Постскрыптум дабрачыннасцяў
„Усё для фронту, усё для перамогі”, — гэты лозунг маці ўспрымала літаральна. Яна здала ўсе клейноты у „фонд абароны”. I здавала кроў. Група крыві ў яе была першая — вельмі зручная для прамога пералівання. I тры разы з маці выкачвалі столькі, колькі было трэба. Донар-патрыёт — пісалі ў мясцовых газетах. Газеты „з'ехалі” ў тым жа знакамітым куфры.
Як высветлілася, дзейнасць донара-патрыёта мела досьщь сумныя вынікі. Дванаццацігадзінны працоўны дзень таксама зусім не спрыяў здароўю, a камандзіроўкі — тым больш. Адноечы раніцай Вольга Станіславаўна не ўстала. I гэта была не якая-небудзь ангіна — Дана з ix не „вылазіла”, як відавочна грэбліва пазначала Ніна. У маці накрыж адняліся рука i нага. Доктар Гордзін дыягназ паставіў адразу — гіпертанічны крыз. I дамовіўся з нейкім сваім знаёмым у Менску пра кансультацыю. А мясцовая ўлада нават адшкадавала стары, зацёўханы „опель” з шафёрам на падарожжа.
„Опель” глохнуў на самых рызыкоўных скрыжаваннях, шафёр злаваўся, маці нервавалася, медсястра, што суправаджала ix, захоўвала выгляд індыйскага Буды, а Дана нават не глядзела па баках, хаця ў Менску была ўпершыню. Запомніла з таго разу больш назвы: Другая клініка, неўралагічнае аддзяленне, Ніжні базар — незразумела чаму, бо ніякага базару не было. Лысаватыя горкі з нейкімі кволымі дрэўцамі каля Опернага тэатра i каля Свіслачы — яны выраслі разам з ёю i сталі пазней, калі Дана атабарылася ў сталіцы, яе любімымі паркамі.
Маці хварэла ўвесь красавік, травень, чэрвень — i толькі недзе ў ліпені стала, пакульгваючы, збірацца на працу. А тут Анёл у ценю сваіх крылаў згадаў пра ix i, мабыць, з ласкі сваёй міласць сваю аказаў. Маці выйграла грошы па аблігацыі. Hi тады, ні пазней Дана не ведала колькі. Яна ўвогуле неяк адстаронена ставілася да грашовых зпакаў. Але вандроўку ў Менск, вось гэтую, мела ў памяці доўга.
Маці вырашыла павезці яе i Ніну ў Менск. I зняла там апартаменты — інакш i не скажаш — нумар-люкс у атэлі „Беларусь”. Тры пакоі i дзве спальні-нішы. Сіні аксаміт мэблі i штораў. А на вокнах яшчэ крэмавыя шаўковыя са зборамі фіранкі. Калі Дана чатала Булгакава, дык згадвала вось такія крэмавыя шторы. У зале быў нават раяль.
Маці набыла білеты ў оперны. I яны глядзелі балет. Музыка Залатарова — ішоў ягоны балет „Князь-возера” — уражання не зрабіла, але сам спектакль, танец, атмасфера тэатра, нейкая ўрачыстасць, храмавая узвышанасць надоўга былі з ёю. І як Вільня згадвалася саборамі, нейкім архітэктурна-ландшафтавым дзівам, так Менск меў свае асацыяцыі — з оперным тэатрам, люксам з сінім аксамітам i Другой клінікай. Пакуль не прыйшоў універсітэт...
Анёл у ценю сваіх крылаў, безумоўна, вырашыў узнагародзіць Дану тым летам. На дзень нараджэння маці прэзэнтавала цэлую гару кніг: чатырохтомнік Лермантава ў блакітнай вокладцы, „Новую зямлю” з прыгожымі малюнкамі, маленечкія кніжачкі Багдановіча i Купалы. I „Дыпламат” Джэймса Олдрыджа. I яшчэ — „Віцязь у тыгровай шкуры”. Напачатку Дана захапілася „Віцязем...” Потым, высвятляючы, чаму кніга зрабіла такое ўражанне, шукала перакладчыка: ён не быў пазначаны. I толькі праз доўгі час, ужо ў іншым, дарослым жыцці, даведалася, што гэта быў класічны пераклад Забалоцкага, забароненага на тую пару.
Чытала Дана ўзахліп Лермантава — яго постаць уяўлялася трагічна-таямнічай, прывабнай. Сваіх, беларусаў, яна адкрыла для себя значна пазней — не было дзеда? Не дарасла? Занадта яшчэ ліхаманілі яе ў дванаццаць год іншыя аповеды.
У тое ж лета Дана адкрыла для сябе, на яе погляд, цэлы скарб — праз некалькі дамоў ад ix зняла жытло жанчына, што рабіла ў гарадской бібліятэцы. Дана, як усе „запойшчыкі” — з ix i суседняй школы, брала кнігі ў школьнай, раённай i гарадской бібліятэках.
A ў бібліятэкаркі былі зборы твораў Стывенсана, Вальтэра Скота, Жуль Верна, Майн Рыда, Фенімора Купера, Дзюма-бацькі — спакуса падлеткаў. Але з парады той жа бібліяфілкі Дана ўпершыню прачытала Шэкспіра i Ралана, Стэндаля i Філдзінга, Голсуорсі i Растана, Шоў i Уайльда.