Амаль адразу пасля адпачынку Яўген, не аказваючыся дактарам, выправіўся на свой аб'ект. Яго задума відавочна матэрыялізавалася. Фундамент будынкаў існаваў. A Яўген выразна бачыў увесь ансамбль, як быццам той на самай справе быў скончаны. „Астральнае клішэ”? Ці проста звычайнае бачанне будаўніка i архітэктара?
Яўген працаваў i чытаў кнігі, якія яму дасылала разам з зёлкамі жанчына з таго прыбярэжнага горада. Рабіў напоі з зёлак. Думаў. Часам не ведаў, ці тыя думкі прыйшлі падчас малітвы, з якой ён звяртаўся да Пана, ці гэта ён прачытаў, ці думкі з’явіліся нібыта i безадносна, аднак i залежна ад малітоўна сцверджанага i прадуманага. Ён імкнуўся адарвацца ад болю.
Сённяшні дзень відавочна знітоўваўся з учарашнім i заўтрашнім. A мінулае вызнавалася, як час, што некалі быў будучым. I тое, што цяпер вымалёўвалася будучым, немінуча ператворыцца ў мінулае... I яго „я” - здаровае, легкадумнае „я” мінулага i ўзмоцненае вопытам пакут „я” сённяшняе i „я” заўтрашняе — гэта адзінае, бесперарыўнае „я”. I зямное жыццё адбываецца ў жыцці вечным. I ў тую вечнасць панясе ён з сабою памножаную пакуту сваю. Але тая пакута ці не памножыць збавенне?
I тое „я” — гэта не нейкая абстракцыя, не бесцялесная душа, aлe канкрэтная духоўна-ацелаўлёная асоба, што жыве праз смерць. І ён робіцца сапраўды вольным удзельнікам Божага творчага акту. А Бог стварае чалавека, якому наканавана станаўленне-паміранне i акмэ якога знаходзіцца недзе паміж храналагічнымі датамі жыцця i смерці?
I самааддача Богу магчымая толькі праз самааддачу бліжнім. Праз эмпірыку творчасці, у чым бы яна не выяўлялася. I праз прасвятленне пакутамі — бо той Яўген, што год назад ці крыху больш загараў на поўдні, i сённяшняя асоба звязаныя, але ўзмоцненыя вопытам пакут. Калі не зусім, дык у нечым пазбаўленыя эгаістычнага самасцвярджэння. Ці не перааеэнсоўваецца само яно, Яўгена Тарыча, быццё?
... Ён сустракаўся з прарабамі, будаўнікамі, вылічваў, пералічаў. Жыў. Існаваў. Звяртаўся думкай да Таго, з каго ўсё пачынаецца i ў кім усё завяршаецца. „И будет здесь ей ничего не надо, когда оттуда ринутся лучи...” Тут у яго яшчэ процьма нястворанага. Але ён пачынаў усведамляць, што гатовы прыняць лёс, які наканаваны яму Звыш. „Fiat voluntas Tua!” — „Будзь Воля Твая!”
Яму зноў стала лепш. Яўген не ведаў, што гэта: чарговая рэмісія ці то зёлкі летувіскі з Вышэйшай Волі дапамаглі яму. Але цяпер ён уведаў — наканаванасць перамагаецца праз прыняцце яе.
Яўген вырашыў пакіравацца да таго маладога ўрача. Урэшце: „In Те, Domine, speravi!” На Цябе, Пане, спадзяюся!
У кн.: Ала Сямёнава. Таямніцы пакутны колер. - Мн., Про Хрысто. 2004.
„СЭНСЫ MAЎКЛIВЫХ НЯБЁСAЎ...”
„Пытаццаў багоў пра таемнае не спяшайся... „
Рубэн Дарыа
„Я — Мадыльяні... Купіце...”
І толькі адна жанчына працягвае нейкія грошы, дадаўшы, што малюнак мастака ёй не патрэбны.
Быў такі кадр у кінаверсіі Жана Рэнуара „Монпарнас, 19”. Мадыльяні - Жэрар Філіп — разгублены (грошай няма зусім) i здзіўлена-ўпэўнены (ён ведае пра таямніцу свайго высокага таленту), наіўна-бездапаможны ў сваім адчаі (што рабіць?) i мудра-прасветлены ў тым, што ведае ён адзін з прысутных: ён пpaпануе шэдэўры.
Размова, аднак, не пра фільм i не пра Жэрара Філіпа, хаця гэты фільм i гэты актор давалі адчуць трагедыю той явы — калі ёсць плен напружанага творчага існавання, а плену не бачаць...
„Я — Мадыльяні...” Трагедыя лёсу... Калі паэт Збароўскі дарэмна лётаў па Парыжы, спрабуючы знайсці пакупнікоў на карціны Мадыльяні. Калі глядзела з сумам на тонкія разарваныя лініі на лістку паперы, прапанаваным мастаком за харч („Я не жабрак!), гаспадыня iтальянскай траторыі на вуліцы Кампань Прэм’ер — хіба ж яны вартыя, гэтыя лініі, смачнага кавалка мяса , што яна дае небараку?
Калі не толькі гэтая шынкарка Разалі, не разумела мастака, але ж i знаўцы жывапісу папракалі Мадыльяні: не ведае анатамічных прапорцый, грэбуе законамі калёраў, не разумее ўлады святла i ценяў.
... Мадыльяні памёр ад сухотаў у 36 год, яго Жанна выкінулася з вакна , ix маленькая дачка засталася адна...
А праз год адбылася выстава. I распачаўся ўхвальны шум прэсы, з’явіліся кнігі крытыкаў i даследчыкаў. Карціны Мадыльяні прадавалі i прадаюць за грошы, якія i не сніліся мастаку...