Выбрать главу

Сафіенка па-ранейшаму адбіваў чачотку, якую пачаў раптам называць прыгожа-незнаёмым словам „стэп”. Па-ранейшаму граў струнны. Часам спяваў Аляксандр Якаўлевіч. „Прымадонны” ж „драматычнай сцэны” з'ехалі ў інстытугы, i нейкі час драмгурток апынуўся ў ценю. Аднак узнікла ідэя. Ставіць „Зацюканага апостала” Андрэя Макаёнка. A пакуль — дзеля „размінкі”: сцэну з няней — ліст Таццяны i сцэну сустрэчы свецкай Таццяны з Анегіным з „Яўгена Анегіна”. На ролю Таццяны было ажно тры прэтэндэнткі. Аля Вахрамава, Роза Елькановіч i Дана. У Даны было мала надзеі. Аля i Роза — такая фактура! Аля — колер твару: што табе пялёсткі ружы, нясцерпны блакіт вачэй з павалокай, косы — нібыта з любчанскага льну. Роза — гэта як быццам з яе маляваў паручнік Лермантаў свае абрысы да „Габрэйскіх мелодый”. Затое ў Даны былі, так бы мовіць, ідэнтыфікацыі з вобразам: „Тиха, печальна, молчалива,..”, „Ей рано нравились романы и Ричардсона, и Руссо”. Русо i Рычардсона ў ix бібліятэках, праўда, не было, затое Дана толькі што „праглынула” трынаццаць тамоў Бальзака i раманы Драйзера, можа, яны, а магчыма, чытаныя раней Талстой i Тургенеў неяк паспрыялі: Дана прайшла на ролю Таццяны. Да і, мусіць, Анёл у ценю сваіх крылаў быў не супраць.

Таццяна Дане падабалася. Не тое што Наташа Растова — то памірала ад кахання да князя Андрэя (гэта Дана разумела), то была гатовая бегчы з урвісам Курагіным, урэшце пайшла замуж за мядзведзяватага Пера i лётала цэлы дзень ў халаце. А Таццяна свайго гонару дабрала. „Кто там в малиновом берете с послом испанским говорит?”, „Вы должны, я Вас прошу меня оставить...”, „Как с Вашим сердцем и умом быть чувства мелкого рабом?”, „Онегин, помните ль тот час, когда а саду, в аллее нас судьба свела и так смиренно урок Ваш выслушала я? Сегодня очередь моя”.

Дарослай Дана займела сімпатыі да Джуліі Ламберт, з яе, „пад заслону”, трыумфам i фатальна пераможным: „Што такое каханне ў параўнанні з біфштэксам?” Нават перапакутаваўшы, абавязкова трэба атрымаць перамогу над сабой. Перамагчы сябе. Дана не любіла i не разумела пажыццёвых пакутніц цвейгаўскага кшталту. А Моэм — тут ён Дане падабаўся. Займець моц паўстаць з попелу. Птушка Фенікс... Найвышэйшая мудрасць.

А яшчэ Дане былі вельмі блізкія Таццяніны высновы: „...отдать я рада всю эту ветошь маскарада, весь этот блеск, и шум, и чад за полку книг, за дикий сад, за наше бедное жилище...” Дана таксама, насуперак вызначэнням Хрысціны, аддавала перавагу — паліцы кніг, ціхаму саду i самоце. Не тое каб былі нечуваныя магчымасці „свецкага” жыцця, але Дана не імкнулася i да падробак пад той „маскарад”. Марнасць марнасцяў.

На тую ж пару „маскарад” яшчэ не страціў для Даны i яе сяброў сваёй вабнасці ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. Выяву балю вырашылі, аднак, адпрэчыць. Сцэна малая, а да таго ж усе дзяўчаты кінуліся было майстраваць строі — i фіранкам у хатах удзельніц дзейства пагражала метамарфоза, хуткая i непапраўная, пра што з лямантам паведамілі занепакоеныя маці. Пакуль, „для разгону”, прыпыніліся па сцэнах з няней i Анегіным. Дана была засмучаная — не ўдасца дзедавы „практыкумы” здзейсніць: „бялы мазур”...

Дану „экіпіравала” Ніна Рыгораўна, адшкадаваўшы на спектакль свой адзетак з нябачанага тады трыкатажу — черная вузкая доўгая сукенка з паласой з белых ромбаў наперадзе, а тыя сакральныя словы: „Сегодня очередь моя” — Дана прамаўляла ў нейкіх ружовых з белым строях i ў карункавай шалі, якую недзе пазычыла для яе пані Магда.

Калі дома, перад генеральнай рэпетыцыяй, Дана прыкінула перад люстрам строі Ніны Рыгораўны, яна пашкадавала, што Лёня Латун з'ехаў з ix горада, i не будзе на прадстаўленні.

Ці магла б яна, Дана, напісаць такі ліст? Напісаць — мабыць. Перадаць адрасату? Наўрад. Тут ёй хутчэй была блізкай, так бы мовіць, лінія паводзін Сірано... Хаця пятнаццаць год — бясконцасць з пункту погляду яе чатырнаццаці — ці не занадта доўгі тэрмін для гэтай гульні пачуццяў i высакародства? Ну, але пытанне можна было пакідаць рытарычным, адрасата ў блізкай прасторы не было, i Дана магла вольна інтэрпрэтаваць толькі i выключна сцэнічны вобраз. Не абапіраючыся на ўласны вопыт. Выдатны момант. Але гэта Дана зразумела пазней.

На спектакль сабраліся ўсе класы, прыйшлі бацькі, суседзі.

„Не спится, няня, здесь так душно”, — пачынала Дана. I гаварыла з няней — Розай. І чытала ліст Таццяны. I адчувала годны i спакойны рэванш Таццяны, той, якую прыкмеціў на балі Анегін: „Кто там в малиновом берете с послом испанским говорит?” „Сегодня очередь моя”, — Дана вяла гэты маналог з асаблівым настроем: справядлівасць перамагла. I быў нават поспех. Аднаразовы. Прэм'ерны. Школьна-хатні.