Выбрать главу

...Рыжанін павінны быў чакаць Дану адным летам на сваім узбярэжжы, і, безумоўна, у самы апошні момант захварэла Вольга Станіславаўна, i рыжанін застаўся спраўляць сподзіў з яе маўчання на сваім узбярэжжы, а Дана не так хадзіла, як кідалася, па абарончым вале, аднак лічыла, што адбіць тэлеграму або напісаць ліст — няёмка i нават непрыстойна. Парушыцца нешта ў ix адносінах i ўвогуле: гэта не адпавядае стылю паводзін Даны. Яна павінна была прыехаць i даць, нібыта між іншым, званок па тэлефоне: „Асвойваю мясцовы каларыт”.

Так што Таццяна з яе не атрымалася. А на подзвігі Гражыны не выдарылася моманту.

З рыжынінам засталося шматкроп'е, да якога ён у якасці постскрыптума(?) даслаў дзве віншавальныя тэлеграмы з Таліна; тым часам штудыі ён скончыў i з'ехаў правіць свае справы, як ён сам пазначаў, неаддзельныя ад Балтыі. У тэлеграмах было крыху недаўмення, крыху крыўды, шмат скепсісу i іроніі. Скепсіс i іронія прыдаліся i Дане, хаця весці слоўныя дуэлі стала нецікава i не было з кім. I тым больш падабаліся танцы. Як дзейства самадастатковае, як самавыяўленне паэзіі быцця, як нешта асабістае i надасабовае. Чытанне ў сваім адстоі давала канцэнтрат рацыо i эмоцый, танцы іспытвалі склад душы на экстэнсіўнасць адчуванняў, выдавалі існаванне нейкім сілуэтным, мройным абрысам, у якім панавалі мелодыя, рытм i рухі, пераўтвараючы яе „я” ў некалькі „я”, тоесных i нетоесных рэальнай асобе Даны. I падвышалі яе над рэчаіснасцю i набліжалі да бясконцасці. Дана нібыта набывала лёгкасць, роўную бязважкасці, палётную радасць i нейкія сакральный знакі жаноцкасці натуры.

Хаця выразнага ўяўлення аб прызначэнні жанчыны ў Даны так i не было. Акрамя хіба таго, што, паводле канцон трубадураў, „ваша воля — для мяне закон” i жаданне, што трапіла нават у сацарт, хай сабе i праз персанажа негераічнага: „З неба зорачку дастану...”

A ўвогуле ў мужчын таксама досыць складаны status quo. Асабліва калі браць пад увагу высілкі дзяржаўныя. Чамусьці індывідуум губляе свой суб'ектывісцкі шарм, як толькі ўдаецца дапасці да стырна ўлады.

I, мабыць, больш за ўсё імпанавала Дане адстароненая, занятая канкрэтнай справай асоба. Але — зноў жа — рабілася праблематычным i цьмяным, што ёсць сапраўдны занятак, справа. I ўсё большую вагу для яе набываў унутраны вопыт, хаця рэнесансу свайго краю яна хацела даць веры i бачыла мала перадумоў да той прыўкраснай будучыні. Як гэта прамоўлена ў слыннага паляка? „Мы вучыліся жыць з катастрофай як інтэгральнай часткай гістарычнага часу”. Катастрофа выбуховая, катастрофа паўзучая, катастрофа патаемная. Чэслаў Мілаш адчувае, разумее вызначальнае светаадчуванне нашага часу. I, магчыма, гэта існаванне з катастрофай абумовіла i рытмы часу, а не толькі знакамітая НТР? I, можа, невыпадкова так захлыналася ў танцы Еўропа напярэдадні сусветных войнаў? Старая Еўропа спрабавала надаць імпэту прысмеркам багоў i сваім уласным сутонням? Чуццё надтачыць тэмпам?

Але была i ёсць у музыцы кожнага часу i ў тых гуках, што жывуць i жывяць дух стагоддзі, i самадастатаковасць, i свая суцэльная дадзенасць. I ва ўзросце, калі пачынае адчувацца атрафія эмоцый, Дана спрабавала ставіць старыя пласцінкі. Але была не толькі настальгія, не толькі ўспамін. Той час наплываў відавочна, уладна, усё астатняе збывалася ў тумане i знікала. Заставался толькі тымчасовыя фантазіі, ілюзіі, радасці...

„З неба зорачку дастану...” Нібы i жарт. Нібы i мара пра высокі жэст. Лёгка i проста.

Толькі шматкроп'і

Легка i проста, як дастаць чарэшняў у судовым садзе. Чарэшні гэтыя лічыліся нібыта i несапраўднымі — цвердаватыя, невялікія, светла-чырвонага колеру. З судоўцаў ніхто на ix не квапіўся. Няма сваіх, дык у нядзелю кірмаш, навязуць аксамітава-цёмных, сакаўных, i жоўтых, мяккіх, празрыстых. I танна, i хітра.

Але ў Даны былі свае выгоды. Чарэшня — ужо добра падрослая, а яшчэ не старая: добра трымала яе сорак восем шаснаццацігадовых кіляў, i Дана ўзбівалася высакавата, садзілася на суку i паціху ласавалася. Адсюль, праз лістоту, зусім інакшым выдаваў сад, i судовы будынак, i ліпеньскае неба. Хораша — што на Святой гары сядзець. Лепш — толькі на замкавай вежы.

„Вітаю вас”, — пачула Дана адноечы з суседняй яблыні. I ад нечаканасці ледзь не страціла раўнавагу. Гэта быў нейкі дарослы незнаёмы чалавек. На Данчын шаснаццацігадовы погляд, зусім з іншага, дарослага свету. У пракурорскім мундзіры. Мабыць, ведаў, чыя яна дачка, распытваў пра школу, пра тое, куды яна збіраецца ехаць. Дана толькі што здала выпускныя экзамены, i незнаёмы, пэўна, разумеў — ні пра што іншае Дана ні думаць, ні гаварыць не можа. Незнаёмы давёў Дану дахаты — i больш яна яго ніколі не бачыла. Але ва універсітэце пяць гадоў на кожнае свята атрымлівала віншавальную паштоўку, дзе абавязкова пазначалася ix „неземное знакомство”. Пісаў ён на рускай мове, заўсёды выбіраў прыгожыя паштоўкі i прыгожыя канверты. Адваротны адрас быў пазначаны горадам i нечытэльным подпісам. Паштоўкі Дана знаходзіла ва універсітэцкай скрынцы на літару „А”. Ад маці Дана даведалася, што чалавек гэты быў следчым i прыязджаў у ix горад па службовых справах.