A Ніна Рыгораўна прайшла праз усе пакуты i нейкі час, здавалася, была такой, як некалі. Прыгожай, энергічнай, элегантнай. Вострай на вока i на язык. Прыязджала чытаць лекцыі на курсы падрыхтоўкі настаўнікаў — чаравала, царавала, вяла рэй. Выдавала кніжкі-практыкумы. Змагалася як магла апошнія гады, нясцерпна пакутуючы, працягваючы свой нялёгкі зямны шлях. I ён, класны Даны, прайшоў гэты шлях побач з ёю. Прыняўшы сваю долю пакут.
Калі развітваліся з Нінай Рыгораўнай, па ім было відаць, якія цяжкія, скрушныя гэтыя гады былі i для яго...
A быў той дзень негарачы, раздумліва-цёплы. Летні. Праводзіў яе ўвесь горад. Прыехаўшы знарок i трапіўшы незнарок — былыя вучні. Да самага месца на пагорку, пад раскідзістым дубам. Прыгожае месца... Нейкая эстэтычная завершанасць пражытага жыцця.
Апусцілася заслона яе жыццёвай драмы. I тыя, хто праводзіў яе, не меркавалі пра іншабыццё, пра каноны i дагматы, што звычайна суправаджаюць такія падзеі. Яны, былыя вучні, пасля памінак рушылі на замак. I не было мутасветнага адчування страты. Было дачыненне да нечага трансцэндэнтнага i неабходна звычайнага адначасова. I яшчэ вось тое чуццё нармальнага сыходу з жыцця. Адрабіўшы, адпакутаваўшы, выгадаваўшы дзяцей, даўшы веды некалькім пакаленням. I нават гэты апошні шлях прайшоўшы такім лагодным днём, адышоўшы натуральна, прыстойна. Як мае быць чалавеку. Пазней гэта думка часта закрадвалася ў свядомасць Даны, калі яна бачыла бессэнсоўныя, гвалтоўныя канцы жыцця — пакуль па тэлебачанні: забойствы, землятрусы, паводкі, жах „звычайнай” смерці на вайне.
Пра гэта не думалася тады, але гэта было ў свядомасці — ці падсвядомасці? — кожнага. I кожны меў на памяці яе, Ніну Рыгораўну, як святочны падарунак жыцця. I яе адыход — як нечаканы i непаўторны выпадак сысціся разам — тым, хто заканчваў школу трыццаць, дваццаць, дзесяць гадоў назад. I ва ўсіх было гэта агульнае — настаўніца, настаўнікі, школа, ix горад. Адзіны корань, тое, што заўсёды будзе з імі, што ix лучыць, што з імі пажыццёва.
Яны, не амаўляючыся, нібыта выпадкова, праходкай, прыйшлі на пагорак па-над ix школай, насупраць Барысаглебскай царквы. Тут некалі жыла Дзіна Бабак, зараз Дыяна Чаркасава. I колішняя яе суседка, пазнаўшы Дзіну i прызнаўшы астатніх, прынесла вяндліну, яйкі, каву, самавар i той бессмяротны народны напой, што ў такіх выпадках ставяць на стол. Потым падбег былы піянер Даны, Коля. Некалі Дана, васьмікласніца, была піянерважатай у сёмым, i быў у ix сярод іншых мерапрыемстваў „эпахальны” выпуск насценгазеты. У галалёд, што на ix горках рабіўся проста стыхійным бедствам, яна прыйшла, да вялікага здзіўлення сваіх „апекаванцаў” — а так надарылася, што ў класе былі адны хлопцы. Гэты ўчынак Даны быў роўны немаведама якой сістэме довадаў наконт яе „аўтэнтычнасці” сваёй грамадскай ролі.
Туды, на горку пa-над школай, у дзень праводзін Ніны Рыгораўны, прыйшлі з імі i сын колішняга абаронцы Даны, дырэктара Карчэўскага, i Дэвік, які стаўся шанаваным рэнтгенолагам, слынным у горадзе спецыялістам. I яшчэ — малазнаёмыя — але таксама былыя вучні Ніны Рыгораўны.
I перад імі быў горад у познечэрвеньскай зеляніне. I яны ўсе разумелі, што вось так яны больш ніколі не сустрэнуцца. I не будзе нечаканага i крыху дзіўнага застолля знаёмых i амаль знаёмых людзей, якіх звязваюць — гэтае сённяшняе развітанне, ix юнацтва, ix горад. Гэта першы i апошні раз. I ў тым быў свой, асаблівы сэнс. I ніхто не вёў гаворку — штучную i непатрэбную — пра тое, што вось, маўляў, трэба сустракацца, трэба памятаць... Кожны будзе прыязджаць — але асобна, i ў кожнага будзе свая памяць, таксама асобная. Нішто не паўтараецца. Нават вось гэтае судатыкненне з далёкай рэальнасцю — юнацтвам. I дотык — лёгкі, хвілінны, амаль што ірэальны. Хаця усе атрыбуты прасторы, у якой пракінулася нітка з тых часоў у гэты дзень — тут. Рэшты абарончай вежы, дамы вуліцы Замкавай, царква, ix СШ № 2. Не проста антураж: ахоўная прастора, дзе ўсё — сваё, усе — свае. I чар выпадку — у ахоўнай прасторы. Гэта не традыцыйны збор, дзе кожны павінны трымаць справаздачу: хто ён, чаго дасягнуў, дзе жыве. Гэта хвіліны сярод ix штогадовай будзённасці. Нe свята, не правадзейная сустрэча... Хвіліны, у якіх не было пачатку, не будзе працягу. На нейкі час яны, занятыя дарослыя людзі, апынуліся на ўзбочыне быцця, у аўце пазначаных неабходасцю падзей i ўчынкаў. Было ўтульна i добра на гэтай узбочыне. На ўскрайку Сусвету i на ўласнай зямлі. Нібыта па-за гістарычным часам i ў пэўна пазначаным часе. Вось з той самай правілеяй — канкрэтыкай сувязі часоў i адасобленасцю імгненняў. Усе яны хадзілі па тых самых вуліцах, тых самых шляхах. Але кожны сваёй парой. Сваім часам. I ў кожнага быў свой час луны. Свае хвіліны шчасця. А „шчасце можна знайсці толькі на пракладзеных сцежках”. Здаецца, Шатабрыян?