Нязбытная была ў гэтай жанчыны цікавасць да людзей. I вера ў добрае. Зведала пакуты, спазнала ix сэнс i перастварэнне душы пакутамі i праз тое — глыбінную сутнасць быцця... І дзень развітання з ёй быў вясновы, ясны, пагодны. I Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, узважваў у той дзень на сваіх вагах меру дабраты i даравання... Можа, заўважыў i машыну Антона Іванавіча, суседа яе, што выпраўляўся ў чарговы рэйс. Машыну сваю ён любіў, даглядаў, як рысака з радаводам, i вёў свой аграмадны „МАЗ” адначасна засяроджана i гуляючы. I з далёкіх сваіх рэйсаў вёз усё ў свой дом. Дзе была жонка, пра якіх у народзе кажуць: „У дзеўках — поўная вуліца, у жонках — поўная печ”. Што тых слоікаў — з варэннем, з кампотамі, што кумпякоў вяндліны, кілбасаў — было-было ў доме Лізы і Антона.
A галоўным аўтарытэтам у доме была Вольга Станіславаўна. Хіба што жыхары на першым паверсе, у двухпакаёўцы, не падзялялі таго піетэту. Самога, таямнічага супрацоўніка НКУСа, амаль ніколі не было ўдома. Затое яго адсутнасць кампенсавалі сваёй неаспрэчнай заўсёднай прысутнасцю жонка Клаўдзя Фёдараўна i яе маці. Абедзве яны нідзе не рабілі — вялі дом. Вялі ўзорна, Клаўдзя Фёдараўна, маладая жанчына, мабыць, мела ахвоту быць на людзях, але з-за адсутнасці асяродка, што мела б столькі ж вольнага часу, як яна, больш займалася хатай, i цэлыя гадзіны яны з маці сядзелі на вышараваным да жаўцізны, як лесвіца, ганку i вышывалі. Клаўдзя Фёдараўна была гладка ўчасаная, з тонкімі рысамі твару, дагледжаная, ненатомленая, зазвычай у крэпдэшынавых квяцістых сукенках. Калі яна ўставала з ганка, дык здавалася, што нехта жартам падкінуў да гэтага тонкага твару i зграбнай таліі важкія, сялянскія клубы. Але Клаўдзя Фёдараўна на комплексы не пакутавала, была задаволена сабой, сваім жыццём, дагледжаным домам, магчымасцю чытаць, вязаць, вышываць.
Летам яны, здавалася, жылі на ганку. А Данчына маці адчувала няёмкасць ад гэтай кожнадзённай варты — яна праходзіла спрацаваная, не заўсёды ў гуморы, i ёй былі зусім недарэчы позіркі гэтых вольных, адпачыўшых жанчын.
Не была ў вялікім захапленні ад візітаў Іры, пляманніцы Клаўдзі Фёдараўны, i Дана. Сталічная госця была ўпэўненая, да правінцыялкі Даны ставілася звысоку, аднак таварышаваць ёй, падобна, тут не было з кім. I яны хадзілі разам гуляць у „два агні”. Наладжвалі на ганку дома гульні ў „ручаёк”, „глухі тэлефон”, „фанты”, „садоўніка”.
У „ручайку” нехта „непарны” дабіраў сабе „да пары” з тых, хто выстройваўся ў шэрагі пар. У „садоўніку” кожны браў сабе назву кветкі — ружа, лілея, бэз... A „садоўнік” крыўдаваў на тое, што ўсе кветкі яму абрыдлі, акрамя... Тая кветка, якую ўпадабаў „садоўнік”, крычала „Ой”, а на пытанне: „Што з табой?” адказвала: „закахана”; а на чарговы запыт: „у каго?” мелася назваць чарговую „кветку”...
Гульні нечым падабаліся. Магчыма, тым, што лёгка так вымаўлялася пакрыёмае слова „закахана”, а яшчэ i выбарам — часам ён прыпадаў на таго ці на тую, на каго прыпадала i ўвага ў жыцці. Як i ў тым „ручайку” — трэба было ўзяць за руку, прайсці разам, нахінуўшы галовы праз узнятыя рукі: адчуць сябе абранай, выбранай i мець магчымасць выбраць самой. Проста так, як то бывае ў маленстве i юнацтве. Ты пэўна ведаеш, што гульня — гэта гульня i ўсе трымаюцца яе правіл. I ўсё „понарошку” i крыху сур'ёзна. I нібыта не толькі Анёл у ценю сваіх крылаў паблажліва пазірае аднекуль з бліжэйшага ад замкавых вежаў воблака, але i цэлы гурт небанасельнікаў злёгку пасміхаецца з наіўнага спектакля, рэпетыцый будучага дзейства, што ў рэальнасці часта несла ў сабе магчымасць махлярства, аблуду, здраду, імкненне перахітрыць, нешта схаваць, a ў нечым пазначыць тое, чаго там ніколі не было. I тым больш чароўнай i нязмушанай чулася музыка былога, якою тут, здавалася, было насычана паветра, i незвычайнымі здаваліся зусім шэраговыя суседскія хлопцы i дзяўчаты. I нават просценькая камізэлька выдавала рэнесансным калетам ці якім-небудзь шыкоўным брандэбурам часоў Людовіка XIV. A ўвогуле такое прымройвалася на хвіліну, бо гэтыя постаці рэальнасці выдавалі чарнавым накідам тых, што павінны былі з'явіцца ў -”сапраўдным”, „дарослым” жыцці. Нейкі гібрыд-абсалют — з кніг Дзюма i Грына, Джэка Лондана i Майн Рыда. I герояў фільмаў Жана Марэ i таго невядомага, што быў на экране Робін Гудам. Жыццё пазней крышыла i ламала стэрэатыпы i класічна-юнацкія ўяўленні: істоты ca знешнасцю Марціна Ідэна аказваліся Санчо Пансамі, а Жульены Сарэлі лічылі сябе Сірано дэ Бержэракамі. A паскуднікі, накшталт тых, што жылі каля МТС, рабіліся начальнікамі i неяк мелі гарт захоўваць свой статус пры ўсіх выкірунках грамадскага лёсу. Якое пакаранне ўзважваў для ix на сваіх шалях Анёл у ценю сваіх крылаў?