Выбрать главу

Луіза Генрыхаўна любіла рэчы як відавочнае ўяўленне непахіснасці рэальнасці. Любіла рэчывы. Прысмакі. Гародніну. Садавіну. Мяса. Яйкі. Кароннымі яе днямі былі яшчэ дні кірмашовыя. Аднак тут займелася не абы-якая суперніца — Ніна.

Плён зямлі

Кірмаш быў справай сур'ёзнай. Тут былі свае законы. У нядзелю — у кірмашовы дзень — усё ажно гуло ад вазоў на брукаванцы. A парсючкі вішчэлі так, як быццам ix тут, на возе, i смаляць. У хатах спяшаліся — на кірмаш. Кірмашовы гандаль — да гэтага ставіліся з павагай. Асноўны набытак быў адтуль, з кірмашу. Мяса, масла, яйкі, садавіна, гародніна — усё адтуль. Купіць добрае i танна — было справай гонару.

Луіза Генрыхаўна ў адзінаццаць гадзін павінна была быць у краме, i яны з Нінай выпраўляліся з дому гадзіне а сёмай. Чамусьці заўсёды цягнучы за сабою Дану. Ніна любіла хадзіць на кірмаш без гаспадыні. Калі ішла маці, людзі пазнавалі яе i скідалі якую капейчыну. Хто яго ведае, як жыццё абернецца, няпэўнае паваеннае жыццё. Куды ж кінешся? Да адвакага. Абаронца. Дарадчык. Дзе ж тут Ніна магла аказаць свой талент? Ну, a калі адна... Дана ў разлік не бралася, хіба што было перад кім пакрасавацца. Ну, а паглядзець было на што. Hiнa i Луіза Генрыхаўна разбягаліся ў розныя бакі ледзь не ад гары Міндоўга — кірмаш месціўся пад гарою. I кожная пачынала свой „спектакль?” гульню? экзамен на спрыт? Дана заставалася пры Ніне. Ніна ж... Трымайцеся, гаспадыні i гаспадары! Hiна перашчупае ўсіх курэй, пакаштуе ўсё масла, папераварочвае ўсё мяса. Спрачаецца за кожнага паўрублёвіка так, як быццам ад гэтага залежыць дабрабыт i лёс усіх яе сваякоў, нашчадкаў i знаёмых. Абабяжыць дзесяць разоў усе вазы, перастарэкаецца з усімі.

— Ой, бацюхны, дык вашаму пеўніку столькі ж год, як майму свёкру, — адчайна ледзь не драла пер'е няшчаснай птушцы Ніна.

Дане хацелася ўкінуць свае тры грошыкі наконт неіснуючага свёкра, але яна моўчкі падтрымлівала непадробны Нінчын гандлёвы імпэт.

A Ніна раскідвала на возе яблыкі.

— Даражэнькі, мне такіх смакаўных да прыгожых, як ваша жонка перад вяселлем!

Той даражэнькі i слова мовіць не паспяваў, як Ніна спрытна напакоўвала поўны кошык, адабраўшы самыя-самыя, адзін да аднаго.

— Го, яблычкі, хоць на Калядную яліну, — пасміхаўся паважна гаспадар.

— Ну, дзе вы бачылі, каб у жніўні ды такая цана? Дзе вы бачылі?

— I адкуль ты такая спраўная? — рагатаў дзядзька.

Яму відавочна падабалася весці гандаль з гэтай кабетай: ну, што за кірмаш, калі словам не перакінешся?

Ніна ўжо на хаду нешта вясёла крычала i неслася далей. Ухапіўшы ледзь не тузін куранят i сунуўшы Дане кошык з яблыкамі, яна вяла свой маналог: „Во акурат, крыху ix падгадую i ў смятане, з баравічкамі i з бульбай”. Дана ведала, што ў смятане з баравічкамі будзе гатаваць маці, але Ніне не пярэчыла, хай сабе галёкае. Яе фэст. Ды Ніна i не пачула б, ляцела, што ганчак за зайцамі. А было дзе раскашавацца — кірмаш быў ад гары Міндоўга, i да таго месца, дзе пазней нейкі час быў аэрапорт, лёталі „кукурузнікі”, сорак хвілін — i ў сталіцы. Як вецер, то быў „кукурузнічак” як трэнажор для касманаўтаў, a нічога: тутэйшы народ трымаўся, што тузін Гагарыных: самалёцік меў якраз дванаццаць месцаў.

Дык тым часам Ніна бегла да вазоў на ўзгорках, вярталася ў павільёны з мясам, борздзенька нахілялася, каб пакаштаваць масла, яшчэ патузаць куранят, ухапіць сыру — гаспадыні кідалі саломы на брукаванку i раскладалі тут свой тавар у кошыках: масла ў зялёным лісце капусты або ў палатнянай чысценькай анучыне, сыр, смятана ў слоіках. Яблыкы, ігрушы, слівы, вішні, чарэшні продалі ўсё больш з вазоў — прывозілі многа, парэчкі, агрэст, маліну, клубніцы таргавалі таксама не менш як кошыкамі. На тую пару ў ix ніхто не меў моды ні прадаваць, ні купляць шклянкамі — такой абразы гандлю ніхто б не знёс. Вялікія гарады былі далекавата, даехаць да ix горада было не проста — чыгункі не было, аўтобусы яшчэ доўга не засвойвалі мясцовую прастору, асабісты аўтамабіль быў немаведама якой раскошай. I мінчукі, якім здаралася трапляць у ix горад, глядзелі на мясцовы кірмаш як на філіял зямнога раю. А нехта i злосна кідаў: „Распанелі — заходнікі! Вось прыйдуць да вас калгасы”. Калгасы i сапраўды неўзабаве прыйшлі... Тыя кірмашы засталіся толькі ў памяці. I цэны кірмашоў — таксама...

Ніна, зразумела, не рабіла футуралагічных прагнозаў, яна жыла імгненнямі. Яна адчувала сябе гаспадыняй на кірмашы — зразумела пазней Дана. I — толькі што з вёскі — мела, мабыць, тут i роднаснае атачэнне. I ўмела ў ім аказаць сябе. Ад яе было не ўтоіць ёлкага масла ці жарсткаватага творагу ці мяса кароўкі, пра год нараджэння якой не памятаў нават сам гаспадар.

Да таго ж на кірмашы былі ўсе. Шаўцы, краўцы, настаўнікі, урачы, людзі са швейнай фабрыкі, народ з трыкатажнай, з прамкамбіната, з ліцейнага цэха... Ішоў саністы ганаровы грамадзянін рэспублікі Чэхаславакія, што партызаніў у тых краях, судмедэксперт Харытончык з жонкай, дырэктар дзіцячага дома, пазней „мэр” горада — Ірына Паўлаўна Касцючэнкава, сябар сям'і Азарэвічаў, намеснік ваенкама Варава з жонкай— яе Дана ведала як цёцю Шуру, як увасабленне дабрыні i чалавечай спагадлівасці...