Выбрать главу

Тут Дана зазавычай прыпыняла хаду, ішла доўга, павольна, садзілася на лаўку ля касцёла. Проста сядзела. Слухала птушак. Глядзела на дрэвы. I адчувала амаль фізічна гармонію існага. Раніцы. Цішыні. Свежасці. Адчувала на сабе ясвіны святла вялікай Загадкі Быцця.

Гадзін у сем дзверы касцёла адчыняліся. Там было строга-прыгожа. Заўсёды многа кветак. Увесну — бэз i півоніі. У ліпені — белыя лілеі. У жніўні — гладыёлусы i астры. А потым ад восені да самай вясны — хрызантэмы. Асабліва ёй падаліся лілеі i хрызантэмы. I дзіўна — у пакоях у хаце пах лілеяў меў нейкую склівую слодыч, быў даўка-задушны. Тут, у храме, пах раствараўся ў паветры, у прасторы i набываў адухоўленую вытанчанасць, рабіўся ўстойліва-няўлоўным. Нейкім асаблівым хараством выдавалі лілеі каля абраза Святой Тэрэзы — мо таму, што i Святая, i кветкі былі сімвалам цноты i чысціпі. Тоеснасць сэнсаў. А хрызантэмы — белыя як снег i пяшчотна-дробныя, як сняжынкі (тут ніколі не стаялі тыя, падобныя на баб-снегавікоў, з галовамі-шарамі). Гэтыя хрызантэмы ўвогуле нібыта з'явіліся на свет дзеля таго, каб упрыгожваць касцёл. Невялікі — фарны то i ёсць фарны. Без асобай аздобы, але з арыстакратычна-спакойнай прастатой. Ніякага дэкору. Строгая готыка, межаваная з раманскім абрысам. Стральчастыя вокны, аднакаляровасць сценаў, цёмнае, самавітае разьбярства спавядальні i абмона, нешыкоўная завершанасць алтару. Цішыня храма была працягам наўкольнай. Імшу на тую пару тут не правілі. Афіцыйна. Ксяндза не было. Касцёл лічыўся нібыта зачыненым. Даглядала, вартавала, садзіла кветкі каля касцёла сястра Малгажата, незарэтанка.

Яе сясцёр у Хрысце расстралялі пад час вайны немцы. За міласэрнасць. За дабрату. Яны прынеслі ахвяру. Сястра Малгажата пад час арышту законніц была ў шпіталі на службе i засталася жывою.

...Дзверы храма былі адчыненыя. Парафіяне хадзілі да касцёла. А зазвычай гадзін да васьмі там нікога не было. Дана была адна. Доўга стаяла каля дзвярэй, потым праходзіла ў правы неф, да абраза Святой Тэрэзы. Урэшце садзілася на лаву...

Тады Дана яшчэ нічога не ведала ні пра споведзь Святога Аўгусціна, ні пра „Шматграннасць рэлігійнага вопыту” Уільяма Джэймса, нічога не чула пра „Суму тэалогіі”... Не ведала, што было Святая Тэрэза Авільская i святая Тэрэза з Лізьё.

Афіцыйна касцёл адчынілі, калі Дана ўжо ад'ехала з горада, атрымаўшы атэстат сталасці, ва універсітэт. Але ж усё роўна тут, у святыні, адчынялася ёй нешта вельмі важнае, пакрыёмае, падсвядома яна адчувала неабходнасць сваіх стасункаў з Сусветам, а дагмат Святой Тройцы рабіўся зразумелым, ачышчэнне здавалася блізкім, абавязковым, натуральным. Бог-айцец вядзе шляхам Памяці, Бог-сын — шляхам Розуму, Бог-Дух Святы — шляхам Любові.

A ітэнерарый (шлях) падаваўся адзіным, выпрабаваным i зацверджаным канонамі спосабам жыцця. Аскеза... Толькі так... Гіём з Сен-Т'еры, Тама Аквінскі... Ix высновы — непарушныя...

Як цішыня i маўчанне. Ідэальныя ўмовы для яе modus vivendi5. Засяроджанасць i праца. Хаця пазней цішыня стала вялікай раскошай. Рэдкім святам. Як за маску, Дана стала хавацца за шматслоўе — так было зручна, так яна раскідвала шматкалёрныя пацеркі i зачыняла галоўнае, што было на душы. Улюбёны ж стан быў — маўчанне. Але маўчанне як стратэгію паводзін, як зброю жыцця яна ніколі не засвоіла. Не ўмела маўчаць — калі ганьбілі іншых, не ўмела — калі спрабавалі таўчы яе. Анёл у ценю сваіх крылаў — што ён узважваў на шалях у гэтыя хвіліны?

Як ён паглядаў на калякасцельных жыхароў, на суседзяў Даны?

Вопыт суіснавання

Ці не самыя прыкметныя суседзі былі Хмары. Ix хата — першая ад касцёла: два, адзін да аднаго, блакітна-шэрыя дамочкі, прыгожая альтанка, гарод, два клёны, што звісалі над агароджай. Пазней новыя гаспадары ссеклі тыя клёны — яны ім цянілі агарод, i альтанка знікла...

Тады... Пані Хмара ў свае ці не дзевяноста гадоў дайсці магла ўжо толькі да плота свайго дворышча. Аднак — у капялюшыку, пальчатках, у гарнітуры шляхетна-арыстакратычнага пэрлёва-шэра-бэзавага колеру. Яе муж ішоў у касцёл таксама ў шэрым гарнітуры, абавязкова з парасонам — тросткай-лясачкай. Сёй-той памятаў яшчэ, якія скалікі строілі мясцовыя кабеты, калі гэты хлопец-зух, бухгалтар (прафесія — не на млыне кола круціць), у свае крышталёвыя дваццаць год узяў шлюб са статэчнай удавой удвая старэйшай за яго.

Час замірыў i гэтыя порсткія плёткі, i прыцішыў дваццацігадовую розніцу, нібыта зменшыў яе. Двое людзей спакойна i годна падыходзілі да канца свайго жыццёвага шляху. У Даны яны так i засталіся на памяці. Сышлі з гэтага свету яны, калі Дана вучылася ў Менску, неяк не за яе прысутнасцю, i не засталося адчування страты, што накладваюць немінуча хаўтуры. Нібыта адышліся Хмары — як дзень позняй, але прыветналагоднай восені.