Выбрать главу

Потым i гэтая задума, як большасць высакародных задум... не тое каб зусім не спраўдзілася, але неяк зачаўрэла. Ці то ў Галі не з'явілася больш новых пласцінак, ці то бацькі даведаліся пра зборы i яны ім не прыйшліся даспадобы. Ці то з прычыны ад'езду завадатараў — Собалева i Чыкалы. Ці, можа, з натуральнай прычыны — дабро неабавязкова рабіць гуртам. Можна i паасобку.

Маскарад

Да таго ж надарыліся дзве падзеі. Першая — Новы год. Другая — выбары. I не проста Новы год, а баль-маскарад. Для старэйшых — восьмых — дзесятых класаў. Але для ўладальнікаў маскарадных строяў будзе зроблена выключэнпе. Калі зробяць касцюмы, пусцяць недалеткаў. Колька Шаптун з 6 „А” надзеў кірзавыя боты i шаўковую чорную сукенку i пачапіў медаль маці-гераіні. Тады адносіны да ўзнагарод былі самыя пашанотныя. Але гэтая дзёрзкасць i відавочная гарэзія ўсім снадабаліся. Рогату было на ўсю школу. Колька адчуваў сябе сапраўдным героем. Прэміі яму, праўда, не далі. Першую прэмію атрымаў Сурвіла — з дзесятага класа. У яго касцюм быў звышідэйны — „Мір”. На галаве паняровы Крэмль, а на ім самім — нейкі цёмны балахон. Тэма была модная i яшчэ вельмі актуальная — у школе былі дзеці з дзіцячага дома — з-за вайны. У школе былі бязбацькавічы — з-за вайны. Галоўны тост у застоллях дарослых быў — „За мір ва ўсім свеце”. Пакаленне Даны, крыху падросшы, пасмейвалася над рытуальным тостам-заклінаннем, ажно калі ix жыццё перайшло на сваю другую палавіну, яны зразумелі сакральны наіў сваіх бацькоў: зноў больш ці менш лакальныя канфлікты адбіралі жыццё старых i маладых, ператваралі ў нішто дабрабыт, адбіралі веру ў справядлівасць.

А на тым, першым сваім маскарадзе Дана таксама мела касцюм „у дусе часу”, як любіў паўтараць пазней адзін чалавек, што лічыў сябе літаратарам. Касцюм меўся паказваць „голуба міру”. Тады ўсюды быў растыражыраваны „Голуб міру” Пікаса, i большасць цывілізаванага грамадства адной шостай часткі зямной кулі сур'ёзна лічыла малюнак галоўнай працай вялікага іспанца. „Адкрыцці” Пікаса, імпрэсіяністаў, імажыністаў, экспрэсіяністаў, кубістаў сталі адбывацца гадоў на пяць-сем пазней. I прыпалі на студэнцкія Данчыны гады.

Напярэдадні маскараду маці Даны сядзела не адну ноч, нашываючы белае пер'е ці то курэй, ці то качак на белую марлю. Галоўны акцэнт быў на какетцы, рукавох i шапцы. Рукаво было аблямавана пер'ем, i калі Дана ўздымала рукі, дык выгляд атрымліваўся досыць дыстынктоўны. Ну, а каб яе строі не прыняў хто за намёк на пазасацыяльнае адзенне той інфанты, на блакітнай стужцы праз плячо было пазначана: „Голуб міру”.

A прывезла ў школу Дану сама капітанша Кацярына, на адзінай у горадзе „Пабедзе”. Праўда, высвятлілася, што Дана прыняла гэтю каралеўскую міласць зусім не як дарунак лёсу. Яна буркнула: „Дзякуй”, — i збегла. Аднак Кацярына аказалася міласцівай да канца. I прыехала за Данай а дванаццатай гадзіне. Смяялася — забіраю, як Папялушку. Праўда, у Даны крышталёвых чаравічкаў не было. Былі — тыя самыя класічныя „балеткі”, начышчаныя зубным парашком да нечуванай белаты. Гэта быў першы баль. Першае свята, амаль як у дарослых, старшакласнікаў. I Дана чакала яго. Павінна здарыцца нешта незвычайнае. „Вайну i мір” Дана ўжо „праглынула”. I была ўражаная Балконскім i Дорахавым. Наташа Растова ёй не вельмі спадабалася, але першы баль Наташы Дана запомніла. Ну, школа, безумоўна, не велікасвецкая зала, аднак фантазія магла прымроіць што заўгодна...