I чым далей, тым часцей згадвалася сцэна пад Аўстэрліцам. I нават празарэнне Андрэя Балконскага: „Ён ведаў, што гэта „Voilä une belle morte6 „, — вымавіў Напалеон, гледзячы на Балконскага... Князь Андрэй чуў, як называлі sire7 таго, хто сказаў гэтыя словы...Ён ведаў, што гэта быў Напалеон — яго герой, але той хвілінай Напалеон здаваўся яму такім маленькім, мізэрным чалавекам у параўнанні з тым, што адбывалася зараз паміж яго душой i гэтым высокім, бясконцым небам з воблачкамі на ім... Яму падаліся такімі нікчэмнымі ўсе інтарэсы Напалеона, такім дробязным падаўся сам герой яго, з гэтым дробным славалюбствам i радасцю перамогі, у параўнанні з тым высокім, справядлівым i добрым небам, якое ён бачыў i зразумеў.
I усё жыццё Дана аддавала перавагу гэтаму паразуменню з небам i воблакамі, гэтаму бясконцаму дыялогу, што ніколі не надакучваў, перад любымі інтарэсамі. I усё больш пэўнілася — толькі гэта сапраўднае. З людзьмі дыялог здараецца вельмі рэдка. Але ёй пашчасціла.
Шчасце выпадку
Пэўна — той раніцы Анёл у ценю сваіх крылаў відавочна паспрыяў ёй. З касцёла, калі Дана падышла да яго, даносіліся гукі — яна нават не ўсвядоміла адразу, што нехта спявае. Сапрана было чыстае, як усмех дзіцяці. Лірычнае сапрана, што мела, мабыць, схільнасць i да калатуры. Старэнькі клавесін нягучна падыгрываў голасу. А голас не ляцеў, a ўзносіўся — i сціхаў недзе высока пад скляпеннямі, потым зноў — узнікаў i лёгка плыў далей.
Так было цэлае лета — дзяўчынка прыходзіла i слухала ў пустым касцёле голас. Пазней адбылося знаёмства з жанчынай, што пела. На вуліцы яна сама падышла да Даны. А тая не схацела звязаць голас, тыя хвіліны з будзённага выгляду жанчынай у шэраватай паркалёвай сукенцы. Чар голасу не супадаў з уражаннем ад яго ўладальніцы. Дана яшчэ была ў палоне рамантычных мрояў, i несупадзенне выгляду i голасу было не тое каб асабістай абразай, але відавочным непаразуменнем. Яна ніколі ў жыцці не будзе глядзець на хоры, нібыта яе можа прычакаць пакаранне Лотавай жонкі. I таму, што не схоча парушаць канон, i таму, што будзе баяцца пабачыць твары, падобныя на выцвілую кашулю ці квяцісты чайнік. Яна будзе толькі слухаць што-небудзь накшталт:
Чысцейша Панна,
Без жаднай сказы,
Усцеражы нас хвароб, заразы,
Ты найстрайнейша
Райска лілея,
Авей паветра —
Вітана будзь, Марыя!
Жанчыну Дана не ўпадабала, але ўражанне ад голасу ў касцёле засталося. Уражанне, якое выпадала з часавых i побытавых рэалій, незвычайнасць гукаў, за якімі нібыта i не было нікога — як быццам Высокі Дух субліміраваўся ў гэты ясны i высокі голас. I пустата касцёла, яго строгія i класічна вызначаныя абрысы толькі падкрэслівалі гэта, акустыка святыні несла гукі пад нефы храма, нагадваючы пра першапачатковую існасць музыкі, яе Боскую надзвычайнасць.
Тады Дана кампазіцыю жыцця ўяўляла сабе ідэальнай. Свет выдаваў добрым, прыязным, добразычлівым. У тыя гады ёй пашанцавала — яна мела стасункі з істотамі, щто нібыта выпраменьвалі дабрату i цноту. На тую пару ёй гэта выдавала натуральным — хіба бывае інакш? I потым яна адчувала сябе безабароннай перад злом, не тое каб слабай, проста не была падрыхтаваная да тых хітрыкаў, якімі д'ябальскага складу дэміург надзяляе сваіх „пратэжэ”.
Тады... жыццё давала ёй свае шчасныя знакі.
Тады днём яны былі з Ірай. Каля касцёла кульгаваты Яцак пілаваў так бы мовіць, дровы. Былі то тоненечкія сухадрэвіны, але цягаць пілу аднаму было нязручна. I яны падбіліся дапамагчы. Узнагародаю былі дзве шклянкі смачнага малінавага сіропу. I — галоўнае! Знаёмства. З сястрой Малгажатай. I пані Магдай.
Сястру Малгажату Дана заўсёды бачыла здалёк. Тая — нязвычна i прыгожа апранутая — доўгая спадніца, чапец. Не падобная ні да каго. Гэтая асобнасць адзеткам яе толькі падкрэслівалася — галоўнае было не ў тым. Адчувальным было episleme8, тое веданне, што было недасягальным для атачэння. Toe празарэнне існага, дачыненне да субстанцыяльнага — адухоўленасць. Для Даны, i не толькі для яе, сястра Малгажата была стварэннем іншага парадку. Хаця рабіла сястра, — а яна ўвесь час нешта рабіла, — „не ўжывала хлеба ляноты”, — працу звычайную: гадавала кветкі, прыбірала касцёл (калі яна даводзіла яго да ладу? — з ранку да вечара касцёл быў адчынены), рабіла — з вялікім густам, вось тую самую, жывую аздобу з кветак, акрасу... Гатавала... Мыла...