Так што ў Дане сядзела ўжо, так бы мовіць, саркастычна-іранічная вакцына. Ці, хутчэй, месціўся дзейсны, жывы, атрутны мікроб недаверу. Але ўрок пачаўся — i голас настаўніцы не даваў магчымасці запаўзці глыбока ў сваю шчарупку i думаць зноў жа пра нешта сваё. Асабліва седзячы на першай парце.
Голас чапляўся, знаходзіў Дану, прымушаў слухаць. I Дана не заўважыла, калі i куды падзеўся той мікроб. Яна слухала — пра ліцэй, пра Кюхлю, пра сям'ю Раеўскіх, пра дачу ў Гурзуфе, пра Адэсу, пра губернатара Варанцова, пра сустрэчу з Міцкевічам, пра...
Я жил тогда в Одессе пыльной...
Там долго ясны небеса.
Там хлопотливо торг обильный
Свои подъемлет паруса;
Там все Европой дышит, веет.
Все блещет югом и пестреет
Разнообразностью живой.
Ніна Рыгораўна цытавала i цытавала. Па памяці. Пазней Дана зразумела — настаўніцы, мабыць, быў асабліва блізкі позні Пушкін. Увогуле — больш эпічна-іранічны бок яго таленту, яго натуры. Калі яны „праходзілі” „Яўгена Анегіна”, Ніна Рыгораўна ледзь не ўвесь раман у вершах цытавала па памяці. Прымушала вучыць ix. Усе, нават тыя, хто далей траяка па літаратуры не сунуўся, маглі „шыкануць” строфамі ca знакамітага твора. I прачытаць па памяці не толькі:
Мой дядя самых честных правил,
Когда не в шутку занемог,
Он уважать себя заставил
И лучше выдумать не мог...
Але i тое, што запомнілася тады, а зразумелася пазней:
Но я плоды своих мечтаний
И гармонических затей
Читаю только старой няне...
У школе з'явіўся драматычны гурток. Першыя займелі поспех i ўлаўраваліся мясцовым прызнаннем дзесяцікласнікі. Яны ставілі „Юбілей” i „Мядзведзя” Чэхава. I шалёныя апладысменты здабылі Мая Гадзіён i Рая Кашэльнікава. Яны, з сёмага „Б”, глядзелі. Смяяліся. Пляскалі ў далані да болю.
Потым нейкі час увагу забраў струнны аркестр, спевы Воўкі Сяліцкага з дзевятага i чачотка Толіка Сафіенкі. Струнны граў усё — ад „Касіў Ясь канюшыну” да папуры з балетаў Чайкоўскага. Сяліцкі, праігнараваўшы рэпертуар усіх модных айчынных спевакоў, ад Уцёсава да Бунчыкава, прасвяціў публіку амерыканскім кантры i песенькамі Джо Хіла: „Однажды забастовку объявили мы опять, лишь Кейзи-машинист один решил не бастовать...” Асабліва падабаўся ўсім прыпеў: „Кейзи Джон — отправился на небо, Кейзи Джон — работает в аду, Кейзи Джон — как будто здесь и не был. Вот и просит всех штрейкбрейхеров иметь в виду”. Публіка не зауважала відавочнай неадпаведнасці знаходжання Кейзі Джона i месцазнаходжання ада: ну, якія ж нябёсы? Падабаўся лёгкі рытм музыкi, тое, што штрэйкбрэхер, значыцца, адступнік, паклёпнік, справядліва пакараны. Нечаканы быў i сам герой, зусім нетутэйшы, i такія дзействы, як забастоўка, слухачы тут жа высветлілі, што па-ангельску гэта — страйк.
Лаўры Сяліцкага ніхто не аспрэчваў. Ягоны „барматок” набываў ледзь не класічную важкасць. У Аляксандра Якаўлевіча быў зусім іншы, сур'ёзны, класічны рэпертуар, голас, якога ніколі i блізка не меў Воўка. Але — ён быў настаўнік. Яму было наканавана весці рэй. I тое, што спяваў матэматык, можна было пачуць па радыё, Воўкавы песні па радыё тады не спявалі. Прынамсі, па тым, што трансліравалі на адной шостай зямной кулі.
Забранзавець шансанье СШ № 2 не паспеў. На першамайскае свята ён з хлопцамі, праходзячы ў калоне дэманстрантаў, каля самай трыбуны, дзе стаяў, падобна, i яго родны бацька, вылузнуўся з „адзінага парыву”, у якім належала пафасна знаходзіцца савецкім школьнікам, разам з астатнімі грамадзянамі, i грымнуў: „Шла корова на свиданье ночью, чтобы милого узреть воочью, от любви сердечко часто билось и немного голова кружилась...” Хлопцаў хуценька заглушылі ваенным аркестрам i грамавым „ура”.
Ca школы Воўку не выключылі. I білет камсамальскі застаўся пры ім. Аднак — ці то з гэтай прычыны, ці з іншай — бацьку перакінулі ў другі раён. I які працяг мела кар'ера славутага спевака СШ № 2, ніхто не ведаў.