Дзень выбараў быў што судны дзень. Маці падрывалася ледзь не сярод ночы: у шэсць гадзін трэба было ўжо адчыніць дзверы выбарчага ўчастка i быць напагатове. Здаецца, гадзіны ca дзве-тры камісія сядзела там сам-насам. Потым пачыналі паціху ісці выбаршчыкі. Гадзіне a дванаццатай аж гул ішоў. A ў дзве гадзіны пачыналі шныпарыць па адрасах. Хто не прагаласаваў? Тое было страшэнным грахом — адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Калі хто настойваў на сваім вольным праве не галасаваць — больш за ўсё пакутавалі агітатары: не змаглі давесці важнасць падзеі, садзейнічаць парушэнню блока камуністаў i беспартыйных.
Маці Даны i Галіна Яўгенаўна, так бы мовіць, сімвалізавалі сабой той блок — i шчыравалі як маглі i нават больш за свае фізічныя магчымасці. Маці пасля ўсіх урачыстых падзей пакутавала на галаўны боль — потым высвятлілася, што гэта былі гіпертанічныя крызы. Галіна Яўгенаўна таксама не цвіла здароўем.
Ну, але то быў нуднаваты i афіцыйна зацыклены свет дарослых. Для Даны i яе адналеткаў цікава было зусім іншае. На ўсіх выбарчых участках — у дзвюх школах, у тэхнікумах, у школе механізацыі — грала музыка. I можна было зусім свабодна, без запрашальных былетаў ці яшчэ якіх „квот” зайсці i танчыць. Незалежна ад узросту. Увогуле Дана не спяшалася стаць дарослай. Але ў дарослых было досыць многа пераваг, перш-наперш — незалежнасць. I магчымасць заходзіць куды хочаш — так ёй здавалася. А пад час выбараў у ix, падлеткаў, з'яўляліся паравагі. Ніякіх абавязкаў, нават галасаваць не трэба, а танцаваць можна колькі заўгодна i дзе заўгодна.
Урэшце выбарчая мітусня заканчвалася. Абраннікі народныя, клішыравана падобныя адзін да аднаго, займалі свае месцы на партрэтах, якія выцягвалі аднекуль пад час дэманстрацый. Здавалася, што нідзе канкрэтна, акрамя тых сховішчаў i партрэтаў, яны не існуюць.
Пазней Дана столькі разоў i ў такіх кантэкстах чула пра свабоду выбараў. Бачыла змены дэкарацый i змены „каравула” асноўных дзеючых асоб, але галоўнае заставалася нязменным: прага ўлады, мітусня слоў пра волю, пра шчасце народа, а шчасце ўсё неяк, паводле вялікага паэта, было такім блізкім, такім магчымым, але заўсёды блукала, вандравала недзе там, дзе быў яе народ, людзі, што жылі побач з ёю. I прыходзілі новыя гападары, з тымі ж i новымі лозунгамі — a нічога не мянялася. Стракацелі новыя героі, з ix ужо не паспявалі рабіць партрэтаў, абыходзіліся фотаздымкамі i кадрамі хронікі — тым часам тэлехронікі, бо скрынка гэта замяніла сабой i сад, i aгaрод, i відовішчы. Прынамсі, для большасці яе суайчыннікаў. I не суайчыннікаў таксама. Прыходзілі новыя, спрачаліся, ішлі напярэймы, выходзіў зазвычай не лепшы. I ўсё адбывалася наноў. Круг рабіўся шырэйшы, але заставаўся кругам. Колцам. Палітычныя міжсабойчыкі. Мастацкія міжсабойчыкі. Каляграшовыя міжсабойчыкі. Там таксама былі таленавітыя, менш таленавітыя, зусім бязладныя i бяздарныя, але пры пасадзе ці нават пры месцейку, што жывіла многіх, i вабіла, i давала калі не наедак, дык магчымасць падыграць, пакрасавацца, падстаўбуніцца. I які-небудзь вызнаны дзеяч Адраджэння цягнуў на п'едэстал побач з Блокам цётачку-паэтачку, якой цана ламаны грошык у самы ўдалы кірмашовы дзень.
Людзі Данчынага маленства — ці фарысействавалі, ці шчыра памыляліся, хто ix ведае, але цапу памылкам сваім плацілі высокую, сваёй, не чужой, „гибелью всерьез”. Галіна Яўгенаўна, пазней старшыня абласнога суда ў Гародні, калі яе везлі ледзь не ў непрытомнасці, каб рабіць тэрмінова пункцыю спіннога мозгу, даводзіла, лежачы на насілках: „Завязіце мяне ў суд. Мне трэба здаць партыйныя дакументы”. Яна была сакратаркай партбюро. Цвікі, паводле таго вызнання паэта, былі б з яе кволай абалонкі нетрывалыя, але свой шлях яна прайшла i Галгофу сваю займела. Дзеля чаго ахвяра? Яна была ўпэўнена, што дзеля сапраўднай справядлівасці. A ці была справядлівасць пазней? I ці ўвогуле яна была калі-небудзь на зямлі? Xiбa што якімі момантамі. Спарадычна. Як нагадванне пра найвышэйшы закон. А што Анёл у ценю крылаў? Што тыя сілы, да якіх звяртаецца амаль кожны, нават знясіленыя духам?