Выбрать главу

На гэты момант у Станіслава Строцкага быў кантракт са шпіталем, дзе сіньёр Лантуччы меў у апякунскім савеце, падобна, немалую вагу, падмацаваную яго дыяканічнымі высілкамі. А пакуль у Станіслава былі два вольныя месяцы. У Італіі.

I гістарычны час для Станіслава нібыта раствараўся ў бясконцасці часу нічым не занятых сутак i ў тапаграфіі Вечнага горада.

... Скончыўшы сваю вячэру i згадаўшы, як гэта хораша гучыць па-італьянску — „чэнарэ”, Станіслаў накіраваўся да каскаду Берніні. Нібыта парогі на рацэ — гэты фантан... I што ўсё ж выводзяць тыя стругі? Можа, i не мелодыі... Прамаўляюць нешта... Значна... Настойліва... I лёгка... Тэрцыны? Тэрцэты? Рытурнэлі?

Ці проста звычна ірвуць сетку часоў? Ужо чацвёртае стагоддзе... Хаця — што гэтае quattro20 для Вечнага горада? Які зведаў усё — i росквіт, i поўны заняпад, i адраджэнне... I tempora nova21.

„Caput mundi” — „цэнтр сусвету”. Апостальская сталіца... Той горад, дзе ёсць Лоджыя Благаславення, адкуль гучыць сакральнае „Urbi et Orbi” — „Гораду i свету”.

Пра гэты ж горад i вядомае Гётэва: «О Рым, ты цэлы свет!» I гераічнае Гарыбальдзіева: “Roma о morte” 22. I вось тое, іранічнае: „The capital of the Middle East „— «Сталіца Сярэдняга Усходу”. На чыста амерыканскі капыл. Мабыць, вызначыў так які хлопец з Аклахомы ці Кентукі. Дзе-небудзь напрыканцы 40- X гадоў ХХ стагоддзя. На хвалі перамогі войскаў кааліцыі, у засені плану Маршала, з поўнымі кішэнямі паўнавартасных даляраў i з пагардай да антычнага хараства i розных там Кватрачэнта, Чынквечэнта i іншага гістарычнага i мастацкага хлуду.

Для Станіслава ж усе Протарэнесансы, Рэнесансы, Рысарджымента неслі ў сабе асобы знак застылых відзежаў мінулага, датычных не толькі Вечнага горада: збежышчы-сонмы анёлаў Джотто, харалы Палестрыны, санаты Карэллі, старыя фаліянты кніг, роспісы i барэльефы Падуі, гукі арфаў i кіфар, чэлестаў i віёлаў... Расплывісты сэнс гармоніі i хаасу.

... Станіслаў паволі адыходзіў ад фантана каскадаў. Цяпер ён цалкам належаў гэтым імгненням. Нічога i нікога не згадваў. I не ведаў, ці хацелася б каго згадаць. Ведаў — чаму...

Я не спеша собрал бесстрастно

Воспоминанья и дела.

Менавіта — „бесстрастно”. Ніякіх жарсцяў. Суму. Жалю.

Сістэматызаваў. Вызначыў.Паклаў на паліцу памяці. Далёкую. Хай сабе ляжаць. Успаміны i справы. Здрады i страты. Радасці i турботы. Ён узяў тайм-аўт у лёсу.

Ён цяпер любіць толькі тое, што не можа падманваць i што нельга страціць. Мінулае. Мінулае, увасобленае ў харастве мясцовых палацца i роспісаў, скульптур i помнікаў, карцін i маляўнічых руін i каланад-таямніц... У прыгажосці ўсяго, што ўваходзіла i будзе ўваходзіць у яго жыццё... Ён не бярэ пад увагу чалавечыя адносіны. Гэта — у мінулым.

Ён не збіраецца ні пакутаваць, ні енчыць, ні шкадаваць... Проста на гэтай старажытнай зямлі ён будзе выцягваць пасля аўтакатастроф, альпінісцкіх i іншых спартыўных няўдач сыноў i дачок чалавечых. Даводзіць індывідуумаў да нармальнага, дадзенага Богам i продкамі фізіялагічнага стану. Паводле клятвы Гіпакрата, свайго ўмельства, умоў кантракту. Пе менш. Але i не больш. Усё ў межах прафесійных адносін i справы. Ніякіх іншых кантактаў. Ніякіх лірычных сюжэтаў. Нават калі гэта які мілы дзядок, дзьмухавец Божы, поўны, здаецца, альтруістычных памкненняў. Пазней можа здарыцца, што стварэнне, якое выдавала самою дабрынёю, вывалачэ адкуль-небудзь цэбар з памыямі i вылье ix табе на галаву. Проста так. Без якой дай прычыны.

Станіслаў нікога не вінаваціў. Проста стаміўся ад бясконцага фальшу на розных узроўнях, ад высокіх слоў, за якімі толькі мізэрны разлік, ад ліхаманкавага кірмашу, дзе гандаль паводле вядомага: „Wszystko na sprzedaż” — „Усё на продаж”.

Няма добрых адносін, ёсць толькі ўзаемныя інтарэсы? Цынікам быў аўтар гэтых слоў ці проста ўмеў вызначыць сутнасць праяў?

... Цяпер болю няма. Гэта некалі былі раны, крыўды. Цяпер ён набыў імунітэт, падобны на лакалёвую анэстэзію. Проста — рэестр перамог, параз, страт, сатысфакцый, здрад. Спакойная інвентарызацыя перакрэсленых сяброўстваў, знаёмстваў, кантактаў.

Калі вернецца на радзіму... Праз два гады. Тады будзе відаць. А цяпер для душы — бажніцы i культуровыя традыцыі, вопыт пачуцця толькі ў харастве створанага вялікімі. Квінтэсэнцыя духу, увасобленая ў мармуры, фарбах, срэбры, золаце, бронзе...

Холад мармуру... У ім часам больш цяпла, як у жывых істотах з натуральнай крывёю розных груп, з мускуламі ці проста з масай мясатлушчу, з суставамі, пазванкамі, з усёй „гаспадаркай” касцей — прамянёвых, локцевых, галёначных i т.д., i т.д., адным словам, з усімі анатамічнымі i фізіялагічнымі першаіснасцямi.