I, безумоўна, сталічная „штучка” Нэля надала смеласці i Дане. Калі яны падышлі да будынка тэатра, яна, Нэля, кранула ручку — адчынена. Увайшла. I правінцыялка Дана — за ёю. Нэля — святакрадства! — узлезла на сцэну. Потым села на стул — мабыць, не прыбралі з вечара — i пачала спяваць: „Мне говорил он...” Тут Дана ўжо не магла стрываць. Закінуўшы за печку сваю правінцыйную сціпласць, яна ўзбілася на сцэну i выдала ледзь не ўвесь свой наяўны „рэпертуар”. Стрымана стагнала раманс Ларысы, выструньвалася пад уласны голас ў „Балеро” i нават пачала было арыю Разіны... Але тут, мабыць, цярпенне ў тых, хто слухаў i назіраў, скончылася, i яны пачалі бурна апладзіраваць. Гэта былі Алісава i Марцінсон. Што рабіў тым часам Анёл у ценю сваіх крылаў? Мабыць, ён застаўся апекавацца родным горадам i з далечыні i вышыні сваёй паціху пазіраў, як акцёры выконвалі ролю добразычліўцаў i прыхільнікаў маладога пакалення. У кожным выпадку — яны далі дзяўчатам свае адрасы. I нават узялі ў дзяўчат ix каардынаты.
Дана не чакала лістоў. Хіба жыхары Парнаса — ці якой гэта ў дадзеным выпадку гары? — пішуць лісты смяротным? Сама яна таксама не пісала. Таму што ніколі нікому не навязвала сваю прыязнасць i прыхільнасць. Да таго ж Марцінсон не выдаваў на амплуа ні сацыяльнага героя, ні героя-аманта. Хіба ён мог быць Гамлетам, Карлам Маорам ці Рамэа? Дана тым часам „глытала” Шэкспіра i Шылера — i даравала прынцу дацкаму ягонае „быць альбо не быць”. Усё ж урэшце выявілася — быць, быць, быць.
Роля Пячорына таксама не ўваходзіла відавочна ў рэпертуар Марцінсона. Так што можна было спакойна вучыць урокі i думаць пра ўласнае жыццё. Тым больш што жыццё давала такую магчымасць.
У ix з'явіўся новы класны. Матэматык. Падобны да Дружнікава. На першым жа школьным вечары высветлілася, што ў яго выдатны барытон. А на першым жа класным сходзе ён прапанваў паставіць п'есу. „Белы анёл”. Паводде Кальма. На ролю хлопчыка-негра ўсе аднагалосна прапанавалі Дэвіка — парык не патрэбны, у яго кучаравыя валасы. Роля Анжэлы — „белага анёла” — дасталася Дане.
Ідэя п'ескі Кальма была вельмі модная. Тады „па тэатры” праблема расавай сегрэгацыі была ў пашане, як i „расейскае пытанне” — там дзейнічалі добрыя негры i злосныя белыя, былі агенты ФБР, прагрэсіўныя журналісты i двуаблічныя i прыгожыя „міс”.
Неграў шэраговыя грамадзяне тады бачылі хіба што ў фільме „Цырк”, наконт дзейнасці замежных журналістаў ведалі мала, але казытала ўяўленне сама выява „амерыканскага” жыцця, існаванне нейкага іншага свету. Тым больш што паводле п'есы Дане наплойвалі ў локаны валасы, па тым часе — неверагодная вольнасць на фоне прабораў i гладка ўчасаных косаў. Да таго ж Дана — Анжэла апранала матчыну белую блузку са складкамі i сваю ружовую маскарадную спадніцу. I — як Дане здавалася — ператваралася ў капрызлівую, ганарлівую, далёкую дзяўчыну з Амерыкі. I, як умела, „выкрывала” сапраўдную сутнасць „белага анёла”.
На рэпетыцыях сам класны паказваў Дэвіку — што, як, да чаго. I гэта было вельмі цікава — калі строгі i, здавалася, скрозь у аксіёмах i тэарэмах, Аляксандр Якаўлевіч бегаў, скакаў, крычаў. I нават прасіў — яе, вучаніцу. Белага анёла з Далёкай Амерыкі. Усё ж калі Аляксандр Якаўлевіч спяваў, ён быў далека, на сцэне, ва ўладзе тых гукаў, што звычайна чуліся толькі па радыё, а тут ён нібыта сыходзіў з настаўніцкага п'едэстала. Які ўсё ж для Даны быў непарушны. Ці то выхаванне, ці то самі настаўнікі, ix стыль паводзін, ix уменне трымаць дыстанцыю — але для Даны яны заўсёды былі тым, кім былі па сваёй службе. Ix можна было любіць ці не любіць, паважаць ці не паважаць, але ў межах вызначаных канкрэтнымі рэаліямі каардынат. У тым арэале, які быў любімы, неад'емны, абавязковы — школа. Ix школа. Сярэдняя № 2.
Настаўнікі былі цікавыя i менш цікавыя. Адны заставаліся надоўга ў памяці, іншыя знікалі хутка. Характарыстыку, якую напісала ў чацвёртым класе Дане ix Ганна Цярэньеўна, яе вучаніца памятала ўсё жыццё: „Характар прамы, настойлівы, але вельмі крыўдлівы”.
I ўсё жыццё помнілася строгая пастава Раісы Навумаўны, яе прыгожы сіні гарнітур. I мяккая ветлівасць Зінаіды Захараўны. I прыкметная постаць Марыі Васілеўны. І ўрокі фізікі Kiрыла Міхайлавіча Карчэўскага, дырэктара i яе заступніка перад Філіпенкам.