яўгену ўсё абрыдла. Ён ужо нават не думаў пра сваю хваробу. Пра яе наступствы. Ён хацеў найперш выйсці за межы гэтай лякарні. Ён усё ж вольны чалавек. I лякарня — не турма.

Лепш яму не стала. Аднак яго выпісалі...

Воля...

Маці, у якой даўно скончыўся чарговы адпачынак, дастачыла да яго колькі дзён за свой кошт i сустракала сына ў яго аднапакаёўцы смачным абедам, да якога ён не дакрануўся. Маці моўчкі прыгатавала яму аўсянку i сказала, што праз тыдзень, мабыць, вернецца дамоў.

Яўген падхапіўся ехаць за білетам.

Гэта было дарэчы. Толькі цяпер Яўген адчуў, колькі часу ён не быў на звычайнай вуліцы, сярод звычайных людзей. Яўген хуценька купіў білет i прайшоў цэнтральным праспектам. Звычайныя людзі... Ён глядзеў на ix i амаль фізічна адчуваў мяжу, што аддзяляла яго ад ix. Яны былі здаровыя... Смяяліся... Складвалі планы на адпачынак... Нікому не было справы да яго...

Яўген дайшоў да парка. Пахла падталым снегам, адчувалася — хутка вясна. Сонца няярка свяціла, дрэвы выпроствалі галіны ў неба, вераб’і нясмелым шчэбетам нагадвалі, што ўжо незадаўга з'явяцца ix суродзічы з поўдня. I ўсё вакол было цалкам абыякавае да яго... „И равнодушная природа...” Усё будзе таксама, калі яго не будзе... Нічога не зменіцца...

І ўпершыню падумалася, што гэта добра. Яго не будзе на гэтай зямлі. A ўсё застанецца. Сонца, дрэвы, паркі, птушкі... Людзі... Хараство... „I пабачыў Бог, што гэта добра...”

Хораша.. Яўген удыхнуў на ўсе лёгкія паветра. Якая прыгажосць... Гэтыя паркі... Яўген любіў ix... Па-над ракой... Цяпер ён асабліва востра адчуваў гэтую красу...

„Пан Божа...” „Адкупіцель мой, вылечы ласкай Духа Святога раны i слабасць маёй душы, даруй мне мае грахі, умацуй мяне ў цярпеннях маіх, адвядзі ix ад мяне...” Яўген задумаўся: „... калі ёсць на гэта Твая воля”.