У дзеда, мабыць, адносіны з гэтымі пані былі яшчэ больш складанымі. Ён усё спрабаваў у тую вузельню ca стагоддзяў i тысячагоддзяў уплесці i нейкую сваю нітачку ці пакінуць літару (ці кропачку?) у вавілоне тамоў. Аднак аналы тыя былі раўнадушныя да статыстаў. Што для гісторыі чалавечая адзінка? Яна пераходзіць у індывідуум толькі на ўзроўні „вяршыцеляў лёсу”.
А як паглядаў на статыста Анёл у ценю сваіх крылаў? Падобна, яму не вельмі падабалася, што дзед ад'язджае з радзімы. У кожным выпадку быць пахаваным побач са сваёй Марыяй дзеду не выпала...
Тады Дана яшчэ не ведала безвыходнага значэння слова „назаўсёды”. Ды i слова тое не вымаўлялася. „Да сустрэчы”, — пагладзіў па галаве Дану дзед. Мелася на ўвазе, што яны з маці будуць прыязджаць да яго.
Усё ж — чаму з'ехаў дзед? Не пабачыў той зямлі, да якой імкнуў? Не знайшоў на ix котлішчы нават цагліны? Ад фальварка не засталося i знаку. Не хацеў хаваць свайго мінулага? Не паразумеўся з дачкой? Маці ўгаворвала яго. „Дана расце. Бацькі няма. Ёй сама вучыцца. Вучыць мовы. Ды i мяне амаль што не бывае”. Дзед, нават не пацвельваючыся, сцішана даводзіў: „A ці на карысць будуць тыя веды? Ды калі захоча — „для разумнага веды лёгкія”. А так спытаюць — адкуль? Навошта? Супакойся, дачка. „Валадар неба i зямлі дасць табе радасць замест смутку твайго. Супакойся...”
Дзед, верагодна, мудра здагадваўся, што яны могуць i не пабачыцца больш. Маці пачала хварэць. Дзед набіраў гады. Паміж імі было дзесяць тысяч кіламетраў.
Паехала Вольга Станіславаўна ўжо толькі пакласці кветкі каля крыжа...
Адышоў дзед у восемдзесят шэсць гадоў, пахаваўшы сваю Марыю ў сорак i так i векаваўшы адзін увесь век.
Тады, у ix горадзе, дзед — у сваёй неадменнай канфедэратцы — памахаў Дане з „кукушкі”, так зваўся цягнічок на ix вузкакалейцы. Маці праводзіла яго да Баранавічаў...
Мабыць, ад дзеда — Дане лёгка даваліся мовы. Але веды старога Азарэвіча адышліся разам з ім — ніхто з нашчадкаў не пераняў ix: іронія лесу, іронія часу. Калі Дана пачула неяк, што вядомы акцёр у дзяцінстве страшэнна злаваўся на бабку, як тая клікала яго па-французску, яна згадала свайго дзеда, i маці, i сябе.
На тую пару ўжо i маці знайшла апошні прытулак на сталічных могілках.
I праводзілі яе землякі i суседзі. I калегі. Прыехаў суддзя Жыткевіч, з Гародні, праз дваццаць год пасля сумеснай працы ў ix горадзе. На тую пару ён займаў колішнюю Кацяўцову пасаду — быў старшынёй абласнога суда. Прыехалі суддзі, натарыус, справаводы, сакратаркі... Суседзі... Была нейкая нітка ў хаосе жыцця, што не давала гэтым людзям забыць адзін аднаго. Гульні i трагічныя каверзы часу ўспрымаліся імі як нешта абавязковае, жудасна лагічнае, тое, чаго нельга пазбегнуць, i трэба падпарадкоўвацца нейкім вызначаным законам. Сацыяльным? Усясветным? Лакальна вызначаным? Пражытае i непражытае для ix яшчэ мае сваю сувязь, якую нельга парушыць. I ўмоўнасці побыту i звычаяў падпарадкоўваюць ix сабе. Яны не рушылі той „свет насілля”, яны жылі за ладам, што праіснаваў 74 гады, прымалі гістарычныя i сацыяльныя рэаліі як устойліва існуючыя, дзяржаву як уладаванне, у якім трэба весці сваю лінію жыцця, адпаведна з прынятымі законамі: юстыцыі, этыкі, маралі.
У якіх адносінах яны былі з тымі старонкамі гісторыі, калі людзі ix прафесіі наўрад ці маглі быць убаку — гэтага Дана не ведала i не даведаецца ніколі. Адно было пэўна зазначана ў біяграфіі маці. Пад час вайны яе выклікалі ў НКУС: людзей не хапала. I яна згадзілася ісці ў ваенізаваную пажарную ахову — відаць, гульні з агнём былі самымі бяскрыўднымі. Потым яна наказвала Дане абавязкова ў біяграфіі пазначаць гэтую яе службу, хаця жарты з агнём працягваліся нядоўга: Вольгу Станіславаўну выправілі ў дзіцячы дом, дзе былі „цяжкія” падлеткі пасля ўцёкаў на фронт. Маці мела, акрамя юрыдычнага факультэта, яшчэ i педтэхнікум. Дана памятала з тых часоў пасёлак з пазабіванымі вокнамі — замарожаны аб'ект. Ночы на адзіноце, з сабакам, i маці ў галіфэ i фрэнчы. А з дзіцячага дома помніліся — пад'ём a шостай гадзіне, ссунутыя сталы, на якія маці клала яе дасыпаць. I яшчэ — перавернутую мэблю дзіцячага дома i маці ў нейкім кажуху: гулялі ў вайну. Пасля НКУСа Вольга Станіславаўна гатовая была хутчэй за ўсё i на месячык на возе ехаць.