Выбрать главу

Пакеты i выпрабаванні — як сэнс жыцця з Хрыстом? „Я вырашыў нічым не хваліцца, акрамя як Крыжам Госпада нашага Іісуса Хрыста”. „Цяпер радуюся ў пакутах маіх за вас i імкнуся дастачыць тое, чаго не стае ў плоці маёй ад пакут Хрыстовых”. Ну, гэта веданне было дадзена апосталу, а што нам, шэраговым? Дане не хапала гэтай прасветленасці пакутай, хаця яна цярпліва трывала, надавала веры i тлумачыла сабе нават не тэарэтычна, а тым, што глыбей i вышэй за тэарэтычнае, — існаваннем Духа, што дае светлату i абнаўленне.

Выбар... Гэта заўсёды засталося нейкай стрэмкай у душы, нечым, што даецца цяжка i чаго хочацца пазбегнуць. Некуды адысціся, сысці. Збегчы. Выбар нагадваў пра дысанансы існуючага. I хацелася выпасці з рэальнасці, апынуцца ў нейкай прасторы i ў нейкім часе, дзе ўсе гэтыя мітуслівыя выбары, людзі, што лічаць сябе абраннікамі — людскімі i Боскімі — не ў цане. Дзе ўвогуле само разуменне „цана”, „каштарыс” не існуе. А ёсць упэўненасць, i вера, i тое адчуванне святла, што бывае толькі пасля цямніцы.

I няма ніякіх законаў, прэзумпцый нявінаватасці, ніякіх дэфініцый, фактаў, доказаў... Арсенала з атачэння яе маці.

Дане падабалася i не падабалася прафесія маці. Падабалася — быць дачкой адваката. Маці адзіная ў горадзе мела такую прафесію. Гэта потым з'явіліся яшчэ яе калегі. Падабалася, што маці робіць „у судзе”. Так казалі. Падабаўся знешні рытуал. „Устаць. Суд ідзе”. I ўсе застываюць — як пры выкананні гімна.

Дане не падабалася, што прафесія юрыста грунтуецца на фактах, дэталях, дробязях. Гэтыя бясконцыя старонкі судовых спраў, што вывучала маці. Жыццё потым пасмяялася над Данай. У музеі яна, не самая дурная, заўсёды складала каталогі, рыхтавала выставы, пісала анатацыі. А нехта ездзіў ладзіць вернісажы, галёкаў з подмасцяў, красаваўся на імпрэзах...

Можа, i варта было стаць адвакатам? Патрэбны чалавек. Як стаматолаг. Як кравец.

Як гэта? „Хай згіне свет, але здзейсніцца правасуддзе!” — „Fiat justitia, pereat mundus!”

Fiat justitia, pereat mundus!

Так пацвельваўся адвакат Галіцын з суддзі Кацяўца — самага галоўнага старшыні з Гародні. Замест прывітання ён гаварыў: „Fiat justitia, pereat mundus!”

Было гэта пад час так званых выязных сесій. Бясконцых паказальных працэсаў.

Пад час выязных сесій у ix часам нехта спыняўся — атэль быў малы i няўтульны. A калі ніхто не атабарваўся ў ix хаце, дык абавязкова прыходзілі пасля заканчэння працэсу. На вячэру. Дана не ведала, ці залежала гэта ад прысуду ці не. Мабыць, ва ўсіх была патрэба лучнасці, гаворак, нейкага пярэдыху пасля шматдзённай, з ранку да вечара (часам i гадзін да дзесяці) працы.

У суседні пакой, дзе сядзела Дана, даносіліся фразы, чапляліся за слых словазлучэнні накшталт „склад злачынства”, „абвінаваўчы акт”, „касацыйная скарга”, „факт злачынства”... Або незнаёмая прыцягальная латынь: „Confessus pro judicato habetur”. „Той, хто прызнаўся ў злачынстве, лічыцца асуджаным”. Латынню звычайна карыстаўся Кацявец — вымаўляючы фразы ўрачыста, прыгожа, паводле ўсіх правіл рыторыкі. I нібыта між іншым, як рэпліку ўбок, кідаў пераклад. Высокаму, са строгім класічным тварам, Кацяўцу нібыта самім лёсам вызначана спраўджваць справядлівасць паводле законаў. Яму была б вельмі дарэчы мантыя. Але на тую пару мантый не насілі, i свой класічна-адукацыйны „дэкор” старшыня абласнога суда спраўджваў без знешніх атрыбутаў. Затое — на класічнай латыні. Яго барытон аксамітна пераліваўся: „Jus talionis, закон таліёна, заўсёды мае сваіх прыхільнікаў”, — даводзіў ён Галіцыну. Той быў адвакатам. Прыехаў у Гародню з Пецярбурга — ён інакш не называў гэты горад: ніякіх там пралетарскіх „Піцераў” ці афіцыйных „Ленінградаў”. Галіцын падкрэсліваў сваю багемнасць, знаёмства з тамтэйшым акцёрствам. Падкрэслена, не на првінцыйны лад насіў доўгі шалік — перакінуўшы праз плячо. І — як Кацярына Пятроўна сваімі футрамі — так i ён уражваў уяўленне гурый абласнога i раённага маштабу шырачэзным паліто бэжавага колеру i карычневым велюравым капелюшом. Тым часам большасць мужчын афіцыйнага статусу фарсіла ў ботах, галіфэ i мундзірах — ці то даношваючы ваенную форму, ці то мімікруючы пад правадыра, дык Стас Апалінарыевіч быў постаццю не толькі заўважнаю, але i з пэўным эпатажам. Латыні ён не ведаў, але затое ведаў процьму вершаў, памятаў немаведама колькі трапных цытат, вершаваных i невершаваных, меў не мепш гучны голас, як Кацявец, i мог паводзіць сябе куды больш вольна за старшыню суда. Адвакат...

Пабачыўшы Кацяўца, ён абвяшчаў тую самую каронную фразу пра ўсемагутнасць юстыцыі i дадаваў: „Да, да, и знал он хоть не без греха, из „Энеиды” два стиха”. Самаіронія не была чужая яму. „Анатоль Петрович, — звяртаўся ён зноў да Кацяўца, — не испепеляйте меня взором, грешен, грешен... На площади, знаете, харчевня, вполне, знаете ли... Самое забавное — её называют: «Чайная Бескина». Запад...” Кацявец хмурыўся, але маўчаў — працэс скончыўся, дзякаваць Богу... А Стас Апалінарыевіч мог „аскароміцца” i ў самы непрыдатны момант. Аднак, як с хітрынкай прамаўляў Галіцын, той „мирволил ему”. А сам Кацявец гаварыў: „Люблю таленавітых людзей, маю слабасць”.