Выбрать главу

Дане падабалася гэтая таямнічасць — містэр X i тое, што чалавек гэты не меўся весці з ёю знаёмства. Паштоўкі. Толькі паштоўкі.

Нібыта напамін пра яе горад. Мабыць, не абышлося без увагі Анёла ў ценю сваіх крылаў. Як i ў тым выпадку, калі чалавек у марской форме ў Севастопалі, праходзячы міма, з нейкай невядомай радасці падараваў Дане букет кветак. А незнаёмы ў Львове даў ёй у краме оптыкі акуляры, не ўзяўшы грошы, — свае акуляры Дана забылася ў Стрыйскім парку, не інакш пакінула на памяць тамтэйшым вавёркам. A ў дзень папярэдніх падрахункаў пражытага — дзень не сумны i не вясёлы — чалавек, ад якога ёй не выпадала чакаць увагі, прынёс чырвоную ружу i дыстынктоўны снапок восеньскіх кветак. I жанчына, што не ведала Дану, не адпрэчыла яе просьбы ў Святой Кнізе. I — нібыта кампенсуючы даўнюю матчыну страту — адддла сваю Біблію той парой, калі Кнігу зрабілі рарытэтам i амаль што недазволеным выданнем. У жанчыны гэта быў не адзіны асобнік Кнігі, але тым не менш...

Анёл у ценю сваіх крылаў падаваў Дане свой знак памяці. З таго, адзінага месца на зямлі. Дзе на слынным возеры была сустрэча з кабетай, падобнай адначасова на чараўніцу i на бабу-ягу. Кабету з роду вядомага — Марыю Капніст. Яна дасылала Дане кароткія лісты з Кіева на паштоўках — рэпрадукцыях карцін Урубеля.

Усе гэтыя сустрэчы засталіся ў памяці — як нейкія напаміны пра дабрату i высакародства, што раптам сустракаюцца ў жыцці як знакі рэальнасці, што складаецца не толькі з будзённа чаканага, абавязковага, патрэбнага, карыснага, але i ca шчасця выпадкаў, за якімі няма ні кошту неабходнасці, ні цвярозага разліку. Якія — толькі ад мройлівага, зіхатлівага i няпэўнага Святла Загадкі, што пазначае толькі твае, незапланаваныя i не супадаючыя ні з чыімі, святы, імгненныя, рухомыя, не заўважныя нікому. Як масток паміж Натурай i чыстай ідэяй аб шчасці i радасці. Як напамін пра тую пару, калі ўсё наступнае здавалася спакусна інтрыгуючым, а жыццё выдавала незвычайнай, захапляючай гульнёй, дзе яшчэ не праглядваўся морак штодзёншчыны, тлумны стандарт жыцця. Былі вядомыя яшчэ толькі рэжым i дысцыпліна — але яны падабаліся, складвалі дні ў нешта строгае i ясна вызначанае. I было вядома — ад гэтага можна адысці любым момантам, збегчы ў шыкоўную раскошу мроі, дачакацца свята канікул. I хадзіць сцежкамі, дзе, здаецца, лунае той дух, што ведае шлях да сапраўднага, высноўнага, існага. Калі нават сляза высыхае ад усмешкі, а смех здагадваецца, ведае i не ведае пра гаркату плачу.

Смех слязы

...Яны развітваліся — ca школай, з горадам, з бацькамі, з блізкімі. Развітваліся лёгка, нават нецярпліва — нарэшце пачынаецца сапраўднае жыццё. Скончылі падрыхтоўку. Будуць жыць самастойна.

Студэнцтва — ад аднаго гэтага слова займала дух.

Яны яшчэ не ведалі прыцягальнасці магнітнага поля сваёй зямлі, горада маленства i юнацтва, яны не ўсведамлялі, што, які зарад духу яны атрымалі гут. Пакуль яны жылі „ чуццём дарогі”, „чуццё глебы” прыйшло пазней. Яны яшчэ не ведалі магічнай улады вобразаў дзяцінства, гармоніі той пары, таго максімуму варыяцый жыцця, якіх не зазнае ўжо ніякая іншая пара. Усё наперадзе — тут не было яшчэ ні іроніі, ні самападманнай надзеі. У гэтым, можа, i ёсць заўсёды разгадка прыцягальнасці тых год. Нават калі зусім не рамантызаваць юначую пару, духоўная спадчына кожнага — там. I Дане тут не былі блізкія Дастаеўскі, Марыак, Джойс... З ix пярэкрутнай свядомасцю, паталагічнымі спазмамі памяці. Яна разумела Сент-Экзюперы, Пруста, Както, „на ўсё жыццё пазначаных знакам, пячаткай дзяцінства”. Асветленых даўнім, ранішнім святлом жыцця.

Дана заўсёды адчувала гэты знак — як галоўнае i неад'емнае ў сваёй асобе. Як святло i цяпло тых дзён, як грунт культуровага тыпу асобы i як грунт асобы ўвогуле.

Апошнія дні... Апошні школьны баль... Усе святочныя, прыгожа ўбраныя. Але знайшоўся дзяцюк, што адной фразай, нязграбнай, грубай, здратаваў усё тое вяселле i ўрачыстасць. Усім, не толькі Дане. I Дане стала сумна i схацелася сысці. Чаму б не на слыннае возера?

Возера было баладна-прыгожае, чыстае, яшчэ не засмечанае „акультурваннем” i цывілізацыяй. Ані душы, ані будынка зблізу.