У Myci, як i ў Даны, збіраліся па святах: да таго схілялі памеры ix кватэр. Да Дэвіка шасталі кожным днём, хаця ў Гальдштэйнаў быў толькі адзін пакой, у якім месцілася пяць чалавек: Дэвік, дзве яго сястрычкі i маці з бацькам. Хата ў ix не зачынялася, але не было выпадку, каб Дэвікава маці каму-небудзь паказала на дзверы. У ix хаце быў заўсёды добры настрой, было тлумна i весела. Як Дэвік рыхтаваў урокі ў гэтым гармідары — невядома, але пяцёрка была яго звычайнай адзнакай. Дэвік i Дана былі заклятыя выдатнікі i пазней — залатыя медалісты. Аднак Дане грэх было б вучыцца абы-як: два пакоі, дзе заўжды была кляшторная цішыня, ніякага хатняга клопату. A Дэвік жыў, што на вакзале.
Ён быў адзін з тых, хто вярнуўся пасля інстытута ў ix горад. Маючы паважаную ва ўсе часы прафесію ўрача.
Дана ж атаясамлівала гэту прафесію найперш з адной асобай.
Доктар Гордзін — яго ведалі ўсе. Ён меў загартоўку старога, „за польскім часам” эскулапа. Загартоўку, што мелі некалі „уездные” ўрачы. Прымаў у лякарні, удома, хадзіў на візіты. Доктар Гордзін не быў участковы ўрач, за візіты браў грошы, але бег на просьбу, што на пажар. Адноечы, калі Дана атруцілася, ён ляцеў а трэцяй гадзіне ночы да Азарэвічаў, накінуўшы паліто на бялізну. У дзяўчынкі тэмпература сорак!
Доктар Гордзін быў сямейны ўрач, i не ў ix адных. Пазней Дана аніяк не магла прызвычаіцца да іншых дактароў i дакторак. Урач — гэта доктар Гордзін.
Калі Дане давялося запрашаць да маці ці вадзіць яе па дактарах i лякарнях, прыгадваўся доктар Гордзін — з яго пэўнай таксай, пэўнымі стасункамі паміж пацыентам i ім. Не трэба было квахтаць: „Ах, доктар, я вам так абавязана”, — i пакугліва прыкідваць — ну, як жа матэрыялізавана ўвасобіць тое абавязацельства! Каб аддзячыць i не пакрыўдзіць. Праўда, калі Вольгі Станіславаўны ўжо не было на гэтым свеце i грымнула крутая „дэмакратыя” i карабок духоў стаў каштаваць ці не двухгадовага заробку Даны, а банбаньерка цукерак — месяцовага, гэтае пытанне сышло з парадку дня.
Як маці суадносіла сваё, выключна „сацыялістычнае” стаўленне да парад (Вольга Станіславаўна брала грошы адпаведна таксе толькі на працы, усіх, хто прыходзіў дадому, так ці інакш, нейкай парадай ды цешыла, але грошы не брала ніколі), дык якія былі суадносіны з „хатняй” таксай доктара, Дана не ведала. Здаецца, маці гэта лічыла зусім заканамерным: кожны мае свой стыль працы.
Між іншым, Дана не магла згадаць, каб нехта абразіў Бэцю або Дэвіка, a ўжо тым больш Гордзіна з-за ix нацыянальнасці. Была памоўка: „Тваё „зараз”, як жыдоўскае „пачакай”. Або: „Дружым, як браце, лічым, як жыдзе”. Але то была беларуска-польская традыцыя назвы — i не больш. Куды горш гучала, калі некаму даводзілі: „Ну, ты, як Антэк варшаўскі”. Хто быў таямнічы Антэк, Дана не ведала, пэўна, i да Варшавы ён меў дачынне вельмі ж апасродкаванае, але чамусьці так казалі, калі некаму хацелі давесці, што ён клёку ў галаве не мае.
На Фулімэну гэтага не гаварылі. Яе шкадавалі. A эмтээсаўскія дзецюкі, канечне ж, паскудна смяяліся. Імя тое бясспрэчна было знявечанае імя Філумены. I сама Фулімена была непрапраўна знявечаная. Высокая, мажная, чарнявая жанчына — час ад часу яна аднекуль з'яўлялася i імчалася па горадзе. Каля фарнага касцёла распраналася ўшчэнт i летала вакол яго пад угагаканне эмтээсаўскіх бэйбусаў.
Гаротніца недзе знікла. Мабыць, у шпіталі... Дана доўга памятала гарачы бляск яе агромністых цёмных вачэй, i калі чытала „Джэн Эйр”, дык жонку Рочэстэра ўяўляла як ix Фулімэну.
„Не дай мне Бог сойти с ума, уж лучше посох и сума”. Вялікі паэт — ён ведаў кошт i цану фактам існавання...