Як пазней зразумела Дана, сястра Малгажата па сутнасці выратавала касцёл — ад нядобрых рук нядобрых людзей, пpaжыла не адзін i не два гады ў муры, прыняла пакуты хваробы веку: памёрла ад раку лёгкіх.
Дана вазіла сястры Малгажаце з Менска лімоны, цукеркі, нейкія прысмакі. А яе на вакацыі заўсёды чакаў букет хрызантэм, a ўлетку — пунсова-ружовыя трускалкі — ix сястра Малгажата прыносіла ў парцэляновым кошыку, абкладзеныя лютом. Твор мастацтва, абразок местачковай культуры...
Маці Даны ў касцёл хадзіла — нібы выпадкова, між іншым. Адвакат, здаецца, не ўлада, i беспартыйная, але ўсё ж афіцыйная асоба...
Аднак Вольга Станіславаўна не адну ноч праседзела разам з пані Магдай, каб пісаць апеляцыі, — трэба адчыніць касцёл для вернікаў. Маці з таго таксама мела, мабыць, на тую пару рызыку... Як i ад знаёмства дачкі з жанчынамі пры касцёле. У жыццёвых, побытавых варунках — найперш з пані Магдай.
Пані Магда была чалавекам свецкім, святовым, у адрозненне ад сястры Малгажаты. Сваёй сям'і ў пані Магды не было — i Дане пашчасціла зазнаць увагу i спагаду яе. Дарэчы, Дана не разумела ні тады, ні пазней гэтага з жальбой прамоўленага: самотная, адзінокая. Магчыма, то не было splendid isolation9, але было станам, які дае магчымасць засяродзіцца на руху душы, спрычыніцца волі духу, спазнаць мудрасць не затлумленага клопатам жаночым, сямейным існавання. Пані Магда не была ні маралісткай, ні ментаркай, яна проста прыходзіла да ix у дом. Да маці. Пазней, можа, больш да дачкі. Без нагоды. З нагоды. Яна адна называла Дану яе імем, „Панна Дамініка”, — прамаўляла яна, пасміхаючыся. Хто i калі стаў клікаць Дамініку Данай — ніхто на памятаў. I мала хто ведаў, што яна не Данута, як то павінна было б вынікаць ca скарочанага імя. „Дамініка!”, — пані Магда прамаўляла гэта нават радасна-ўрачыста. Потым мала хто ў жыцці яе так клікаў, але было тое неверагодна прыемным напамінам. Часам пані Магда давала сабе клопат аднавіць строі, часам распачаць якое шытво. „Крыху памадэліруем”, — прамаўляла пані Магда. I яны мадэліравалі — больш, падобна, душу, як постаць. Калі была пашытая тая самая сукенка, якую саромелася апранаць Дана — занадта шыкоўная, — дзед быў задаволены: „Насі доўга. Колеры нашай дзяржавы”. Пані Магда падтрымала: „Святыя колеры”.
З пані Магдай яны вялі доўгія размовы пад час школьных i студэнцкіх вакацый. Калі Дана з'ехала ў Менск, пані Магда пісала ёй: „Дарагая мая! Набліжаецца нікому не вядомы дзень Твайго Імя. Сапраўдныя твае імяніны. I толькі тая твая старая, несучасная сяброўка лічыць гэты дзень важным для цябе.
Ліст гэты ты павінна атрымаць напярэдадні, тады згадай сабе, што некалі жыла маладая, можа, прыгожая асоба з такім імем, што фігуруе ў календары. Звярніся да Яе, пад Яе абарону...
Не май сумніву, па той бок могуць быць у нас Сябры i Абаронцы. I калі нам цяжка, мы ва ўзбуджэнні можам да ix звяртацца i ў ix шукаць парады. Толькі трэба прыслухоўвацца да ix адказу, а можа, ix адказ нам не заўсёды прыйдзецца даспадобы.
Мы жывём сёняшнім днём, але здараецца гак, што тое, што сёння выдае важным, надалей у будучым прымае зусім іншую вагу”.
„Sursum corda” 10 — суцяшала Дану пані Магда.
Sursum corda! Трымайся! Згадвала Дана пані Магду, калі было скрушна i крыўдна, калі лірычныя ілюзіі i рамантычныя мроі раструшчваліся безапеляцыйнай рэчаіснасцю, што шчарупкі пад ботам рыбара, i брала мудрую кнігу i чытала: бачыў я пад сонцам, што не прыткім даецца ўспешлівы бег, не храбрым — перамога, не мудрым — хлеб, i не спраўным — благасць, але час i выпадак для ўсіх”.
Час i выпадак здараліся зрэдзьчасу, але здараліся. Былі дарункі жыцця. І знаёмства з пані Магдай i сястрой Малгажатай — з найважнейшых. I ведучы, больш падсвядома, у будзённай сумятні, падлік страт i набыткаў у адвечнай спрэчцы паміж Боскім i чалавечым, Дана ўсё сваё існенне ў чарадзе дзён адчувала ix прысутнасць у сваім жыцці як сімвал сапраўднага i справядлівага. Яны не прысутнічалі на дзействе яе жыцця, яны далікатна нагадвалі пра ідэалы i светлы наіў маленства.
Хаця рэчаіснасць пасміхалася з ідэалу i наіву. І ў гады маленства. I ў часы дарослыя. Падкідваючы дзействы па прынцыпу абсурду.
Прынцып абсурду
99,9 працэнта — іншых лічбаў статыстыка краіны не ведала. Толькі так — амаль аднагалосна. У адзіных шэрагах. У адзіным парыве.
„Адзіны парыў” рыхтавалі пастаўнікі, службоўцы, розныя канцылярысты, актывісты-рабочыя. I, безумоўна, павінны былі весці рэй юрысты. I маці, разам з Галінай Яўгенаўнай, суддзёй, ішлі пешшу — лютаўскай завеяй, па вёсках. З'яўляліся закуржавелыя, скасцянелыя — варылі бульбу, пілі гарбату. Галіна Яўгенаўна, адтаўшы, голасна смяялася i расказвала, як яна рабіла ў міліцыі Маскоўскага метро. А на выбарчы ўчастак суддзя з'яўлялася, як на свята, у яркай-яркай сукенцы — гэты колер лічыўся надзвычай модным i зваўся „электрык”. У працэсе i на працы Галіна Яўгенаўна заўсёды была ў суровым ангельскім гарнітуры — ён выглядаў на ей мундзірам. Можа, быў перашыты са старой формы? У госці ж да Азарэвічаў яна прыходзіла ў той самай сукенцы, што i на выбары, заўсёды спявала, нібыта ўскрыквала, нейкія рускія прыпеўкі. I распеўна вяла шчымліва-голасныя песні. „В красной рубашоночке, хорошенький такой”, — захаплялася Галіна Яўгенаўна.