А хлопцы, што жылі за МТС, заўсёды дражніліся — неяк цёмна, малазразумела. I адчувалася — вельмі крыўдна. Дана не ведала ix у твар, былі яны нейкай падплотнай, бруднай масай. Заўсёды вышчэрваліся наўздагон — i адразу збягалі. Заставалася ўражанне, што яе закідалі камякамі зямлі...
Такі ж быў Драбышэўскі ў ix класе. Паскудненькі, хітранькі. I, як пазней зразумела Дана, заўсёды згаладнелы. Калі ў школу прывозілі батоны з ізюмам — за два рублі трыццаць капеек, Драбышэўскі хапаў батон i глытаў яго за некалькі хвілін. Можа, таму i быў такі злосны?
Наіў міласэрнасці
Хаця.. Прыехаў у ix клас Віця Собалеў. З Севастопаля. З сям'і, мабыць, не багацейшай за сям'ю Драбышэўскага. Дана зразумела гэта, калі Валера Чыкала, сын вайскоўца, амаль што выдатнік, прыйшоў, парыпваючы новымі чаравіамі, a Драбышэўскі зрабіў з таго рыпу падзею, дык неяк адразу высветлілася, што Віця старанна хавае пад лаву свае ногі ў нечым цыравана-латаным. I што чорная яго суконная гімнасцёрачка (яна нагадвала гімназічную форму) — таксама цыраваная на локцях. Але Віця быў упэўнена-спакойны, амаль заўсёды ніжэй за адзнаку „выдатна”, як i ўладальнік новых чаравікаў, не апускаўся.
Увогуле-то ўсе яны мелі амаль што аднолькавы шык. I хлопцы, i дзяўчаты — у фуфайках, якія зваліся чамусьці футболкамі, фланелевых ці вельветавых. Усе — зімой у валёнках з галёшамі. Хлопцы — як хлопцы — у нагавіцах, a дзяўчаты ў форменых сукенках, карычневых ці сініх з белымі каўнерыкамі, чорных фартушках i — дзе ж было ўзяць цёплыя панчохі ці гетры? — усе спрэс у шараварах: сацінавых, байкавых, вельветавых. Пасляваенная школьная дэмакратыя. I яны ўсе былі ў той уніформе: i дачка першага сакратара райкома Ларыса Бандарэнка, i Галя Каспяровіч, бацька якой рабіў на электрастанцыі, i яна, Дана.
Ці было гэта справядліва? У кожным выпадку — не было зайздрасці. Не было бегу навыперадкі. Яны былі па-за прывілеямі. Па-за рэчавай мітуснёй. У ix проста быў нейкі абутак. I адзетак. Калі Дане справілі бела-чырвоную сукенку: белыя крэпдэшынавыя рукавы i манішка, a ўсё астатняе — чырвоная воўна, а да таго ж яшчэ i шыкоўныя чырвоныя басаножкі на венскім абцасіку, Дане было няёмка. Яна выдзялялася з усіх. „Заможнасць” прыціскала яе. Нават заахвочваючае Ірына: „Ой, вось бы табе зараз у Менск! На праспект!” — неяк не дадавала настрою. Белая варона. Яны праглі спавядлівасці. Меліся быць міласэрнымі. Хаця само то слова не было ў цане.
Яны праглі актыўнай дзейнасці. Тым часам прачыталі „Цімура i яго каманду” i „Як гартавалася сталь”. I хацелі свае высакародныя памкненні ўвасобіць у канкрэтных учынках.
