Jakiż to chłopiec piękny i młody?
Jaka to obok dziewica?
Brzegami sinej Świtezi u wody
Idą przy świetle księżyca. 17
Зразумела — нікога. Дана была адна. I ўрачыстасць была тут. Не там — у актавай зале. Тут чулася мелодыя яе жыцця. Мелодыя яе душы. Але тую мелодыю чула яна адна. Ніхто не схацеў даўмецца, чаго ёй стрэліла ў голаў ляцець сюды. I было крыўдна, ніхто не даў веры, што яна прыйшла сюды пешшу. Што гэтыя дваццаць кіламетраў у яе семнаццаць год ды ў чэрвеньскую ноч! Як гэта яна пазней чытала ў разумных кніжках? Экалогія развіцця ў ix была розная. Нават з Вольгай Станіславаўнай, для якой стэрэатыпы мыслення i ўспрымання ix атачэння былі калі не законам, дык абавязковымі правіламі. I Дана сваё першае „дарослае” лета правяла досыць сумна. Самым цікавым было субяседаванне ва універсітэце. Хто яго прыдумаў — невядома, але на той момант ёй гэтыя практыкаванні спадабаліся. Ix, залатых медалістаў, было ажно дзесяць чалавек на месца. I было прыемна адчуць сябе сярод пераможцаў. Прайшла! Знайшлося месца пад філфакаўскім сонцам!
Напрыканцы жніўня Дана зрабіла развітальную праходку абарончым валам, зайшла ў касцёл, дзе заўсёды адчувала тую мелодыю існага, што i на слынным возеры. Згадала гукі, што ўзносіліся тут пад час візітаў той жанчыны, з яе, Даны, дзяцінства. Яны супадалі з мелодыяй яе душы. Як супадалі гукі мелодый Шапэна, Вівальдзі, Моцарта, Баха... I не супадалі з гэтай метрарытмікай сінкопы рэчаіснасці. Сляпая цвярозасць рэальнасці рабіла прымглёным святло загадкі, разбурала магію быцця, гармонію існага...
Аднак, магчыма, у гэтых дысанансах i бясконцай размаітасці былі свой сэнс, свая логіка? нават свой водар? Але ёй не было дадзена адчуванне гэтага сэнсу, гэтай логікі, чароўнасці гэтага водару. Думкай i пачуццём яна вярталася сюды...
Sanctum Sanctorum
I задавала сабе пытанне — дзе прытулак душы тваёй?
Пад небам, спаласаваным знакамі звышгукавікоў. На зямлі, закатаванай жорсткасцю i неўразуменнем, у скрыготных натоўпах, дзе столькі твараў, не праясненых ані думкай, ані чуццём.
Яна адчувала сябе ўсё больш адстаронена — як ля калодзежа бездані, нібыта ў прадчуванні трубнага гуку Чацвёртага Анёла. Яна шукала страчанай сувязі са светам. Згадвала тое, даўняе, пажыццёвае. Настойліва імкнулася ў куткі, дзе тая марнасць марнасцяў не правіла баль.
Ішла ў будынак на гары, будынак, поўны кніг. Дрэвы з яго вокнаў здаваліся прыгожымі, як на выявах майстроў італьянскага Кватрачэнта, а неба такім, нібыта яно не ведала нi крыжавання антэнамі, ні кіпцюроў i драпін ліній ЛЭПа, ні канквістадорскага наступу самалётаў... Яснае i цнатлівае, нават ягоная шэрань глядзелася адсюль злагаднай i класічна чыстай.
I класічна прыгожымі выдавалі паркі, якімі яна ішла адсюль: стары, на ўзгорках, дзе кожнае дрэва нібыта пацвярджала мізэрную недаўгавекасць тых, што лічаць сябе вяршыняй светапарадку. I маладзейшы парк, праз дарогу, той самы, нягеглы — пад час яе першага прыезду ў Менск, а цяпер фацэтна-прыгожы: помнік Янку Купалу, музей, цяжкаватае хараство бронзавых красунь ля фантана, ліпы — што векавечны сімвал згубленай утульнасці маёнткаў i фальваркаў, таемны поступ клёнаў — увосень рытуальна-прыгожых: нібы ганаровая варта ў якім каралеўскім палацы. Яна заўсёды не даходзіла да фантана — там людзі i чарада каменных стварэнняў. Гэтую чараду патрактавана лічыць музеем пад адкрытым небам, вернісаж, аднак, зацягнуўся, i Дане страшэнна назалялі каменныя галубы, падобныя да парсючкоў, i невыразна-нязграбныя цёткі без рук i ног.
Хаос жыцця заставаўся недзе зусім далёка, калі яна трапляла да таполевых прысад у верхнім парку: цёмныя строгія ствалы — на вясновым малодзіве i святочна-ўзнёслыя на шыкоўным дыване з апалай гарача-залатой лістоты ў верасні. Тут Дана заўсёды воостра адчувала: так, жыццё ўсё ж — найвялікшы дарунак.
Азірнуўшыся назад на сцяжыне над ракой, яна заўсёды прыпынялася зірнуць адсюль на лукавіну ракі, на купы дрэў, кожнай часцінкай сваёй істоты адчуваючы прыгоства ландшафту. I — злагадную згоду з Быццём. Існуючае — усё ж разумна. Існуючае — прыгожа. Існуючае — павінна быць. I нават здавалася — „пакрыёма пранеслася слова, i слых... прыняў нешта ад яго”.
Гэтай самай сцяжынай Дана хадзіла раннім ранкам у нядзелю ў тое ўзнёсла-прыгожае збудаванне — нібыта высокі Дух зазначыў яго на зямлі нават без дапамогі рук звычайных смяротных. Прасторава арганізаваная структура... Так, здаецца, фармулююць у сваіх прафесійных гаворках дойліды... Выдатна арганізаваная структура. Замысленая так, каб было відаць задалёк: на горцы. Адно людзі, якія нават сонцу, мабыць, адвялі б сацыяльна i класава функцыянальнае месца, замаскавалі бажніцу з усіх бакоў мурамі. Але паспрыялі іншаму эфекту — кожным разам касцёл узнікае на фоне неба як цуд, як нешта нечаканае, як дарунак лёсу. Святыня на горцы... Ёй падабаецца непаспешліва падымацца па прыступках...