Выбрать главу

Праз гады былі прылічаны да ліку святых назарэтанкі, пахаваныя каля касцёла, a сястра Малгажата, яе знаёмая сястра Малгажата была абвешчаная пакуль што блаславёнай. Можа, таму ля касцёла так любіла быць Дана? І адчувала — тут запаветны прыстанак душы, адчувала ўлонне вялікага жыцця Боскага i Натуры, у ix спалучэнні, i спрычынялася сваім абмежаваным чалавечым „я” да агромністай сакральнай Існасці, да субстанцыі Спрадвечнага. Дана не знаходзіла для гэтага слоў, яна адчувала толькі незвычайнасць i самадастаткавасць быцця. Боскае Хараство ў яго прастаце i адзінстве.

І нейкім чынам у гэтае адзінства ўваходзіў i гоман Першамая. І радасць вясны. Калі можна было скінуць паліто i лёгка рушыць у школу, адтуль на плошчу. А там рубілі рытмы аркестры, нешта крычалі з трыбуны, i яны, школьнікі, голасна вялі сваё „ўра”.

Ці меліся яны задумвацца над семантыкай фразы „свята працоўных”? Над значэннем лозунгаў i колерам штандараў? Не. Штандараў было мала, неслі больш кветкі, жывыя i папяровыя, нейкія стужкі, папяровыя ўпрыгожванні. I галоўнае — была вясна, было свежа-блакітнае неба, выпырсквала першае зяленіва, звінела сваімі песнямі птаства, гукала вясну.

Хараство правіла сваё свята. Прымавэра... Прымавэра... Вяртанне вясны. Пасля дэманстрацыі яны звычайна ішлі на замак, у парк. Спявалі. Гаманілі. Што спявалі? Пра што вялі размовы? Гэта не мела значэння. Істотным было тое, што прыйшла вясна. Яна была сугучная з ix гадамі. З ix светаадчуваннем. Яшчэ кожны дзень пачынаецца ўваходам у цудоўнае, існуючае Існае — рэча-існасць.

А экзамены, што былі наперадзе, — яны ix здавалі, пачынаючы з чацвёртага класа кожны год, — толькі нагадвалі пра іншыя бакі заведзенага парадку, надавалі раўнавагі. Не дазвалялі істоце падпарадкавацца выключна буйной весялосці ўваскросшай Натуры.

Хлеб цвярозых ісцін i водар шыпшыны

Экзамены давалі магчымасць падбіць рахункі. Пытанні — адказы. Урачыстая строгасць настаўнікаў.

Дана не задумвалася пра сістэму навучання, патрэбнасць ці непатрэбнасць нейкіх ведаў. Ёй падабалася размяркоўваць час так, каб, устаўшы на золаку, пасядзець ca сшыткам пытанняў на лаўцы каля касцёла, хуценька прагнаць у галаве адказы, a потым цэлы дзень быць вольнай. Рэпетыцыя канікул.

А потым пайсці на экзамен — сабранай, падцягнутай, „у поўным узбраенні”. Ёй гэта выдавала рэпетыцыяй галоўнага ў жыцці. I здавалася, як на экзаменах у школе, усё будзе справядліва i паводле правілаў. Пазней высветлілася, што школа — i універсітэт — ці не самыя справядлівыя ўстановы на свеце. Усе маюць аднолькавыя шанцы. У жыцці ўсё было інакш. Адным давалі аблегчаную праграму, другім — найскладанейшую. A выстаўлялі ацэнкі па адваротным прынцыпе або цягнулі „экзамен”, што бойку баксёраў-прафесіяналаў: да поўнай крывавай перамогі ці паражэння. Або — расцягвалі экзамен даўжынёю ледзь не ў жыццё. Здавай — не здавай, усё застаецца на месцы. I табе задаюць бясконцыя пытанні, a адказаў тваіх не чуюць, ды i нікому не патрэбныя тыя адказы. I падазроная алгебра часу вымалёўвае формулы, якія не пацвярджаюць аніякіх заканамернасцяў. I ты аказваешся ў магічным полі будзёншчыны, дзе пануюць постаці адміністрацыйнага абсурду i хімеры канцылярскай руціны.

Там — пад аховай Анёла ў ценю сваіх крылаў — усё ішло сваім парадкам. Экзамены праходзілі, як добра падрыхтаваны парад. Наступная пахвальная грамата займала сваё месца недзе ў матчыных сямейных аналах. А наперадзе былі канікулы.

...Тым летам пры школе быў так званы летні лагер. У піянерскія лецішчы атрымлівалі пуцёўкі тыя, хто быў, так бы мовіць, за пэўнай рысай матэрыяльнай неўладкаванасці. Для „заможных” зрабілі такія сходкі.

Яны прыходзілі ў „піянерскі пакой”, дзе быў сцяг дружыны, бубны, горны, шахматы, шашкі. 6-ты, 7-мы, 8-мы класы. І — хто гуляў партыю ў шахматы ці шашкі, хто ішоў у бібліятэку, хто проста перакідваўся словамі. Ніякага мячыка, ані валейбольнага, ані баскетбольнага, ані фугбольнага. Пару гадзін яны тут бавілі час i выпраўляліся дамоў, калі не хадзілі ў Літоўку палоць лён.

Галоўнае ж было ў перспектыве: паходы на шклозавод „Нёман” у Бярозаўку i — у Гародню i Слонім. Былі то, безумоўна, экскурсіі. Але ж яны адвольна выкарыстоўвалі значэнні слоў. Да таго ж паход — гэта гучала рамантычна, ад слова нiбыта патыхала дымам вогнішчаў, пылам шляхоў прыгод, водарам невядомага. Экскурсія — тут было нешта нудотна-школьнае i нецікавае. I хаця ўсе яны зроду не былі ні на адной экскурсіі, ажно a priori адмяталі тое слова. Паход. Толькі паход.

I вось золкім ранкам, а шостай гадзіне, выправіліся ў Бярозаўку. Машыну далі мясцовыя вайскоўцы: трохтонку, мабыць, добра пабітую яшчэ на шляхах вайны, з высокімі бортамі i без аніякага брызенту. Toe, што трэба. Дана апынулася каля самай кабіны — i гэта быў край асалоды: ухапіцца аберуч за борт i адчуваць на твары вецер, а часам i „прывітанне” бяроз. „А нука, песню нам спявай, вясёлы вецер...” Вецер быў вясёлы, меў вандроўніцкі, свавольны характар i відавочна сведчыў пpa пачатак незвычайнай прыгоды. Вецер вандраванняў. Машына ix ляціць недзе ў плыні часу, i гэтая плынь — у водары шчаслівых выпадкаў, у яркіх фарбах быцця, у мройлівай завесі загадак.