A ўвогуле гэта не мела для Даны значэння — якая была маці ў яе сяброўкі, тым больш у мінулым. Усё гэта існавала недзе на ўскрайку свядомасці i ўражанняў. А Бэця была выдатнай кампаньёнкай па чытаных кнігах i разумела самыя рызыкоўныя рамантычныя залёты Даны. Дана — падзяляла Бэціны мроі. Абедзве мелі адна да адной тую ступень разумення i ipoніі, як то трэба было для падтрымання сяброўскіх адносін. Калі пачыталі таго самага знакамітага „Авадня”, таксама ў ix гульнях не было ніякага сумніву — Бэця — Джэма, Дана — Артур.
Калі Бэця з'ехала з горада, Дана засталася ў салодкім, мройлівым свеце кніг, i толькі кніг. Хрысціна з'явілася пазней, a Іра з Менска была толькі госцяй, якую трэба было займаць, памятаючы святыя законы гасціннасці.
Дана ці не трыдзесятым разам перачытвала „Авадня” i не магла пазначыць, што больш вабіла яе — ці лёс Артура, ці рамантычнае каханне, ці водар таго спосабу жыцця, што на первых старонках кнігі: бібліятэка, расчыненыя вокны з узорчастым чыгунным ліццём, сад старажытнага кляштора дамініканаў, ружы... „Так, на пачатку дзён была бібліятэка, пыл, вавілон тамоў, пергамент, цішыня...” Потым, у Менску, пабраўшы ледзь не за сталае жытло галоўную бібліятэку рэспублікі, яна прачытала гэтыя вершы вялікага француза i падсвядома, не згадваючы канкрэтна, заўсёды памятала лаўку пад магноліяй, дзе вялі гаворку Мантанэлі i Артур, зал бібліятэкі кляштора... Наконт „Трох мушкецёраў” — Дана магла пэўна зазначыць, што гісторыя з клейнотамі каралевы не цікавіла яе, але стыль паводзін шэвалье, дуэлянтаў i малайцоў, Парыж часоў кардынала Рышэлье, водар эпохі — гэта яна ледзь не глытала. Як пазней старонкі Хемінгуэя i Эрэнбурга — з тым жа неверагодным горадам, куды ёй пашчасціла трапіць, на жаль, ва ўзросце, далёкім ад таго, у якім быў харобры гасконец, калі ягоны конь, невядомай свету масці, трапіў на брукаванку горада бясконцых Людовікаў.
Дана ўвогуле была апантаным, але недысцыплінаваным чытачом — чытачкай. Асвойваючы „Як гартавалася сталь”, яна вельмі палюбіла першыя старонкі кнігі, дзе баявіты хлопец-зух Паўка бярэ знаёмства з дзяўчынай „з добрай сям'і” Тоняй Туманавай. Дана проста на свае вочы бачыла гэтую сажалку, мабыць, такую, як у ix, вуду Паўкі, капялюш Тоні... Як пазней спазнавала на слых, пах, на кожны гук маёнткі Сенкевіча, горад Пруса, сядзібы Тургенева i Буніна...
Дана умела неяк абмінаць увагай выпадак „з махрой” у Паўкі Карчагіна i ніякавага сябе адчувала, калі Артур сек малатком крыж. I была амаль упэўненая — таямніцы споведзі маглі здрадзіць толькі недзе там, далёка, у Італіі. Хіба пані Магда ці сястра Малгажата маглі б каму здрадзіць? Выдаць? Назарэтанкі прынеслі ахвяру... Тут, праўда, чым далей, тым болей, Дану казытала пытанне — а як сябе адчуваў ксёндз, якога шукалі немцы i з-за якога па сутнасці арыштавалі законніц? Нават калі ix ахвяра была ахвярай за ўсіх мешканцаў горада, што адчуваў гэты святар? Якія словы мовіў на споведзі? Як жыў пасля гэтага сваё жыццё? Зямное жыццё? Ён, святар?
Яшчэ вельмі непакоіла Дану, за што не толькі людзі, але i Вышэйшая Воля пакаралі вязня з Аляксееўскага равеліна? „Адзетыя ў каменне” адымалі спакой, ціснулі на ўяўленне — усё жыццё ў каменнай пастцы. Горш за смерць. I калі смерць прыняць за іншабыццё — дык што ёсць гэтае дваццацігадовае паміранне? Ці варты быў замах на цара, нават толькі задума замаху, гэткага катавання быццём? Ці варта? І ці вартая была самаахвярная аскеза i вымогі разумовыя i фізічныя Паўкі Карчагіна таго, што займелі яго нашчадкі? Ці трэба дзеля шчасця іншых абавязкова прыносіць ахвяры? Хаця — i дагматы найвышэйшыя таксама сцвярджаюць, што пакуты жывяць душу, пераўтвараюць яе. Але які быў сэнс у тым абвяшчэнні Liberte, Fraternitc, Hgalite, а потым у моры крыві ў Францыі i ўсёй Еўропе? Ды i егіпецкі паход — не прывід у пустыні. Inferno12 ў Афрыцы. I дзе ж тыя свабода, роўнасць? Дзе логіка гісторыі?
Калі ў жыцці ўсё стала мяняцца месцамі, Дана ніяк не магла зразумець, чаму жанчына, што абараняла дысертацыю пра дзекабрыстаў і, безумоўна ж, пісала яе паводле ўсіх канонаў савецкага часу, інакш не абаранілася б, раптам, быўшы жонкай чалавека, якога людзі на Няве абралі мэрам горада, начала весці гаворку пра піэтэт перад домам Раманавых. Які піэтэт? Чаму? Навошта? Дана любіла таямніцу старажытных партрэтаў i складана-заблытаныя, што лабірынты, адгалінаванні генеалагічных дрэў, але дваццатае стагоддзе мае свае правы i свае законы. I сваіх тытулаваных асоб. I тытулы тыя маюць мала дачыненняў да карон.