Выбрать главу

Гэты свет, размаіты i яркі, быў куды як больш цікавы, чымся ў тых кніжках, што стосам ляжалі на століках у бібліятэках i пра якія зазначалася: рэкамендаваныя. „Кавалер залатой зоркі”, „За цябе, Масква”, „Жніво”... Гэтыя кніжкі не мелі ні пераваг фантазіі, ні судачынення з рэальнасцю. У ix былі нейкія сувязі з рэчаіснасцю, якіх не магла ўспрыняць Дана, i яна падзяліла: прыцягальны свет яе кніг i неаспрэчная рэальнасць, якая выдавала таксама вельмі цікавымі сустрэчамі, кантактамі, сувязямі. Стварала атмасферу, у якой кожны пэўна адчуваў факт свайго існавання.

Факты існавання i субстанцыі быцця

Факт свайго існавання гэтая кабета з вёскі Нягневічы выдавала заўсёды грымотнымі гукамі голасу, мажной постаццю, нязбытна мажорным, нягледзячы на ўсе згрызоты лёсу, настроем. Быўшы кірмашовым днём у горадзе, яна абавязкова заходзіла да Азарэвічаў. Кандратчыха — інакш удаву Кандратчыка ніхто не зваў, — трапіўшы ў кватэру да Вольгі Станіславаўны, адразу ішла ў „залю” — толькі так уяўляўся ёй вялікі пакой кватэры. Скідала хустку з галавы, ставіла стул чамусьці пасярод хаты i вымала з торбы слоікі. „Во! Малачко i смятанка”. Малачком зваліся густыя вяршкі, а смятану можна было нажом рэзаць. З маці Кандратчыха была на „ты” — на знак незвычайнай павагі, прыязнасці i таварыскасці. „Ты ж мне самы найблізкі чалавек. У царкву i да цябе”.

Дана ведала, што ў Кандратчыхі сваякі забілі мужа — сякерай. Ці больш дакладна — пасеклі. Колькі было ранаў — нават экспертыза баялася памыліцца ў падліку. A зямля, з-за якой так крывава біліся, неўзабаве адышла ў калгас... Маці на судзе бараніла інтарэс Кандратчыхі. I даўно тое было, але Кандратчыха нечым так упадабала абаронцу, што ледзь не кожнага месяца прыязджала з дабрадзейнай данінай. I — барані Божа — каб узяла грошы. Ці села за стол. Пачостка ў доме Азарэвічаў была рытуалам абавязковым, але ў цёткі з Нягневіч былі свае завядзёнкі. Затое ад варэння ці ад печыва не адмаўлялася. „Я так не ўмею”, — тлумачыла Кандратчыха.

А на сваёй сядзібе яна ўмела ўсё: за жанчыну i за мужыка. Рабіла ў калгасе, на сваім дворышчы i ў хаце. Жыццё яе было падначалена адвечным законам, паводле якіх жылі яе аднавяскоўцы, яе маці, бацька, дзед, бабка i гэтак ледзь не да Адама i Евы. Райскіх садоў яна не прагла, Кандратчысе выдаваў зусім прыстойным яе ўласны надзел з ігрушамі i яблынямі. Вымогі цывілізацыі засталіся для яе на нейкім даўнім этапе, функцыянальна пазначаным гадавым гаспадарчым цыклам i асноўнымі кадяндарнымі святамі, што вагаліся недзе паміж паганствам, хрысціянскімі канонамі i сённяшнім атэістычным ладам. Кандратчыха давярала больш каню, як трактару, лічыла надзейнымі не грошы, a рэальны прадукт: сала, мяса, масла. Колькі ix ужо змянілася на яе вяку, тых грошай. A ўвогуле была стыхійнай экзістэнцыялісткай i факт існавання лічыла вышэйшым за субстанцыю быцця. Не раздумвала над сэнсам цуда жыцця, не тлуміла сабе галаву марнасцю хуткаплыннага часу. Яна — існавала. I кожным сваім пражытым днём тое пацвярджала, i адчувала сябе вельмі надзейна на зямлі. На гэтай, сваёй, нягневіцкай. I іншай не ведала. I не мела вялікай ахвоты зазнаць. Яна разумела, што недзе, па яе меркаваннях, не так скора, надыдзе немінучы момант расстання з гэтым светам. Але ў яе была i пэўнасць — усё будзе, як у людзей. Нават свайго забітага мужа яна выправіла па той бок дабра i зла як належыць. Ну, дык будзе каму тое справіць i з ёю. Грунтоўна, сур'ёзна. I, пакуль яна жыве, яна падпарадкоўваецца сваім уяўленням пра дабро, удзячнасць i справядлівасць.

За што была ўдзячная пані Тэрэза, адкуль было знаёмства, Дана не ведала. Падобна — фальваркі Азарэвічаў i бацькоў панi Тэрэзы былі некалі побач. Хаця пра тое ніколі не гаварылі. З'яўлялася пані Тэрэза раз ці два на год, улетку, з кошыкам малінаўкі, з аграмадным букетам гольчастых астраў. У шаўковай сіняй сукні з белым каўняром, урачыстая, старанна ўчасаная — тугія косы ляжалі цяжкім вузлом на патыліцы. Яна ніколі не адмаўлялася, у адрозненне ад Кандратчыхі, ад пачосткі: піла гарбату, каву, відавочна атрымліваючы ад таго рытуалу i ад гасцявання ў ix хаце задавальненне. Назад вярталася з кніжкай, скрыначкай духоў, крэмам ці вазелінай.

Некалі пані Тэрэза пабрала шлюб з мужыком, мела з таго вялікую знявагу сваякоў. Муж загінуў у трыццаць дзевятым годзе, на пачатку другой сусветнай, яна засталася адна з двумя дзецьмі. Цяпер мезальянс абярнуўся да ласкі лёсу, яна засталася ўдавой хаця i жаўнера польскай арміі, што не вельмі каб віталі сённяшнія ўлады, але затое — бедняка. Рабіла пані Тэрэза ў школьнай бібліятэцы i за адным — тэхнічкай, прыбіральшчыцай. Пані Тэрэза была прыгожая, ветлівая, негаваркая. I, падобна, той суцэльнай гарантыі ўпарадкаванасці лёсу, як Кандратчыха, не адчувала. Як i не адчувала суцэльнай мэтазгоднасці свайго існавання, сваёй працы, ладу свайго жыцця. I, мабыць, апошняе сваё імгненне не прадчувала завершаным акордам, заканамерным канцом шляху. Ёй відавочна яшчэ хацелася прайграць нейкі акт жыцця, хаця было зразумела, што ўсе варыяцыі сюжэта ўжо вычарпаныя. Пані Тэрэза ніколі не гаварыла пра сябе, не распытвала пра жыццё Вольгу Станіславаўну, ажно не прамінала выпадку пазначыць агульнае паміж імі — удовы. I жанчыны, на якіх трымаецца дом. Можа, гэта вабіла i Кандратчыху? Але, падобна, тая не адчувала, што ў ланцужку яе існавання не стае нейкага звёнца.