Выбрать главу

Тут, у пакоі, маці таксама была вясёлая, бадзёрая, ззяла ўсмешкай, гасціннасцю, любасцю. Ажно Дана ведала i той бок гасціннасці, па-за заслонай. Ніна касавурылася i кволілася, як толькі падаваўся знак пра гасцей, i маці смажыла, мясіла, выпякала, упрыгожвала, раскладвала — тут Ніна i сапраўды не мела ад матухны-прыроды i намёку на густ. A маці стамлялася, злавалася, шыкала на ўсіх — i Дана ненавідзела тых качак i тыя пірагі.

Святы — зусім іншае. Усё рабілася загадзя, спакойна, спакваля, спраўна, не за адну ноч. Аднак маці, мабыць, усё ж любіла быць гасціннай. Любіла гэтыя нячастыя сходкі, зборні, гаворкі. Проста хацела зрабіць добрае людзям. I калі частавала іx, i калі запрашала, каб жонка нейкага адваката, быўшы бухгалтарам-рэвізорам, пад час сваіх камандзіровак жыла ў ix. Шаблінская, як i Кацявец, вучылася колісь у гімназіі, латынь i французскую яна, праўда, не ўжывала, але прывозіла здымкі, дзе яна была зусім не падобная на сённяшнюю паважную кабету. У гімназічнай форме, у прыгожым капелюшы, у старадаўнім жакеце i з муфтай.

Адноечы да ix прыязджала i матчына сяброўка, пагроза вобласці, палкоўнік юстыцыі, пракурор Антаніна Фёдараўна Сталыпіна.

Выпадак быў не з пракурорскай кампетэнцыі i не з яе, так бы мовіць, практыкі. Антаніна Фёдараўна прыехала прыватным парадкам. Данчынай маці зрабілі прапанову ўзяць шлюб. Ці не з лёгкай рукі некага з яе калег, здаецца. Прэтэндэнтам на шлюб быў не хто-небудзь, a оперны спявак з Вільні. Бачыў i чуў яе пад час працэсаў у Гародні: можа, тэатр быў там на гастролях, можа, акцёр трапіў па нейкай іншай нагодзе. Але так ці інакш — чуў, бачыў, шукаў. Знайшоў. Маці была настроена рашуча: „Мысліцца, яму патрэбна ахмістрыня i кухарка”. Антаніна Фёдараўна — з высока плоенымі валасамі, з паставай патомнай уладарыні, высокая, паважная, у доўгім блішчастым крэпсацінавым капоце — сядзела за сталом, як на троне, кубак кавы трымала ў руках, што сасуд капланкі. Словы нібыта падалі ў той кубачак i раствараліся там — не, звякалі i асядалі на донцы. „Зра-зумей, мая ка-ха-ная, ка-лі на а-кен-цы ня-ма фі-ран-кі, дык лепш га-зет-кай пры-крыць. А тут са-а-лідны чала-век. Ну, нават калі аманткі там, кветкі, што табе? Ты ж не паміраеш ад вялікай любві. Кватэра ў цэнтры Вільні, дача (па тых часах немаведама якая раскоша). Будзеш жонкай не нейкага клерка ці настаўніка, a саліста тэатра. Такі шлюб, нават скасаваны, надае вагі жанчыне. А тым больш адвакатэсе. Уяўляеш, як кліенты будуць ляцець?”

Але маці газеткі, нават сталічнай, на вокны не хацела. Яна любіла шторы з добрай тканіны. I яшчэ занавесы з цюлю. Кастэля дык кастэля. А не — дык лепш акенцы зачыніць i нікога не пушчаць.

Дана тым часам нічога не мела супраць таго, каб маці, як меліся гаварыць дарослыя, „уладкавала жыццё”. У Даны парады не пыталіся, i яна ўшчымілася ca сваім маналогам-дазволам сама. Яна — не супраць, будзе трымаць нейтралітэт. Бацькам нікога называць не збіраецца, але ж чыніць перашкод не стане.

Пазалетась у маці быў яшчэ адзін сур'ёзны прэтэндэнт. Матчыны калегі ведалі пра „зайздросную партыю” i тым часам папікалі Вольгу Станіславаўну: „Ну, чаго ж...” Маці рабілася яшчэ больш сур'ёзнай, як звычайна, падымала правае брыво i з выглядам пакрыўджанай дабрачыннасці адпрэчвала: „У мянс ёсць дачка. Я жыву дзеля яе”. Часам тое гаварылася i ў прысутнасці Даны, i ёй было няёмка. Чулася нешта тэатральнае, астэтанцыйнае ў словах маці. Як i ў тым, што Вольга Станіславаўна любіла летам пад час адпачынку ці проста выхадным днём, апрануўшы Дану ў блакітную матроску i капялюш з блакітнай стужкай — выкапаная класічная дзяўчына з „добрай сям'і”, — выпраўляцца ў парк на шпацыр.

Дана любіла маці, але не любіла гэтую абавязковую, падкрэслена перыядычную акцыю. Горад меў тры месцы, дзе збіраліся ўсе: круглым годам — кірмаш, зімою i вяснова-восеньскай слотам — кіно ў РДК, а пазней у кінатэатры, летам — замак i парк. Гулялі, дарэчы, не па замчышчы, a ішлі ў парк той гарою, дзе быў пагорак Паэта, танцпляцоўка i пахілы доўгі спуск у парк. Нехта ішоў у парк каля школы, нехта кіраваўся паўз касцёл, як яны.

Пазней Дана зразумела маці. Так, Вольга Станіславаўна дэманстравала сваю сямейнасць, сваю незалежнасць, сваю абароненасць, сваю жаночую строгасць. Так, яна адна. Але ў яе ёсць праца, любімая, ёсць дачка, любімая, яны маюць што апрануць, ім не грэх выйсці на людзі. Пасля працы, пасля сумленных турбот. І гэта Дана была яе заслонай, яе фіранкай. Не, жалезнай занавесай кастэлі: накшталт тых, што апускаліся i падымаліся ў замках перад мастом цераз роў. Да таго ж пакрыёма гэтыя шпацыры аднаўлялі нешта з мінулага Азарэвічаў. І, дарэчы, калі быў дзед, праменады мелі нейкі іншы сэнс. Дзед не падкрэсліваў нічога. Апранаўся ён проста, але не падобна да іншых: грубай вязкі камізэля з пасам i кішэнямі або шарачковая куртка i выцвілая шапка з доўгім казырком — канфедэратка, як тлумачыў Дане дзед. Маці нешта цёмна паглядала на тую шапку i купляла дзеду капелюшы — велюравыя, саламяныя, i розныя фуражкі-кепачкі. Дзед дзякаваў i складваў усе тыя ўборы ў шафу. I насоўваў на лоб выцвілую канфедэратку. Сустракаючыся са знаёмымі, ён цырымонна здалёк падымаў шапку. Урэшце мясцовы майстар-кравец Бузук аднавіў дзедавы гардэроб — аднак выключна ў тым жа выглядзе, як таго схацеў дзед.