Выбрать главу

A ўначы Дана бачыла дзівосныя сны — нібыта чарговы піруэт узносіць яе ў паветра i яна кружыць недзе высока i чуе музыку. Потым яе сны „апусціліся” ў блакітную ваду, дзе яна плыла па ясных, блакітных каналах ці па моры да палацаў, падобных адначасова па палацца да К'Ора i на Тадж-махал. A ў катэджы ў лесе, на лапіку зямлі, што зваўся Каралішчавічамі, у пакоі, дзе знакаміты празаік незадаўга пісаў свае незбыт папулярныя творы, Дана бачыла, як з блакітнага неба падалі рамонкі — вялікія, бела-жоўтыя...

Тады... стары чараўнік i вядзьмар-час падманваў, надаваў новыя рытмы, уводзіў у новае кола жыцця мелодыі ix бацькоў i нават далёкіх продкаў...

Танец — ілюзія, сон? Рэальнасць? Нават — закон рухаў? А можа, i тое, i другое, i трэцяе?

„...Царсцвенныя Законы, якім мроіцца, быццам яны явілі сябе ў ясных ліках i сышліся ў адно, каб паказаць смяротным, як рэальнае, прывіднае i адстароненае могуць сысціся i будаваць агульнае воляю Муз?” Дана любіла танец воляю Муз як самавыяўленне. Танец-адзіноту, танец — сам-насам ca сваёй душой, танец — для іншых i для сябе... Але быў i танец — чаканне, танец — запрашэнне, танец — зброя, танец — спаборніцтва, танец — дуэль, танец — спакуса...

Пра гэта абвяшчала музыка з парку, з танцпляцоўкі. З радыёпрыёмніка. З радыёлаў — на школьных вечарынах i на школьных зборнях. Вальс... Лёгкі, светлы, нібыта ўзлётна здымае нерашучасць i марудлівасць. Усмешлівы, бясспрэчны, легкадумны i добра выхаваны адначасова. Рука кранае талію, i двое набываюць асаблівы давер адно да аднаго. Яны не збіраюцца пранікнуць у лабірынты душы, не сягаюць у таямніцы, яны ведаюць лёгкі одум гэтага іскрыстага, прамяністага руху па паверхні. А танга сплывае павольным, скрадлівым метрарытмам, загадкавым, таямнічым, ап'яняльна-хвалюючым. Рэзкія, свавольныя выпады, агністае абяцанне таго, што не адбудзецца, ільдзісты, напышлівы напамін пра падман i каварнасць, пра сутыкненне з небяспекай, пра тугу, у якой няма канкрэтнай прычыны, пра самоту, што жыве побач са, здавалася б, самай шчаслівай доляй. Пра якую i не памысліў іранічны i замкнёны ў сваім стракатым рытме факстрот i розныя гарэзлівыя ўан-стэпы. Ці інфернальны рок-н-рол, змяісты твіст або ўвесь састыкаваны на рабрыстых выпадковасцях рухаў брэйк-данс...

Усе гэтыя скокі, як i кнігі, Дана „прайшла”, адпаведна i неадпаведна храналогіі ix існавання, моды на ix, рэтраўспамінаў.

...Пры адчыненым балконе ў кватэры Азарэвічаў былі чуваць гукі аркестра, прыцішаныя адлегласцю рытмы. У тым гучанні былі прага руху i няяснае адчуванне з далёкіх куткоў лабірынту душы. Мроіліся высакародныя, не даступныя воку калёры, i Дана ведала пра сябе, што яна самая шчаслівая i самая самотная істота сярод людзей.

На танцпляцоўцы было i так, i інакш. Какетаваць па складу натуры Дана не ўмела i лічыла гэта танным умельствам субрэтак.

Выпрабаваную жаночую зброю яна адкідала i вызначала адну, не вельмі надзейную i небяспечную — гонар. І ўзяўшы гэты цяжкаваты шчыт, Дана харобра люляла свае мары — як пазней высветлілася — з ілюзій, памылак, з гульні адлюстраванняў у люстрах фантазіі. Да гэтай зброі дадавалася яшчэ надзейная заслона — блізарукасць, i Дана не бачыла, так бы мовіць, рэальнага размеркавання сіл. Праўда, Анёл у ценю сваіх крылаў, робячы, мабыць, вечаровы палёт над горадам, кідаў на яе свой міласцівы позірк. I тады, калі Дана завітвала на танцпляцоўку. Не так, як Хрысціну, у якой адбою не было ад кавалераў, але — запрашалі. Хаця рэпутацыя „задавакі” не вельмі спрыяла поспеху.

Затое ўдзень Анёл, відавочна, спрыяў праважатым. Да дзявочага шарму Даны гэта не мела ніякіх адносін. Тым часам у горадзе кватараваў чарговы полк i лейтэнанты, а часам i капітаны дабіралі сярэднюю адукацыю экстэрнам i ў вячэрніх школах. I збіраліся трымаць экзамены, добра засвоіўшы стары, але не састарэлы „пункт” этыкі: шпаргалкі не змусяць кінуць ценю на мундзір вайскоўца. А Дана была істотай, у якой поўны стос сачыненняў на вольныя i паднявольныя тэмы, якія маюць прывабную адзнаку „выдатна”.

Гэтымі ж „абітурыентамі” ажно стракацеў ix кінатэатр. Кінатэатр, безумоўна ж, зваўся „Перамога”. Хаця маглі быць варыянты: „Радзіма”, „Кастрычнік”, „Ударнік”. Дана не ведала, хто i як прыдумваў ix назвы, але за межы пэўнага „рэестра” не выходзіў ніводзін горад. Некалькі ідэалагічна бездакорных назваў, прынятых i зацверджаных па інстанцыях. Ніякіх свавольстваў i гульні думкі — стандарт, партарсенал, набор культработнікаў, што дыялектыку вучылі не паводле Гегеля.

Ну, але ніхто не зважаў на тыя назвы — ішлі ў кіно. I перад сеансам у дзевяць гадзін вечара — a ўсяго ix было два: у сем i дзевяць — у фае грымела радыёла. I яны, тады яшчэ не зазнаўшы смаку танцаў на гарадскіх пляцоўках — у РДК i ў парк пачалі хадзіць ужо на студэнцкіх вакацыях — ляцелі ў кіно загадзя, каб адвальсаваць i адтангаваць сваё. I тут Дана, што на якім велікасвецкім балі, магла распісваць мазуркі i „контрдансы”. У чаргу выструньваліся выключна вайскоўцы, лейтэнанты. Тыя самыя, будучыя абітурыенты, шукальнікі сачыненняў.