Логіка гісторыі... Пасля войнаў Напалеона французы сталі на шаснаццаць сантыметраў ніжэйшымі. Другая сусветная забрала кожнага чацвёртага беларуса. Рэпрэсіі ў Саюзе звялі самых разумных i незалежных. „Задумваюць рэвалюцыі філосафы, здзяйсняюць фанатыкі, карыстаюць плён прайдзісветы”. Афарызм Бісмарка час ад часу рабіўся модным. Прыходзіў лейтэнант артылерыі ці камунальнага маштабу Шарыкаў...
I ўсё ж тады — i пазней — з мройлівага вэлюму часу выступалі постаці... I прага рамантыкі ставіла ў адзін шэраг Касцюшку i Артура — Рыварэса, дАртаньяна i Кастуся Каліноўскага, філаматаў, філарэтаў i чараду іншых, рэальных i кніжных герояў.
Pochlebstwu, chytrość i zbytek
Niеch każdy przed progiem miota,
Вo tu wieczny ma przybytek
Ojczyzna, nauka, cnota13.
Уяўленне дражнілі i вабілі гэтыя радкі i тое, што жывыя, рэальныя філарэты i філаматы жылі тут, на гэтых вуліцах, дыхалі гэтым паветрам... Раней то быў горад рыцараў i герояў...
Дом Паэта аднавілі пазней. Тым часам, на пару ix юнацтва, наўскасяк ад плошчы былі толькі рэшты таго будынка, толькі фундамент. Пазней тут стаўся музей. Пазней былі розныя імпрэзы, святы, угодкі. Да ix ні Хрысціна, ні Дана дачынення не мелі. Прыязджала тады ў горад мноства людзей, вучоных i менш вучоных, стаяў пафасны галас, i на гэтыя літаратурныя фэсты ix, вядома, не запрашалі. I, мабыць, добра. Спакладаны архівамі i няўтомнымі росшукамі фактаў дух галоўных персанажаў гэтых дзействаў наўрад ці меў уяўленне пра шматгалоссе вякоў, пра яго невымоўны чар. Удзельнікам імпрэз так падабаліся каментары i лагічная расшыфроўка фактаў, што рэальнасць губляла свой першаіснасны водар. I шмаглікія „я” ў гэтай духоўнай прасторы пераўтвараліся на тых дзействах у зацяганы, зарытуалізаваны ў часе стандарт — аднолькавы ад Ромула да нашых дзён. Усё прывідна, падманліва, фальшыва. Ёсць рэальныя лозунгі, шэрагі маршыруючых, плоймы спевакоў... I — прамоўцы, прамоўцы, прамоўцы. Але няма той духоўнай прасторы, што давала строй думкі Паэтам.
У вершах, што чытаюць тут, на вялікіх дзействах, адчуваецца гвалт нагоды — i няма руху жыцця. Ёсць толькі жалезнае ляскатанне слоў. I імкненне ўпіхнуцца ў плынь часу. Тыя, філаматы i філарэты, таксама былі дзецьмі свайго часу, ажно жылі свежымі ўяўленнямі, любоўю i болем. I не стрыглі купонаў ад любові да Айчыны. I не былі залежныя ад афіцыёзу, што мяняе назвы i формы, але захоўвае status quo ў існасці сваёй. І характарыстыкі існавання сладаюцца ў гэтых выпадках са спарахнелых матрыц i клішэ. Але публіка — тая, што дзейнічае, i тая, што сочыць за дзеяннем, ці то сапраўды не разумее, ці то робіць выгляд, што адбываецца толькі відачынства, „лицедейство”, i новыя дзейныя асобы нічога не дадаюць да гэтага адвечнага спектакля. Хіба што з'явіцца ладзіць відовішча той, каму цесна ў вузкім рацыянальна-пафасным прагматызме. Але такія на відовішчы не трапляюць. Інакш яны абавязкова ператварылі б ix у нешта іншае. I там не было б нудотных прамоў, запраграмаваных мізансцэн з дзеячамі раённага i сталічнага маштабаў, не было б безаблічных постацей сацыяльнага мімансу на амплуа сацыяльных герояў, не было б справакаванага традыцыяй энтузіязму эталонных людзей натоўпу, a паміж імі існуе нейкая неўклюдна абавязковая сувязь, якую наўрад ці мае чалавек, блізкі да Натуры, чалавек, што адчувае сапраўдную каштоўнасць існуючага i разумее прыроду рэчаў.
Гэта раней ix горад быў горадам паэтаў i герояў. А пазней выцвілыя ілюзіі абвяшчалі вяснова свежымі ідэямі, свет вечных каштоўнасцяў замянялі на актуаліі хвіліны, a хцівых бадзяг абвяшчалі пілігрымамі.
Але ў пару жыццёвай раніцы Хрысціна i Дана мелі сваю радасную веру ў шчаслівую рэальнасць. I Анёл у ценю сваіх крылаў хітравата паглядаў на ix: маўляў, яшчэ ўсяго хопіць на вашым вяку.
A пакуль яны хадзілі ў бібліятэкі, аднаўлялі кожнага года звычай „узяцця вяршыні” на замку, абмяркоўвалі чытанае, знаходзілі новыя крыніцы здабывання кніг.
I тут была яшчэ адна асоба, што магла даць фору ім абедзвюм. Дэвік Гальдштэйн, той самы сын цырульніка, выдатнік i жыццярадасна-іранічная асоба.
I да сябе, i да сваіх сяброў Дэвік заўсёды ставіўся з добрай доляй гумару. Недзе ў душы яму, заўсёднаму пяцёрачніку, хацелася мець іншыя заслугі. I ён ахвотна, ледзь не ўзахліп прамаўляў: „Ну, мы з Мусяй ім далі!” Муся быў сынам вайскоўца ў немалым чыне; высачэзны хлопец, з нейкай сваёй тугой думай. Асабліва цяжка i маўкліва ён задумваўся каля дошкі — застываў, нібыта егіпецкі сфінкс. I ніякія высілкі Дэвіка, што ахвяраваў сваім „выдатна” на паводзінах, шыпеў, тэатральным шэптам вымаўляў ледзь не па складах — нішто не магло зрушыць глыбіню самасузірання Myci. Хіба што любімая гульня — Муся мог у самым натуральным сэнсе пераплюнуць усіх у класе. Або „цюшка” — тут таксама Мусіенка выходзіў ca сваёй „нірваны”, вочы яго гарэлі, i тут ён таксама не меў сабе роўных. Падкідаць нагой гэты кавалачак свінцу з аўчынным верхам ён мог хоць цэлы дзень. Не меў ён сабе роўных i пад час боек „мясцовага значэння”. Вышэйшы за ўсіх у класе, куды мацнейшы за адналеткаў, ён усур'ёз не прымаў нікога. I тут ужо Дэвік быў „пры Myci”. Але ўспрымаў подзвігі сябра блізка да сэрца i імкнуўся дачыніцца да ix. Асабліва пад час аповедаў пра чарговы турнір. Ну, што там былі ўсе пяцёркі Дэвіка побач з такімі непараўнанымі вартасцямі...