Выбрать главу

Жанчына, что насіла малако з Градзілоўкі, прыходзіла праз дзень, i гэта былі, так бы мовіць, рабочыя візіты. Кабета вылівала малако са збанка ў збанок, брала грошы i ішла дамоў. Тым больш што Вольга Станіславаўна была на працы, a ў Ніны гэтая наведвальніца цікавасці не выклікала. Ужо ў Менску Азарэвічы i сям'я гэтай жанчыны апынуліся ў суседстве. I Данчына маці мела з таго незвычайную асалоду: акраечак былога, тамтэйшага жыцця. У сваім горадзе. Данчына маці змушаная была прыехаць у Менск да дачкі з-за хваробы. Нё любіла ні гэтага горада, ні мікрараённага атачэння. Разумела неаспрэчнасць ходу жыцця, не пакутавала ад адзіноты — ды яе i не было, — але часам прамаўляла нібы сама сабе: „Там людзі гаварылі мне: „Пані адвакат, маю да вас інтэрас”. А тут я толькі твая мама. Ну a паколькі Дана не была ні знакамітым чалавекам, ні санавітым, дык той статус быў ані зайздросным, ані грунтоўным. А субстанцыяльныя, быційныя стрыжні былі для Вольгі Станіславаўны неад'емна злучаныя з фактам існавання, са статусам сацыяльнага існення. Немаштабнасць, расплывістасць становішча, што так упадабала для сябе яе дачка, відавочна, было не „пад мыслі” Вольгі Станіславаўны. Сядзіць у сваім музеі, піша артыкульчыкі пра мастакоў. Хто ix чытае? Хто ix цэніць? Хіба што героі допісаў...

Дана лічыла спраўджанасць па іншых мерках. Гаварыць пра тое ніколі не было заводу, аднак Дана адчувала маўклівую незадаволенасць маці.

Цікава, яе Хрысціна таксама была б расчараваная? Яна любіла пазначыць Дане лёс з пячаткай выбранніцтва...

Хрысціна... Hi з кім не было так добра, легка, нікога Дана не любіла так, як Хрысціну. Ix часам былі вакацыі. Пра тое не дамаўлялася, не вызначалася. Так — было. Хрысціна — на год i на клас старэйшая за Дану, i пад час шкалення сустракацца ім не выпадала. Затое як толькі надыходзіў ix час, яны ледзь не штодня хадзілі адна да адной. Каб не размінуцца, рушылі па вуліцы Савецкай, паўз сабор дамініканаў, не заўважаючы, між іншым, парадаксальнасці гэтых злучэнняў. Потым дзяўчаты ішлі ў бібліятэку, выпраўляліся пасля яе да Даны, садзіліся на канапу, у розныя куткі, i чыталі. Часам — сабраўшыся, наладжвалі гульні: паводле чытанага, гледжанага ў кіно i прыдуманага. Хадзілі па парку. Навыперадкі імчалі на замак. Лезлі на цэнтральную вежу — на апошнюю, самую верхнюю, прыступку, дзе была невялікая пляцоўка. Сядзелі моўчкі. З дзяўчат ix горада толькі яны з Хрысцінай „бралі гэтую вышыню”. Але не лічылі тое ані гонарам, ані надзвычайнай рызыкай, проста адтуль быў асабліва прыгожы краявід. Ну i, безумоўна, падабалася лезці на вежу, намацваючы нагой трывалы камень, адчуваючы паслухмянасць i спрыт цела.

Да касцёла Хрысціна хадзіла з маці, адкрыта. Дана — заўсёды адна. Але пані Магда чамусьці не вельмі любіла маці Хрысціны. Аднак гэтую звестку Дана пакідала ў нейкім далёкім закутку памяці. Без пані Магды яна не ўяўляла свайго жыцця. Ажно Хрысціна i яе маці, ix дом каля раённай бібліятэкі i могілак — былі неад'емным, натуральным, абавязкова існуючым.

Хата Хрысціны былі непадалёк ад могілак, i дзяўчаты лічылі натуральным хадзіць туды. Могілкі былі старыя, мармуровыя мадонны i анёлы выйгравалі ў параўнанні з цяжкімі стандартнымі помнікамі аднаму i таму ж чалавеку. Ix горад чамусьці аддаваў перавагу правадыру ў цывільным.

Мармуровыя мадонны сведчылі пра сувязь з найвышэйшым. Відавочна нагадвалі тыя часы, калі стандарт не гнаў ні дамоў, ні помнікаў. A самі эпітафіі i ix змест мелі на ўвазе ахоўную ўрачыстасць спрадвечнай латыні i высокую ісціну, што небыццё — гэта толькі іншабыццё.

„Прымі, Дух Святы...”

Благачыннасць Даны i Хрысціны выдавала відавочныя хібы. Яны неяк не задумваліся пра тое, што тут месца апошняга супакою, часцінка вечнага... Успрымалі гэтую супольнасць дрэў, статуй, агароджаў, камяніц як прыгожае месца. I проста хадзілі па ім, часам нават сядзелі на лаўках. I не адчувалі ні ўлады Вялікай Здані, ні свайго знаходжання на самым краі Леты. Не было страху, не было разумення, што гэта побач — зусім іншы пласт Быцця. Яны існавалі — i не задумваліся над гэтым фактам.