Выбрать главу

Вытрусіўшы ўсіх ix за борт, пералічыўшы, Ніна Мікалаеўна выправілася з імі на гуту. I яны глядзелі на агонь, на плаўленае, цягучае, яшчэ не зацвярдзелае шкло, і, здаецца, мала хто ўяўляў тую прыгажосць, што атрымліваецца ўрэшце. У цэх гатовага шкла ix не вадзілі — Ніна Мікалаеўна баялася — не дай Божа, скінуць пейкі келіх. Ці ёй увогуле хацелася хутчэй паставіць чаканы „крыжык” i звесці „мерапрыемства” да той жаданай рысы, дзе яе прысутнасць будзе ўжо чыста сімвалічнай?

Увогуле чалавека, менш прыставанага па складу натуры да працы, якой Ніна Мікалаеўна займалася, было цяжка знайсці. Старэйшая піянерважатая... Хваравітая жанчына, яна баялася скразнякоў, не любіла тлуму, не ведала, што рабіць з гэтымі башавэлкамі, якія, не паспеўшы выйсці за браму гуты, паляцелі да Немана. Ніна Мікалаеўна відавочна пакутавала, седзячы на беразе. На яе твары было выпісана: вада халодная, віры, плаваць як след ніхто не ўмее — дзе ж у ix сухапутным горадзе навучыцца? Толькі ручаіна — ногі памачыць, i то курыцы. Ды дзве сажалкі, ацягнутыя шламам; ніхто i пад прымусам туды не ўлезе.

Выручылі яе дзяўчаты, што назбіралі недзе на лутавіне шчаўя. Гатаваць абед — той кон выцягнула, безумоўна, Дана. Яна мужна ўзялася мыць шчаўе i абіраць бульбу. Хіба можна каму прызнацца, што яе да пліты Ніна i зблізу не падпускала? Усё з тым жа знішчальным прысудам: „Рукі як граблі”. Але парадак працэдуры Дана назірала, асабліва як каля пліты завіхаліся маці або Луіза Генрыхаўна. Бабухнула ў вар тушонку, бульбу, цыбулю, урэшце — шчаўе.

Затое вогнішча было пад неба — кастравымі былі Толя Буланаў i Лёня Латун. Нацягалі хворасту, хмызу — хоць барана засмажвай. І Дана рабіла выгляд, што ёй весела глядзець на гэтае вогнішча i ўвогуле, што яна кожным днём гатуе абед: пра што гаворка. Самой працэдуры ўжывання гатаванага Дана чакала, як прысуду. Божухна мой, якая будзе ганьба! Матчына пястунка — не ўмее поліўку зрабіць! Але, падобна, ніхто не быў асабліва патрабавальным гурманам. Усё з'елі, ніхто ў Нёман не выліў. Памілавана! Мабыць, Анёл у ценю сваіх крылаў паспрыяў тут, i не на жарт! У жыцці Дана навучылася пазней гатаваць неяк неўпрыкмет, сама. Набыла спрыту нават на выштукоўванні французскай кухні, але любові да гэтага занятку не займела. Хіба што на святы — але не кожным днём! I чамусьці засталося ўяўленне, што яна некага ашуквае сваім кухарствам.

Тады на Нёмане яна, адбыўшы сваю радоўку, уздыхнула з палёгкай. Зноў ладзілі вогнішча, але Лёня Лагун умеў падпаліць яго так, нібыта ўсё жыццё ў лесе пражыў. Ён усё ўмеў, гэты Лёня, начальнік паходу. Быў ён на год старэйшы за Дану, але пачуваў сябе чалавекам сталым. Разоў з дваццаць падцягваўся на турніку, па бервяне спартыўным хадзіў, што на асфальце. Да таго ж насіў непадробна выцвілую бацькаву пілотку. I меў яркія блакітныя вочы. Чаму ён быў начальнік паходу, дзе i хто знайшоў такі „чын”, ніхто не ведаў. Можа, быў такі рэскрыпт у Ніны Мікалаеўны? Лёню ніхто не выбіраў, але нікому i ў голаў не стрэліла б пярэчыць: ён адпавядаў сваёй „пасадзе”.

I, безумоўна, яму i Дане (актывістка, выдатніца, член савета дружыны) Ніна Мікалаеўна даручыла несці нейкія пакеты на шклозавод. Яны адчувалі сябе так, нібыта ішлі немаведама з якім важным даручэннем. Нават гаварылі спачатку шэптам. Але занёсшы тыя пакеты, адчулі сябе людзьмі вольнымі. I пайшлі ўжо зусім паволі i паважна між соснамі пасёлка. Тым часам стала добра прыпякаць. А Лёня, каб напіцца, купіў збан малака. Навошта? Так прызвычаіўся? Ці хацеў выглядаць у вачах сваёй спадарожніцы самастойным чалавекам? Дана ад малака адмовілася, i Лёня стаў качаць ваду з калонкі, заліўшы з галавы да пятаў i Дану, i сябе. I потым яны, мокрыя i вясёлыя, ішлі вуліцай i ніяк не маглі спыніць свой дурны i неадольны смех. Такі смех амаль з нічога бывае толькі ў юнацтве i маладосці, потым гэтая здольнасць знікае, i ўжо назаўсёды. Ці не ва ўсіх?

I адбылося — свята? Дзіва? Будзённым днём. На звычайнай вуліцы пасёлка Бярозаўка. Крыху адстаўшы ад Даны, Лёня недзе сарваў ружу-шыпшыну i паднёс ёй. Ад нечаканасці i радасці, яшчэ немаведама ад чаго Дана залілася чырванню, мабыць, да пят. Гэта быў не букет, не кветкі з нагоды... Была адна пунсовая ружа. Як знак. Як сімвал. Першая кветка, паднесеная... рыцарам? кавалерам? Знак чаго? Будучага? Знак прадчування?