А можа, ёсць сэнс у тым, што яны засталіся адна для адной маладымі? I Хрысціна недзе далёка глядзіцца ў люстэрка. Ці паклала так званая мудрая сталасць адбітак на яе „лице”?
Тады — Хрысціна прынесла зачытаную польскую кніжачку. I Дана пазнала адзіную мелодыю, лейтматыў жыцця душы. Вобраз, ідэю ўвасаблення жаноцкасці i дзейснага існавання. Гражына! Нават этымалогія гэтага слова высвятляла яго сутнасць. Прыгожая... Красуня...
I не дзе-небудзь, у чужых краёх, а тут, у ix, на замку, куды Дана лётае кожнага дня, адбыліся гераічныя падзеі. I выратавала ўсіх жанчына. Гэта не ціхамірная дыкенсаўская Аінэса ці яшчэ якая „кроткая”, пяшчотная, квелая дабрачыннасць, што ўзнагароджвалася чамусьці хэпі-эндам. Не, прыгожая, смелая, высакародная...
Бясспрэчна, гэта яе ідэал. З Хрысцінай яны не гулялі ў Гражыну, яны, так бы мовіць, загартоўвалі сябе. На выпадак. А раптам — ix горад зноў стане горадам рыцараў i герояў?
З Бэцяй такога быць не магло. Там заўсёды заставалася нейкая паласа адчужэння i існавалі паразуменні i непаразуменні нечага.
Жыла Бэця ў тым месцы ix горада, якое звалася Псігуркамі — Сабачымі Горкамі. Там i сапраўды адзін пагорак каціўся ў яміну, а яму насустрач бег друті, гэткая сабачая гарэзія. A мо — гэта здавалася Дане, i на самай справе нейкія іншыя прычыны паспрыялі назве. Але так ці інакш, месца было такое — пагорак, лагчына, зноў пагорак. Жыла Бэця ў цемнаватым паўпадвале. Страшэнна худы i вясёлы яе бацька даводзіў ім: „Уяўляеце, колькі прэмій атрымаў бы Пушкін? За „Каўказскага палонніка”, за „Цыганоў”, за „Палтаву”... Ну, а за „Яўгена Анегіна” — хоць адразу ўсе прэміі яму аддавай”.
Чытанне было яго любімым заняткам, яго салодкай пакутай, яго сапраўдным жыццём. Усё астатняе — толькі малацікавы абавязак. Бэціна маці, чалавек практычны, прымала рэчаіснасць, не наракаючы ні на што, заўсёды нешта гатавала, цыравала, мыла. I, да вялікага здзіўлення Даны, падавала на стол спачатку тушаную бульбу з вынятай з супу курыцай, a толькі потым суп. Курыца была рытуальнай. У доме Азарэвічаў аддавалі перавагу ялавічыне, свініне, бараніне, i толькі летам, разам з грыбамі i маладой бульбай, з'яўляліся кураняты. На пост назапашвалі алею i селядцоў, калі ўдавалася натрапіць на тую рыбку. Апошні тыдзень перад Вялікаднем звычайна елі сухары i пілі гарбату з варэннем. A ў Бэці на Пасху рабілі мацу. Як на погляд Даны, прыдатны на самы шчыры пост наедак: тоненечкія сухія пласціны. Пра зыход, пра пустыню Дана даведалася пазней. А мацу Бэця прыносіла ў школу — Катляры на свята не запрашалі. Быў такі негалосны закон канфесійнага суіснавання. Пазней, у кніжцы, выдадзенай Ватыканам, Дана прачытала пра ix горад:
„Трапілі ўрэшце ў той горад, дзе палякі жылі побач з беларусамі, габрэі з татарамі, a ўсе разам выяўлялі ўласныя звычаі, уласную культуру, уласную ментальнасць, уласную веру, уласныя звычкі, схільнасці i непрыманні”. Непрыманні? Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, пільна сачыў за злагадай канфесійнай i нацыянальнай. Ну, a класічныя Liberte, Fraternite, Egalite11 былі ўзведзеныя, здаецца, да рангу абсалюту. Недасягальнага, але абвешчанага. Які нельга аспрэчваць, ажно i прытрымлівацца можна больш у тэорыі, што, як абвяшчалася, без практыкі безнадзейна мёртвая. I ўвогуле — гэта толькі настаўленне да дзеяння. Таму кожны інструктар самай галоўнай установы ў кожным горадзе меркаваў па-свойму i прымерваў сяк-так пачутую i прачытаную тэорыю да ўласнага інтэлекту i інтарэсу. Паколькі большасць інтэлектаў мела грунтам біялагічным не вельмі складаны генетычны код i досыць стабільна стандартызаваныя паўшар'і мозгу, дык кожны інструктар быў роўны свайму начальніку, a кожны ўпаўнаважаны быў роўны інструктару. I ўраўнаважваць біялагічныя імпульсы i гістарычна спазнаны ход думак i дагматы (не, настаўленне да дзеяння) адзінай самай справядлівай тэорыі імкнуліся на ўзроўні класічна-схаластычным i адначасова ваенізаваным i канцылярскім. „Даеш!” Сяўбу, жніво, выбары, вытворчыя паказчыкі. Штурм, аўрал — як норма жыцця. Натура Данчыных землякоў не прымала гэткага рытму, i жылі яны ледзь не да сярэдзіны пяцідзесятых на хутарах, адасоблена, адштурхоўваючыся падаткамі ад назалялага націску. Але паважаючы свабоду i роўнасць, з недаверам ставіліся да брацтва. Яно i ў сваяцтве не ўсё бывае добра, а чужыя — браты? Не, тут нешта не тое. Наконт светлых далячыняў недалёкай i далёкай будучыні не пярэчылі, больш трымаліся сённяшняга дня i вякамі зазначаных пастулатаў.
Бацька Бэці, падобна, падзяляў гэтыя настроі, аднак гаварыў зазвычай з дзяўчатамі выключна на тэмы літаратурныя. I аддаваў перавагу класіцы. Бэціну маці i сацыяльныя, i эзатэрычна-літаратурныя акалічнасці мала цікавілі, усё, што адыходзіла ад канкрэтнага, уласнага, сямейнага клопату, не мела для яе сэнсу. Жыву тут, у гэтым падполе, што мыш. Затое калі сям'я Катляроў перасялілася ў вялізны светлы пакой — ці не перад самым ад'ездам — яна акрыяла, часам нешта спявала сабе пад нос. I нават перамаўлялася з Данай якім слоўцам — чаго раней ў думках, здаецца, не мела. „Мой бацька быў нэпманам. Такі, як гэты, у мяне быў асабісты пакой”. І Дана ўяўляла сабе Бэціну маму ў футры, з клейнотамі i чамусьці ў вазку рамізніка. І з вялікім рыдыкюлем.