A ў касцёле ні сястра Малгажата, ні пані Магда не задавалі ніякіх пытанняў. Ці то загадзя выдаючы ёй індульгенцыю. Ці то лічачы, што ўсё прыйдзе сваім парадкам.
Што гэта было ў Даны? Своеасаблівы дуалізм? Легкадумнасць? Саўязычніцтва з хрысціянска-каталіцкай акрасай? Сумесь сацыяльнага верніцтва i нармальнай веры? Тады яна не задумвалася, а пазней адкінула адно i пакінула другое. Нe адкінуўшы i не адрынуўшы мінулае. Яно — было.
На думку Даны, усе ці амаль усе часы, хіба што за выняткам часоў вайны i помарачы, мелі нейкія знакі адметнасці i сваю акрасу. Сістэма... Дана мелася абыходзіць яе ўладныя высновы. Заўважаць i не заўважаць. Не лезці ёй на вочы, але i не прыстасоўвацца. Не ісці ў авангардах, не плішчыцца ў „маякі”, захоўваць свой унутраны суверэнітэт. Як i пазней, калі на нейкай адзнаке яе жыцця людзі сталі спачатку роіцца ў натоўпы мітынгуючых, потым наспела пара — пачалі хапаць маёмасць, ваяўніча настойваць на суцэльнай уладзе грошай, а нехта i на ўладзе зброі, не забываючыся галёкаць пра высокія ідэалы.
Ці бывяюць увогуле добрыя часы i добрыя ўлады? А змест быцця — не ў палітычных плынях. У рытуале прыроды, у паху зямлі, ва ўтульнай завесі туманоў. У слоіку з малаком. У бохане хлеба.
Хаця... ёсць моманты, калі здаецца, што кожная брама ўдзельнічае ў жыцці дзяржавы. І кожная шыльда, кожны плакат сведчаць пра статус палітычны, эканамічны, сацыяльны. Гаркам партыі. Выканкам. „Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” „Прыорбанк”. „Філіпс”.
Чамусьці абавязкова ў самым прыгожым, самым прывабным месцы — нахабна, буйнамаштабна: „Павялічым надоі малака!” — на лінялай чырвані. А пры іншым рэжыме на тых жа прыгожых узгорках — як наўскапыта ўзняліся: „Мальбара”, „Кэмэл”, „Кока-кола”.
Былі лагеры, потым — нібыта ўтварылася суцэльная зона, дзе гаспадары жыцця ганддяры i крымінальнікі. Як на гэта глядзіць Анёл у ценю сваіх крылаў?
Сістэма... Дана часам адчувала ўсё ж яе ланцуговы хапок. У сёмым класе ўсе гуртам падалі заявы ў камсамол. I вось тут ачмурэлы троечнік Філіпенка, што заўсёды бессаромна спісваў у яе, абвясціў, што, па-першае, бацька Даны Азарэвіч немаведама дзе, прапаў без вестак — але ж адкуль ён, паскуднік, гэтую звестку вышкрабаў? Дана сном-духам не ведала, дзе ягоны, Філіпенкавы, бацька, хто ён, ёй гэта было нецікава. Па-другое — адкуль у гэтага слімака з'явіўся пафас? — дык вось, па-друтое, адзначыў Філіпенка, прымаюць толькі тых, хто нарадзіўся ў першай палове года, а Дана Азарэвіч з'явілася на свет толькі ў жніўні. Зноў — адкуль ведае? Яна яго ніколі на дзень нараджэння не запрашала. Дырэктар школы абурыўся, выдаў гнеўную філіпіку таму Філіпенку. Ажно „праўдашукальнік” давёў свае важныя „агентурныя звесткі” ў райкам камсамола. Прынятыя важна пачапілі адзнакі УЛКСМ. Дана сціпла адышла ўбок.
Пасля сёмага класа Філіпенка знік — упёкся, падобна, недзе ў тэхнікум. А Дану прынялі ў камсамол у ліпені. Усе былі на вакацыях, Дана зайшла ў райкам адна, атрымала білет, як звычайную паперчыну ў вокладцы, i спакойна рушыла дадому. Крыўды не было, не было i свята. З урачыстасцямі запраграмаванымі Дане не вельмі шанцавала. Не супадалі яны з нейкім рытмам светапарадку.
А што да Філіпенкавага выпаду i ўвогуле подласці, дык тут Дана так ніколі i не навучылася вялікаму мастацтву папярэджваць удар. Не навучылася недаверу i асцярожлівасці. У яе заставалася не толькі ахілесава пята. Гэтых пят было больш, як павінна быць паводле натуры. I ix можна было ўжыгнуць, параніць, падпаліць. I тады, мабыць, Анёл у ценю сваіх крылаў паглядаў на яе спагадліва. Ажно i з іроніяй. Ну, што? I калі ты навучышся разумець жыццё? Легкаверная. Легкадумная. Ідэалістка?
Вясна
Але ж затое якім хвілінам відавочна спрыяў Анёл! Зімой. Летам. Вясною.
Вясна звінела i ззяла ручаінамі, што дзелавіта i весела спяшаліся па Менскай, Гародзенскай, Слонімскай, Першамайскай. Сонца нібыта разляцелася на мноства аскепак-бліскавак i вырашыла кватараваць на зямлі.
Плылі званы Барысаглебскай i Мікалаеўскай цэркваў, нястомна прастуджанымі галасамі вялі гамонку вароны. Заканчвалася чвэрць, надыходзіў канікулярны тыдзень. Надыходзіў Вялікдзень. З урачыстымі тварамі людзей у касцёле.
З кнігай, якую дала чытаць пані Магда. „Аповесць пра адну душу”. Аповесць Святой Тэрэзы з Лізьё. I „здагадалася, даведалася, што кожны чалавек мае сваё прызванне i свой крыж... А святыя адным фактам свайго існавання ператвараюць зямлю граху, нянавісці i пакут у прыстанак праведнасці, любові i дабрачыннасці...”