Выбрать главу

I Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, паглядаў на ix не злосна, але з відавочнай прыкрасцю. А мо i злаваў? Ажно гневу свайго не аказваў. На Хрысціну ўвогуле, здаецца, не злаваў ніхто. Яна заўсёды была ў гуморы, мілая, сімпатычная. З худзенькай, што драцінка, дзяўчынкі ператварылася ў крамяную, ладную, спрытную дзяўчыну. Калі ім надышла пара хадзіць на танцы, Хрысціна ніколі не падпірала сцяну ці печку-кафлянку плячыма, робячы выгляд, што астылая печка казыча цяплом. Хрысціна, як кажуць, мела поспех. Яна ведала — стыхійна — нейкія таямніцы спакойнага, ураўнаважанага стаўлення да ўсіх, мела немітуслівую ўпэўненасць у сабе. Рабіла толькі патрэбныя справы. I прафесію выбрала неабходную, вартую i спакойную — фармацэўт.

Нa вакацыі Хрысціна любіла доўга i соладка спаць, потым, лежачы ў ложку, чытаць да полудня — да вялікага дзіва сяброўкі. Дана ўзбівалася з ложка яшчэ да сонца, займалася рознымі справамі, не займалася нічым — але прачыналася абавязкова рана, прачнуўшыся, павінна была ўскочыць з ложка, прыбраць яго, пераплесці косы, вымыцца сцюдзёнай вадой. A ўвогуле — пачаць дзень з ранку. І з дзеяння. Тым не менш Хрысціна настойвала на нейкіх малапрыдатных амплуа для Даны. Дана аддавала належнае шчодрасці сяброўкі i скептычна глядзела на свой адбітак у люстры. Не, „у тваім гербе — цнота лілей” — не пра яе. Да таго ж рэчаіснасць сведчыць пра тое, што ў ix горадзе звяліся i рыцары, i героі. I ўсё ж — ёй падабалася пайсці да Хрысціны надвячоркам. На плошчы, на „пятачку”, як на плошчах усіх невялікіх гарадкоў свету, збіраліся мясцовыя маладзёны. Нормы этыкету патрабавалі, каб праскочыць, не пазнаючы i не вітаючыся. I сама праходка, немаведама чаму, выдавала рызыкоўнай. Не тое каб там атабарылася плойма мушкецёраў, але ж чуўся запал гульні, не абвешчанай, аднак пакрыёма прызнанай.

Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, сцішана пасміхаўся над ёю. A пані Магда з вышыні — ці далечыні? — свайго паўвеку канстатавала: „Які ў цябе прыгожы ўзрост”. Дана не разумела — узрост як узрост. Не разумела i сваю гаспадыню, у якой кватаравала ва універсітэцкія гады: „Ну, што ты ўсё з кніжкай сядзіш? Такія гады...”

Пазней, калі Дана дасягла пары, якую гжэчныя поляцы падаюць як узрост элегантнасці, часам, зірнуўшы ў люстра, яна згадвала i пані Магду, i сваю гаспадыню. Сапраўды, у тых год была безліч пераваг, таму ўзросту належала калі не логіка разваг, не неаспрэчнасць ісціны, дык, безумоўна, перавага беспрычыннай радасці, напрыклад. Калі сам факт існавання — святочны выпадак. Усё выдае ўдачай — нечаканыя сустрэчы, неспадзяваныя візіты, планавыя, так бы мовіць, загадзя падрыхтаваныя дзействы. Потым надыходзіць час, калі кожная неспадзяванка раздражняе, што парушае пазначаны ход падзей, неабходнасць некуды ісці выдае толькі абавязкам i патрабуе „пратакольнай” адпаведнасці выпадку. А яе, той адпаведнасці, няма. I твар, які глядзіць з люстра, мае адбітак усіх нудот i згрызот жыцця. Стомленыя вочы, змардаваныя „ланіты”, непатрэбныя, абмяклыя мышцы i непатрэбиыя лініі твару. „Сотри случайные черты...”

Дана не пакутавала ад тых метамарфоз, але ёй здавалася алагічным, што на той момант, калі ёй трэба, яна не можа накінуць, прыстачыць, як урачыстае ўбранне, нейкі больш-менш прыстойны, адпаведны выгляд. Яна заўсёды рабіла, заўсёды да стомы, натура помсціла за гэта. A мастацтвазнаўца ў Дане аспрэчвала гэты вердыкт натуры. Дана прытрымлівалася традыцыйна класічных поглядаў i мела за асноўнае крэда мастацтва хараство. A ў жыцці хацела ўпарадкаванасці — унутранай i знешняй. I для сябе хацела не красы, а дабрачыннага яе эрзацу: пэўнага стылю, дагледжанасці, прыстойнай касметычнай маскіроўкі. Праўда, калі мець давер да анатамаў, дык ёй усё ж пашанцавала — яны сцвярджаюць, што з цягам часу ў людзей большае нос i вытыркаюцца вушы. Падобна, гэтае пакаранне яе абышло, дык i трэба дзякаваць лесу.

A ў тым, ix з Хрысцінай агульным існаванні, часам погляды сустрэчных гаварылі больш за люстэрка. Вочы людзей выдавалі нават больш лагоднымі i добразычлівымі, як тая халодная гладкасць шкла. Вочы Хрысціны таксама былі добразычлівыя. Як яна сама.

I тым не менш — ці то з бясспрэчнай логікі жыцця, ці то з-за легкадумнасці маладосці — яны згубілі адна адну. Ніколі не перапісваліся. Было зразумела — прыедзем дамоў, пабачымся. Ажно з'ехала ў Гародню маці Хрысціны. Жыла апошнія гады з Данай яе маці. Сувязь часоў знікла ў стракатай мешаніне геаграфічных кропак i значных i нязначных падзей. Дзе i як вядзе свой рахунак з жыццём Хрысціна? Ці яшчэ вядзе?