Выбрать главу

Ix было дзве.

Адна, Ніна Аляксандраўна, сустрэла нас у закутках Астанкінскага гасцёўнага комплексу. Калi мы прыехалі ў Італію, яна набыла нейкі асаблівы шарм. Флюіды Рыма? Яна пачала апранацца ярка, з фантазіяй, i высветлілася, што ў ёй нешта ёсць ад жанчыны з Брулоўскага „Італьянскага полудня”. Хіба што з таго „полудня” мінулася гадоў дзесяць... У ёй, без асаблівай эклектыкі, адчуваўся водар розных часоў: спраўны рытм нашага часу, крыху загадкавасці часоў Адраджэння i нешта ад вакханкі Старажытнага Рыма.

Другая — Анна-Ліза — без перабольшання магла быць жывой мадэллю для партрэта мадонны. Любога хрысціянскага веку. Гэтаму ўражанню не пярэчылі ні модныя, да шчыкалатак, нагавіцы, ні фацэтная блуза. Гід фірмы „Планетарыё”, яна добра валодала рускай мовай. Засяроджана-клапатліва пералічвала нас кожным разам, як мы заходзілі ў аўтобус.

„Анна-Ліза, Анна-Ліза, Анна-Ліза...” Да яе звярталіся з прычыны i без дай прычыны. Прыгажосць прыцягальная... І маладосць...

Чывіта Век’ё застаецца ў баку

Калі мы штодня ехалі з Остыі ў Рым, дык сустракалі ваблівую стрэлку: Чывіта-Век’ё. Італьянская фабрыка кінасноў i кінамараў. Але мы заўсёды паварочвалі ў другі бок. У нас іншая праграма. Рытуал полудняў i вячэраў займаў тут не аношняе месца. У Фларэнцыі, Рэджа-Эміліі i Мілане мы палуднавалі ў рэстаранах гатэляў, у Рыме — у розных лакандах i траторыях. Наведвалі мы, зразумела, рэстараны не самага высокага класа. Прыблізна паводле Купрына — той лічыў, што ў кожным горадзе трэба наведаць царкву, схадзіць на кірмаш i ў не самы шыкоўны рэстаран („средней руки”).

Рэстаран „Да Беніга” ў раёне Трастэвэрэ, сярэднявечным раёне Рыма. Зала з каменнай столлю, набеленымі сценамі. Пад столлю, недзе на адлегласці паўметра, драўляныя бэлькі, ці то з дубу, ці то з грабу. На ix хатнія кветкі. Аграмадны, на ўсю сцяну, буфет, паводле моды пачатку XX стагоддзя — ў ім посуд, віно ў бутэльках i ў плеценых бутлях. Памяшканне нечым нагадвае малдаўскую каса-марэ.

У адной з рымскіх траторый — канапкі, люстры з контуравымі, пуантылісцкімі малюнкамі — бутэлькі к’янці, парк, палац. У рэстаране гатэля „Сан-Марко”, дзе мы жылі ў Рэджа-Эміліі, на люстраной паверхні гольчастым контурам вымаляваны кіназоркі, каля майго месца быў люстраны Ален Дэлон.

Усюды — цішыня. Не выюць магнітафоны, не надрываюцца стэрэасістэмы (усё гэта ў Італіі надзвычай таннае, да ўзору: магнітафон „Sony „ — 30.000 ліраў, рублёў паводле курса 1987 года: 1 даляр — 60 капеек). Рэстаран — для адпачынку, для спакойнай гаворкі, для сустрэчы. Урэшце — дзеля таго, каб паесці ў спрыяльных умовах. Так растлумачылі, дарэчы, усё той жа нястрымнай аматарцы вакалу. Для танцаў ёсць дансінгі, клубы.

Харчавалі ўсюды смачна. I паўсюдна ў Італіі ў рэстаранах, вялікіх i малых, каля ўвахода — горы дымчастых сліваў, аграмадных персікаў колеру сонца, яблык, пра якія гавораць: наліўныя, ігруш, з якіх гатовы пырснуць сок, рудаватых бананаў, вінаграду, нават на выгляд спакусліва-салодкага. Нехта нясмела спытаў ў Анны-Лізы, ці нельга замест шчодрай вячэры атрымаць некалькі гэтых пладоў, на выгляд — ці не з райскага саду. Анна-Ліза ўскінула рукі ў шырачэзных рукавах, нешта ўсклікнула па-італьянску, некуды пабегла... I з таго вечара на нашых сталах шыкоўныя вазы. На той момант з пладамі, якія сярэдні жыхар Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі, мякка кажучы, не так часта бачыў на сваім стале. Персікі, апельсіны, бананы.

Увогуле на наш харч штодзённа выдаткоўвалася 50.000-60.000 ліраў (25-30 рублёў усё па тым жа курсе 1987 года). Грунтоўна. I не кожнаму патрэбна. Аднак змяніць нічога нельга. Так вызначана.

(Тады нават уявіць сабе было немагчыма, што неўзабаве нашы былыя суайчыннікі будуць здзіўляць ужо не дазволенай нішчымніцай — „совеціко морале” — a неверагодным нарабаваным багаццем i роўнай яму безгустоўшчынай.)

Мы з цікавасцю прыслухоўваліся, прыглядаліся, каштавалі мясцовыя наедкі. Тартэліні — мясцовы гатунак пельменяў, пасатэлі — смажаніну з целяціны, фаршыраванай артышокамі... Дарэчы, на італьянскай мове назвы самых звычайных страў гучаць, нібыта імёны оперных герояў. Рызотта — рысавая каша, палента — кукурузная каша, ну, i знаёмая ў нас — кава „капучына” (пышная пена сапраўды нагадвае капюшон манаха-капуцына).

На што нельга было не зважаць, дык на тое, што i ў Італіі, i ў Францыі захаваўся свой стыль у рэстаранах, гатэлях, кавярнях. Своеасаблівы тэатр, са сваімі акторамі. Між іншым, у Францыі ў невялікіх мястэчках, вёсачках можа не быць нават крамы (яна паблізу), але кавярня ёсць заўсёды.

Дык a ў рэстаране „Да Беніта” (тым самым, дзе зала падобная да каса-марэ) ля ўвахода таямніча пасверкваў праз жардзіньеркі ліхтар, афіцыянт быў рэспектабельны не як сэрвіторэ, а ледзь не як ангельскі лорд. Гэткі уніфікаваны міжнародны стыль. Затое ў „Эмбэсі-хаўс” у Фларэнцыі, у гатэлі, насуперак энглізаванай назве, тайстры насіла вясёлая хударлявая італьянка, у фартушку: выкапаная гаспадыня хаты, нібыта толькі што адышла ад печы. І зала рэстарана таксама была па-хатняму ўтульная, ці больш справядліва, дзве залы - невялічкія круглыя сталы з бэзавымі абрусамі да падлогі, утульныя крэслы, са спінкамі да самай падлогі. Афіцыянтка з „Эмбэсі-хаўс” заўсёды нешта гаварыла — гучна, працягла, добразычліва. „Пэр фаворэ, пэр фаворэ, пэр фаворэ” — „Калі ласка, калі ласка, калі ласка”.