Выбрать главу

Затое найвялікшы досціп яны мелі ca спектаклем „Выбачайце, калі ласка”. Паводле Макаёнка. Тэлевізараў яшчэ не было, п'еса — сучасная i на той момант вострая. То яны аб'ездзілі з пастаноўкай увесь раён. Ільвіную долю поспеху даваў Толя Дзёмін — Моцкін. Дзе што браў гэты хлопец? Тэатра ж яны не бачылі. Ажно трэба было глядзець, як асцярожненька, покрадкі ўваходзіў Лёня — Моцкін. Як ён цалаваў ручкі жонцы Каліберава — Дане. Як гаварыў ён — абвяшчаў, даваў знак сваёй сувязі ў жыцці — з усім i ўсімі, хто быў патрэбны. „У мяне ў Менску ёсць адзін знаёмы доктар, дацэнт...” Гэта гучала так, нібыта ён пазначаў свае блізкія стасункі не менш як са спадчынным прынцам або з цэлай плоймай міністраў. I ўвесь час Лёня трымаў інтанацыі гэткага местачковага Макіявелі, спадчынніка Шатабрыяна i Мірабо, разам узятых. Ледзь улоўны яўрэйскі акцэнт, мітусліва-акруглыя жэсты, упэўненасць у сваёй незаўважнай уладзе над людзьмі.

Партнёр!

Тады, між іншым, Ніна Рыгораўна неяк прамовіла: „Няма чаго ісці ў педінстытут ці універсітэт. Сядзець над сшыткамі. Трэба ісці ў тэатральны”. Ніна Рыгораўна, Алісава, Марцінсон... Поспех у тутэйшай публікі. Але маці скептычна пазначыла: „Не прафесія. А галоўнае, ніякай свабоды выбару. Не дадуць ролі, усё жыццё будзеш актрысай мімансу. Каронная роля — „Кушать подано”.

Матчыны меркаванні пераконвалі. I — паліцы з кнігамі, цішыня, не, гэта куды як больш прывабна. І — воля. Ты не залежыш ад гэтага шматгаловага i зменнанастраёвага натоўпу: публікі. Хаця — які салодкі падман: бурныя апладысменты. І выхады на „біс”. Асабліва калі ад гэтага нічога ў тваім жыцці не залежыць.

Неспазнаны шал дылетантызму, аматарства. Любіцельскі спектакль — ад слова „любоў”? A прафесіяналізм — гэта відачынства, „лицедейство”, кожнадзённы прымус. Гульня — розуму, пачуццяў, не проста ўчынкі, a ўсведамленне ix, не рэчы, а канцэпцыі рэчаў. I — залежнасць, залежнасць ад волі рэжысёра, ад сваіх партнёраў, ад настрою публікі, ад уласнага настрою, які абавязкова павінны падпадакоўвацца сённяшняй сцэнічнай падзеі, задуме аўтара п'есы, таму, што чакаюць ад цябе людзі па той бок рампы.

Дана пайшла ў тэатральна-мастацкі інстытут, але скончыўшы філфак, i не на акцёрскі, а на мастацтвазнаўчы факультэт.

Але i школа, i Ніна Рыгораўна засталіся як частка таго далёкага, даўняга святла, якое свеціць доўга... Пакуль жывеш...

...Да Ніны Рыгораўны яна ішла заўсёды, прыязджаючы ў горад. Хаця ўжо далёка былі i школьныя гады. I драмгурток. І нават тая гісторыя, што дала мясцовым пляткаркам нагоду доўга языкамі абмывацца. Ніна Рыгораўна стала жонкай Аляксандра Якаўлевіча. Скасаваўшы шлюб з падначаленым бацькі Нэлі Рабаненка. Дана на тую пару не давала сабе смеласці абвяргаць паводзіны настаўнікаў. Пазней прызвычаілася да старонняга стаўлення да асабістага жыцця іншых. Кожны жыве, як яму выпадае.

Да сваіх настаўнікаў яна прыходзіла заўсёды, прыязджаючы ў свой горад. Везучы даступныя ёй прысмакі: часам карабок цукерак, часам — марцыпаны, часам — „Птушынае малако”. За адным была прычына ці повад пасмяяцца: „Выключна марцыпаны ўжываем”. „З французским каньяком”, — у доме настаўнікаў таксама даставалі запаветныя прыпасы. Дана каньяк не ўжывала ўвогуле i не магла даць таму належнай увагі, але прыемны быў сам факт. Яна прыходзіла да людзей, што былі, прысутнічалі ва ўсе „эпохі” яе жыцця як напамін пра мінулае, як згадка пра даўняе, як сустрэча з людзьмі, якія памятаюць яе ў вяснова-цнатлівую пару, урэшце — яны: ёсць — як нейкі існуючы ці прымыслены этычны i эстэтычны эталон. Эталон з невымоўнай пячаткай яе горада i яе юнацтва. Мабыць, i яна была для ix i адна з чародкі ix выпускнікоў, i адна з ix рамантычных гадоў, тых гадоў, калі школа ў горадзе была асяродкам жыцця культурнага, была тэатрам, клубам, месцам, вакол якога гуртавалася нешта значнае i асвечанае традыцыяй, звычаямі, нейкімі атавістычнымі рэфлексіямі i перспектывай, што вядзе ў жыццё. У такіх гарадках, яе яе, гэтая перспектыва відаць асабліва ясна — далягляды не зніклі за заслонай тупа падобных карабкоў. A класічна вызначаныя гістарычна-літаратурныя рэтраспекцыі надаюць сустрэчам асаблівы імпэт i нейкую пазачасавую эстэтыку.

Да гэтай вызначанай, з пэўна паўторанымі інтэрваламі хронікі адносін дастачылася нешта з хаосу фактаў, гвалту рэальнасць Ніна Рыгораўна захварэла i апынулася ў адным з будынкаў сасновага бору пад Менскам, дзе было мала надзей i яшчэ менш ілюзій. I Дана ездзіла ў лютаўскую завіруху ў той бор i прыязджала з адчуваннем, што не толькі пах гэтай установы, а i дух яе працяў кожную клетачку яе істоты. I, як некалі была зачараваная віртуозным артыстызмам натуры сваёй настаўніцы, так зараз нямела ад таленту яе мужнасці. Дана спрабавала дабрацца да таго акенца, праз якое Ніне Рыгораўне давалі наедак, калі тая ляжала „на золаце”. Так звалася працэдура пасля абпраменьвання — анкалагічныя хворыя глыталі нейкую дозу золата: здаецца, так. Дану завярнулі ў паўдарогі два мажныя мужчыны — проста выкурылі яе адтуль, „пад белыя ручкі” вывелі. Ці то анколагі, ці то санітары, ці то службоўцы шпітальнага морга. А Дана доўга не магла ачомацца ад таго асветлена-сляпога пераходу — нейкая бясколерная, застыглая, няўцешна-роспачная замкнёнасць. I недзе там, у гэтым катакомбах — яе настаўніца. Адна. Дана не баялася вышыні, але відавочна адчувала ў сабе боязь замкнёнай прасторы. Клаўстрафобія яе была не вельмі заўважнай, але Дана імкнулася не дражніць лёс.