Трэба ствараць суполку. Першы збор быў прызначаны ў Галі Каспяровіч. Яна жыла наўпрост на электастанцыі, у маленькім пакойчыку, дзе месціліся яе бацькі i двое дзяцей, малодшых за яе. Аднак удзень дарослых не было, ды i малых звычайна да вечара адводзілі ў садок. У Галінай хаце былі дзве прыцягальныя рэчы: радыёпрыёмнік i радыёла. Прыемнікі былі ў многіх, радыёла была прыналежнасцю адметнай. А планы ашчаслівіць, ну, не так каб усё Чалавецтва, але ўсіх нямоглых акругі неверагодна супадалі, як ім здавалася, з хрыплаватымі галасамі Бернеса i Уцёсава. „А помирать нам рановато, есть у нас ещё дома дела”, — пэўніў адзін. „В этом доме пустом мы танцуем вдвоем, ну, скажите хоть слово”, — сцішана прасіў другі. Тэарэтычная частка наконт вялікіх учынкаў міласэрнасці была адпрацавана дасканала, але на практыцы здзейсніць подзвігі ананімна, інкогніта ім не ўдалося. A менавіта ж так i рабіла ўся каманда Цімура. Слоўцы гэтыя — „ананімна” i „інкогніта”— усім падабаліся, прынеслі ix Валера i Віця, вымаўляліся яны з адчуваннем уласнай вагі.
Ну, a калі цэлы гурт падшыванцаў з'явіўся з прапановай прынесці вады i дроў адной апекаванай, дык яна, разліўшы з перапуту ваду з вядра, ляснула веснічкамі перад ix носам, а ўжо з ганка перапалохана паабяцала давесці да ведама ў школу. Гэта зусім рушыла ix планы.
Пазней, калі Дане даводзілася чытаць з'едліва-крытычныя заўвагі наконт тэорыі малых справаў, яна згадвала ix няўдалы дзіцячы вопыт. Але ніколі не пагадзілася з марнасцю тых малых учынкаў. Часам прынесці каму хлеба i слоік малака дае куды больш карысці, чымся высокія тэарэтычныя памкненні i словы, словы, словы... „Любіць чалавецтва лягчэй, як зрабіць дабро суседу”, — Рыгор Скаварада меў рацыю. Дана ў сваім жыцці сустракала столькі гарачых барацьбітоў, змагароў, трыбунаў, палымяных прамоўцаў — i так мала проста прыстойных людзей... І чамусьці заўсёды інтарэсы груповак выдаваліся за інтарэсы прагрэсіўнага чалавецтва, а сябра абавязкова выдавалі за вялікі талент. I перспектыўна патрэбную асобу абавязкова рабілі незвычайна даравітай, імя прыгадвалі пры выпадку i без асобай патрэбы — i ўсе спадала ў нябыт, калі раптам асоба знікала ca сваёй службовай арбіты ці зусім пайшла з жыцця. Тут, праўда, здаралася i іншае. Памяць пра істоту часам пачыналі любіць, абагаўляць, рабіць рэальнае з неіснуючага. Тады... Тады ў ix была нагода прыходзіць да Галі. Не абы-што — збор цімураўцаў. Ix было некалькі чалавек. Таямніца захоўвалася шчыра i старанна. Яны адчувалі на сабе гэты водсвет патаемных добрых спраў — не мела значэння, што больш прывідных — і, як матылькі на агонь, ляцелі на гукі радыёлы. Тым часам у Галі з'явіліся новыя пласцінкі. Раберціна Ларэці, хлопчык з Італіі. Не голас — мара. „Авэ Марыя”... „Санта Лючыя”... „Джамайка”... I — ці то анёльскі голас Ларэці паўплываў , ці то Шульжэнка так чароўна махнула знакамітай сіняй хустачкай, але 5 „В” вырашыў перайсці на тактыку асобных учынкаў. Бачыш — трэба дапамагчы, дапамогай. „А потым — справаздачы на зборы атрада”, — вякнула было Алка Паравая, але яе зашыкалі i засмяялі. Губляецца ж ўвесь сэнс. Яны павінны рабіць дабро — пакрыёма. Так, як рабіў Цімур. Ці Робін Гуд. 5 „В” быў пад ўражаннем трафейнага фільма пра героя Шэрвудскага лесу.