У сярэдні свой узрост здолелі змясціць — сэнс эпох, шматзначнасць задум, тэм, ідэй, найтанчэйшыя ўзаемадачыненні свядомасці, спрадвечнае імкненне да ісціны Уільям Шэкспір, Аляксандр Блок...
Як абраннікі Божыя, таленты часцей за ўсё прымалі сваю долю пакут у сваім зямным існаванні. Ці на ўсім шляху сваім, ці — на пэўным адрэзку яго, ці напрыканцы жыцця...
Трагічныя некалькі грамаў свінца: дуэль Лермантава, гібель пры Шэгенвары падчас паўстання 1848 года Шандара Пёцефі, расстрэл фашыстамі Федэрыка Гарсія Лоркі...
Пакутны канец Пушкіна, выпрабаванне болем хваробы Бальзака, жорсткая расплата за імкненне спазнаць бездань жыцця ва ўсіх праявах: Гейнэ, Мапасан... Уайльд... Зыход з Яснай Паляны Льва Талстога...
Трагедыя лёсу... Трагедыя зямнога існавання...
...Шклянкі з морфіем i атрапінам на Ранча Хараства — апошні ўчынак Джэка Лондана... Чаму? Быў стомлены здрадамі, няўдзячнасцю, адкрытай подласцю? Зломлены жыццём? Не мог больш пісаць на ўзроўні „Белай цішы” i „Марціна Ідэна”? Ці — ўсё разам? Вырашыў, паводле меркавання яго сябра, Джорджа Стэрлінга, „не заседжвацца ў кампаніі ўласнага трупа”?
...Паляўнічае ружжо, стрэлам з якога 2 ліпеня 1961 года ў Кэтчуме падвёў рысу пад сваім жыццём Эрнэст Хэмінгуэй... „Чалавек не для таго створаны, каб цярпець паражэнне”, — гэта яго словы. Тата Хэм — хаця i ca „згубленага пакалення”, аднак з пароды пераможцаў...
...Паражэнне пераможцаў... Асоб, у якіх не толькі героі ix твораў, але i яны самі сталіся для многіх пакаленняў эталонам мужчыны, — пераможцы стыхій, увасабленне мужнасці, высакародства, абаяльнасці, стойкасці, трываласці...
46 - Джэку Лондану, 62 — Эрнэсту Хэмінгуэю... 29 — Ясеніну, 37 — Маякоўскаму...
Сусветна вядомыя празаікі — на вяршыні славы... Рускія паэты — на вяршыні славы i няславы...
... А вось смяротна хворы Антуан Ватто ствараў сваіх куртуазных „Капрызніц”... I напаўгалодны сухотнік Аляксандр Грын пісаў раманы-феерыі, раманы-мроі...
Шматлікія даследчыкі, біёграфы вызначаюць факты жыцця, звяраюць, пазначаюць асацыяцыі, аналізуюць, падводзяць вынікі, ствараюць сур’ёзныя i менш сур’ёзныя творы пра знакамітых... Аднак... Застаецца страшная, бязмерная, бясконцая таямніца... Загадка... Як i загадка мастацтва... Выратавальнага. Мастацтва — карніка i суддзі. Мастацтва — лекара. Мастацтва вызначальніка свабоды Быцця...
У нас на тым абсягу, што стаўся дасавецкім, савецкім, савецкім, постсавецкім, існавала, i на жаль, існуе тэндэнцыя, схільнасць да вульгарна-сацыялагічнага тлумачэння фактаў i з’яў мастацкай рэальнасці. (Маю на ўвазе мастацтва ў самым шырокім сэнсе).
То дык ва ўсім абвінавачваўся „рэакцыйна-прыгонніцкі лад”, то „царызм”, „сталінізм”, „таталітарызм” — усё ў залежнасці ад часу пісанняў. Безумоўна i бясспрэчна — валадары зямныя, занятыя справамі ў часе гістарычным, хай сабе i глабальнага маштабу, i тыя, хто імкнецца да ўвасаблення бессмяротнай свядомасці ідэй, не так часта знаходзяць паразуменне. I хаця „сильные мира сего” бываюць часам не чужыя мастацтвам i лічацца аматарамі — музыкі, прыгожага пісьменства, а таксама — прыхільнікамі Мельпамены, Тэрпсіхоры i іншых муз дыстынктоўных мастацтваў, аднак нават прыблізна вызначыць, што нехта ўзвышаецца над імі над вялікай зоркай бессмяротнасці, а не пад абаронай „трону” (якія б трансфармацыі на пэўных гістарычных этапах не адбыліся з канкрэтнымі знакамі ўлады), не, гэта на ўсіх прыступках улады ўяўляюць вельмі рэдка.
Аднак — не толькі стасункі са знешнім светам, з індывідуумамі далёкімі i блізкімі, вызначаюць самасвядомасць мастака, стыль яго паводзін, мецяць прадчуванні душы. Выяўляцца гэта можа нечакана i ў самых розных формах. Як i выратавальная i пагібельная трывога (напрыклад, у 1902 годзе ў Блока з’явяцца такія радкі : „Мой конец предначертанный близок, / И война, и пожар впереди”), як узнясенні на вышыні i падзенні ў бездань.
I тут ужо не мае значэння ні гістарычны час, ні тое, на якіх шыротах вызнае існаванне мастак, ні тое, хто там рулюе, кіруе, правіць. Знешне — скажам, нічым як быццам не пазначаная i абумоўленая дэпрэсія. Або той дыянісійска-вакхічны строй, што не абмінуў самых тонкіх мастакоў, на розных геаграфічных кропках, у розных сацыяльных i сітуацыйных варунках.
Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Эдгара По, Амедэо Мадыльяні, Аляксандра Фадзеева, Уладзіміра Высоцкага... Ды i ці толькі ix...
Блок, асабліва ў лістах да маці, увесь час імкнуўся патлумачыць i нават апраўдаць шал паводзін, лічачы, што чар пітва „ўнутрана спрастоўвае (выпрямляет) чалавека, далучае яго да бяскрайняга свету, палёту стыхій, музыкі сфер, якая чутна толькі тады, калі надыходзіць забыццё атачэння”. А паэт Гафіз кідаў сваім абвінаваўцам: