Выбрать главу

І — было ўзрушэнне. Яна, не падобная ні на каго.

Маланка індывідуальнасці, або імператыў Цэзара

„Прыйшоў, пабачыў, перамог”. Гэты імператыў Цэзара, як i Гегелева „маланка індывідуальнасці”, — стасаваўся да яе — Ніны Рыгораўны.

Яна прыйшла да ix у сёмым класе, разбурыўшы ўсе стэрэатыпы ўяўленняў пра настаўніцу. Стандартызаваны выгляд выкладчыцы быў патрактаваны ў адным са шлягераў тых год: „с седыми прядками, над школьными тетрадками...” Ну, a калі яшчэ не было сівых косаў, дык цёмны гарнітур ці сукенка — гэта ўжо было нормай, эталонам, адзіна прынятым стылем, добрым тонам.

Ніна Рыгораўна з'явілася ў белай блузе — гэта не пярэчыла завядзёнцы. Але — гвалт над школьна-грамадскім густам! — у ярка-пунсовай спадніцы, шыкоўнай, шырачэзнай, такую спадніцу магла б насіць Кармэн. Як i тыя квяцістыя, стракатыя строі, што пазней апранала выкладчыца рускай мовы i літаратуры. Здаецца, настаўніц рускай літаратуры „за вочы” прыязна клікалі „русалачкамі”. Ніна Рыгораўна „русалачкай” не была. Валасы — што смоль, тонкія, нават вытанчаныя рысы твару. Вострыя, жывыя, пранізлівыя вочы. Рухі — рэзкія, нечаканыя. Уся яна — прыгожая. Падкрэслена яркая. Пераможная. Ззяючая.

A ідучы ca школы, яны бачылі Ніну Рыгораўну — што сышоўшую з партрэта красуню мінулага стагоддзя. Дане яна здавалася падобнай на партрэт Варанцовай-Дашкавай — быў у першым томе блакітнага чатырохтомнічка Лермантава. Паліто ў талію. Чорны велюравы капялюш-цыліндр. Тая ж непадробна арыстакратычная пастава, што ў гераіні лермантаўскіх часоў, такая ж — даланямі ахапіць — талія. Тая ж недасяжная яркая краса.

Гэта на фоне настаўніцкіх малавыразных адзеткаў, на фоне ix, вучнёўскіх, шараварчыкаў i пераніцаваных, перашытых, падлатаных сукенак. На гэтым сірочым, шэра-сінім фоне з'явілася Ніна Рыгораўна.

Ці было гэта педагагічна? Ці не было тое выклікам? Адно было пэўна — яна стварыла ў школе атмасферу свята, незвычайнасці, рамантычнай узнёсласці. Артыстызму.

Таму што ўрокі яе былі такімі ж яркімі, святочнымі, як яна сама. Урокі Ніны Рыгораўны былі лекцыямі, канцэртамі. Як пазначылі б напрыканцы стагоддзя — ток-шоў.

Ніна Рыгораўна вяла восьмыя-дзесятыя класы. Ix сёмы, як пэўніла Нэля Рабаненка, Ніна Рыгораўна ўзяла, таму што тут мела гонар вучыцца яна, Нэля, дачка кампалка. Муж Ніны Рыгораўны быў ці то ягоным намеснікам, ці то проста падначаленым. Так ці інакш — Нэля з'ехала з горада напрыканцы другой чвэрці, a Ніна Рыгораўна засталася. У сёмым класе, у восьмым, у дзевятым, у апошнім — дзесятым... Засталася на ўсе школьныя гады. На ўсё жыццё...

А тады ў школе пачалася эпідэмія. Пандэмія нават. Усе дзяўчаты хацелі быць настаўніцамі. Усе рушылі на філфак. Не абышло гэта i Дану. Але пазней яна здрадзіла, скончыўшы яшчэ i факулыэт мастацтвазнаўства. I пакінуўшы літаратурныя сцежкі.

Тады, упершыню ўвайшоўшы ў ix клас, першага верасня пяцьдзесят другога года, Ніна Рыгораўна прамовіла, нібыта адчыніла заслону: „Тэма сённяшняга ўрока — біяграфія Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна”. Дана пра сябе пазяхнула: „Ну, гэта мы ўжо даўно ведаем”. Іранічнае стаўленне Даны мела пад сабой дзве падставы. Першае — ваяўнічае ігнараванне, невуцтва яе трынаццаці гадоў, калі біяграфія ўяўлялася, паводле высноў ix былых настаўнікаў, як некалькі дат, некалькі фактаў з падручніка i некалькі партрэтаў з падручніка i хрэстаматыі. Другое — Дана бачыла новую настаўніцу летам. У абставінах зусім не акадэмічных. Яны з маці зайшлі ў мясную лаўку да Палонскага. Нейкая жанчына прыдзірліва пераварочвала кавалкі мяса. Палонскі цярпліва чакаў — новая кліентка. Потым вельмі лоўка зманіпуліраваў тымі акарачкамі, нешта закінуў пад прылавак, нешта вывалак з-пад яго. „Во, гэта зусім іншае”, — узрадавалася пакупніца. A Палонскі, здаволены, потым пасмейваўся: „Я ж перавярнуў той самы кавалак, які яна дзесяць разоў глядзела”. Маці тактоўна змоўчала. Дана ж пра сябе адзначыла — не ўсім даецца навука Луізы Генрыхаўны i Ніны. Хаця сама Дана доўга яшчэ не ўмела адрозніць свініну ад ялавічыны, а кумпячок ад паляндвіцы. На яе скепсіс тое, аднак, не паўплывала. I, пабачыўшы, да каго на вуліцы выкіравалася жанчына, адзначыла: „Адразу відаць, што жонка вайскоўца”.

Жонак вайскоўцаў, акрамя Кацярыны Пятроўны, вельмі нетыповай жонкі, Дана не ведала. Хіба што бачыла здалёк на кірмашы. Ці заходзячы да сябровак у ваенны гарадок. Там яна чула нязвычныя для вуха, бясконцыя: „Тань, а Тань”, „Мань, а Мань”. I аповеды дзяўчат: „Пошла я к тёть Даше”, „Мы с дядь Колей”.

Там былі ў пашане падрабязныя гаворкі пра вышыўку гладдзю, пра тое, якія сарафаны шые маці Толіка Савелава, яшчэ пра нешта, натуральнае, будзённае. Аднак было ў гэтым нешта няўлоўнае, што не падабалася Дане. Адчуванне нечага накшталт каставай адасобленасці. Каставай вызначанасці? Toe, што выяўлялася ў адной, звысака прамоўленай фразе: „Вы, местные...” Галоўнае тут было ў гучанні, інтанацыі — з адценнем пагарды i ўласнай перавагі. Маўляў, мы іншапланетныя i сапраўдныя, а вы: „Местные...” I тут Дана заўсёды адчувала — не мае значэння, што яна нарадзілася на далёкім паўвостраве. Гэта выпадак. Яна — мясцовая, тутэйшая. Гэта рэальнасць. Паводле дзедавых высноў — шчаслівая рэальнасць.