Выбрать главу

Дана пра гэта не задумвалася. Яна жыла. I не ведала, дзе яна, „страніца лепшая ў штодзённіку жыцця...”

Верасень

У кожным выпадку ёй аднолькава падабаліся i вакацыі, i шкаленне. Асабліва першыя, вераснёўскія дні.

Напрыканцы лета ў гародчыках расцвіталі настуркі i мальвы, цягнуліся з-за плотаў вяргіні. Падалі на зямлю пераспелыя яблыкі. У паветры з'яўляўся той непаўторны водар, што бывае толькі напрыканцы лета. Гэта той самы водар, у якім ёсць наіўнасць чакання i трывога пераходу з аднаго стану ў другі. Суцэльна вольная істота засталася за парогам першага верасня. Але i ўнармаваны, цалкам падпарадкаваны звычнаму цыклу дзень — яшчэ наперадзе. А пакуль што — некалькі ні на што не падобных тыдняў. Ужо заняткі — але няма нудотнага атожылка „маці вучэння”: няма чаго паўтараць. Няма кантрольных, i хатнія заданні нагадваюць хутчэй гульню — розныя ўводзіны, перадумовы, уступы. А затое — сустрэчы: за лета ўсе змяняліся больш, як пазней за гады. А затое — новенькія: цікава. Затое — новыя настаўнікі — адкрыццё.

Увосень i ўвесну Дана выпраўлялася ў школу паўз замак, вузенечкай сцежкай каля Буячыхінай хаты — потым ад той сцежкі не засталося ані знаку: адзін хмызняк. А тады можна было хуценька прабегчы тут, падняцца на горачку, прайсці па валейбольнай пляцоўцы, дзе пазней паставілі помнік Паэту, i з задавальненнем адштурхоўвацца ад гравейкі па шырачэзнай строме — да школы. Шлях гэты быў карацейшы, але не тое мела асобы смак. Ісці кругаля вуліцай было нецікава, тут ішлі ўсе, тут ты нібыта ўступаў у шэрагі i павінны быў крочыць крок за крокам у агульным рытме, агульным выяўленні, агульным... А ёй хацелася ісці сваім шляхам.

...Вокны ix класа глядзелі на гapy, i пад час урокаў беларускай мовы i літаратуры па гэтай горцы гойсалі дзеці вайскоўцаў, вызваленыя ад заняткаў i гэтай мовай, i гэтай літаратурай, а яны ўсе — амаральна i непатрыятычна — зайздросцілі ім. Што гэта амаральна — Дана разумела i тады. Што непатрыятычна — даўмелася нашмат пазней. Што яны, бэйбусы на горцы, згубілі непапраўна многае — уявіла сабе таксама не ў тыя вераснёўскія дні. Ажно — яны так i не даведаліся аб прыгодах дзядзькі ў Вільні i пра тое, што было раніцай у нядзельку ў лесніка Miхала, не ведалі нічога пра адвечную песню, спраўджаную „ўсясільнай рукою тварэння”... Не адчулі горкай асалоды слоў:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы,

Ды што мне цемень нечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

I пазней — яны не ўведалі ні пра ўцеху думкі — выспу Патмас, на якую трэба ехаць у залатым чаўне ўспамінаў, бо „ўспаміны маюць вялікую моц”. Hi пра ладдзю Роспачы i Хрыстоса, што меўся прызямліцца ў Гародні. Hi пра Алеся Руневіча, які хадзіў тымі ж сцежкамі, што i яны. Hi пра „смаленне вепрука”. Hi пра краіну Ідылію.

Тады Дана не магла ўсвядоміць гэтага i не брала да галавы тых думак. Але ж у ласкавы вераснёвы дзень, калі самая пара ўсё кінуць i гойсаць па парку, яны, пакутнікі, павінны сядзець на ўроку суседкі Даны, Надзеі Адамаўны. Праз нейкі час пра „шчасліўцаў” на горцы забываліся i слухалі — пра Нясвіжскую семінарыю, пра Горы-Горацкую акадэмію... Голас Надзеі Адамаўны ўтульна парыпваў, як пёра на паперы, а рука секла паветра, нібыта падкрэслівала яе ўлюбёнае: „Мысліце пра будучае”.

Тады Дана не думала ні пра будучае, нi пра мінулае. Яна нібыта плыла на чоўне нейкага вераснёвага дабраўладдзя. Да дошкі яшчэ не выклікалі, не трэба было нервавацца. Дана амаль заўсёды ведала ўрок i амаль заўсёды хвалявалася. Сутнасць была нават не ў тым, што Дана павінна была атрымаць сваё абавязковае „выдатна”, a інакш — страта „рэнамэ”, рэзpyx ладу, завядзёнкі i няспраўджаныя надзеі настаўніка. Было нешта невытлумачальнае, падсвядомае ў гэтым рытуале ісці да дошкі, як да месца — ці то пакарання, ці то допыту, ці то прымусовага акту споведзі. Хочаш — не хочаш, расказвай. Да таго ж — ніхто не дасць пераскашавацца тым, чаго не ведаюць яе аднакласнікі. Абавязкова прыпыняць: хопіць. I заставайся сам-насам з усімі Рычардамі, Генрыхамі, Сапегамі, Карыбутамі, з радкамі вершаў — ганяй ix сабе з паўшар'я ў паўшар'е. Ці яны маюць там пэўнае месцейка? Пэўную клетачку? Нейкія скрыначкі, дзе размешчаны яе, Данчыны, набыткі?

...Дана любіла ўрокі Ганны Севасцьянаўны. Тая тлумачыла ўрок, нібыта прыпячатваючы ўказкай да карты Пунічныя войны, войны Пунсовай i Белай ружаў, усіх Плантагенетаў i Капецінгаў, Макіявелі i Саванаролаў... A патлумачыўшы, Ганна Севасцьянаўна давала хвілін дзесяць-пятнаццаць на чытанне i пыталася: „Хто будзе адказваць?” Гэта былі зорныя хвіліны Абумава i яе, Даны. Падабаўся момант не спаборніцтва нават, a гульні — нібыта ляціш да фінішнай стужкі. Адчуваючы імклівасць думкі. Бачачы антычныя каланады, брамы гарадоў, вузенечкія вулачкі, застыглыя муры замкаў, пепласы грачанак i верцюгарды часоў Людовікаў. Разгортваючы стужку падзей. Тады не мыслілася, што крывавых. На старонках падручнікаў i кніжак усё выглядала так прывабна... I недзе там заўсёды блукала пазагістарычная постаць гасконца ў гістарычным антуражы. Тым часам яны паглядзелі фільм пра славутага героя i маглі хоць сярод ночы праспяваць: