Выбрать главу

...Мова жывапісу... Станіслаў уважліва глядзеў на выстаўленыя для продаж карціны... Невялікага памеру, найбольш партрэты, нацюрморты, пейзажы... Хаця...Тут, на п’яцца ды Навона, мабыць, прадстаўлены ўсе існуючыя i існаваўшыя напрамкі жывапісу... I розныя жанры...Розныя стылі...

Станіслаў углядваўся ў карціны...Пейзаж у стылі позняга Клода Монэ... Партрэт дамы... Нешта ад майстроў Кватрачэнта або Чыквечэнта? Нешта ад Ларэнцо Косты...Чысты, замкнёны твар, валасы, забраныя сеткай, глыбокі пурпуровы колер накідкі...

Адзінокая свечка ў замглёным інтэр’еры, вока ў махнатых вейках, тонкая рука ў пальчатцы... Якія фарбы, дакладнасць малюнка! I нябачная цень вялікага майстра з Кадакеса...

Партрэт-медальён жанчыны... Сінія-сінія вочы, доўгія, русалчыны, нібыта сатканыя з ветру — лёгкія, закалыхваючыя - валасы. Нешта вельмі знаёмае... У твары... Ды i ў стылі пісьма мастака...

Галіна? І партрэт, падобна, Вітольда... Так. Няма сумніву. Эскіз — алоўкам — ён, Станіслаў, некалі бачыў... Але адкуль тут гэты партрэт?

— Quanto sconto? 23 — звярнуўся да мастака Станіслаў. Кошт прыдатны. I памер партрэта невялікі. Станіслаў аддаў грошы. Старанна падбіраючы словы, спытаў, адкуль карціна. Мастак, падобна, зразумеў яго, аднак Станіслаў кепска разбіраў словы адказу. Перапытаў па-ангельску.

Нешта праяснялася. Партрэт належаў мастаку з далёкай краіны. Мастак загінуў тут, у Італіі. Проста захлынуўся марской хваляй. Станіслаў ведаў — гэта Нарутовіч. Пісалі ў газетах.

А мастак з п’яцца ды Навона патлумачыў, што сябры небаракі забралі ўсе карціны, a гэты партрэт застаўся — рабіў нехта іншы. I чамусьці дадаў: „А сіньёрына з партрэта жывая”. Адкуль ведаў? Вёў размовы з Нарутовічам? Чаму гэты партрэт апынуўся ў яго? Яны з Вітольдам былі вельмі далёкія. Чаму, дарэчы, не стварыў партрэт Галіны сам? А можа, ён недзе таксама ёсць, такі партрэт?

Тутэйшы мастак спытаў:

— Are you want to see her?

— No no24, — цвёрда адказаў Станіслаў. І пакрочыў паўз Пантэон па віа дэль Kopca.

Ці хацеў бы ён бачыць яе?

... Чалавек з таго часу... З той духоўнай прасторы... Ён, Станіслаў Строцкі, гатовы перачытаць старонкі ўспамінаў... Аднак перажыць старонкі жыцця наноў? Немагчыма... На жаль? ...

Галіна... Асоба з Вітольдавай майстэрні... Майстэрні, што была паблізу ад бажніц, ракі, паркаў, Опернага тэатра...

Станіслаў — тады ўсе яго клікалі Стасам — студэнт-медык, бегаў па клініках, анатамічках, бібліятэках, адпрацоўваў практычныя... Было так... I жыццё было поўнае яшчэ не пражытых гадоў. Не перажытых імгненняў. Нягледзячы на ўсе практыкумы, Стас больш тэарэтычна ўяўляў карысць i высакароднасць сваёй прафесіі. Аднак выбраў яе свядома. Усім патрэбная. Пры ўсіх рэжымах. Сумны i навязлівы афіцыёз проста ніяк не датычыў Стаса. Ён, як госць, заходзіў на сходы, адбываў сваё на дэманстрацыях, аднак заклікі партыйных аракулаў, здранцвела-пафасная таўталогія ix пастулатаў, жаўнерная мітурга пастаноў, абвяшчэнне генеральных i негенеральных ліній выпадалі з эмпірыкі жыцця Стаса, з магічнага поля яго свядомасці.

Затое процьма іншага цікавіла Стаса. Ён чытаў узахліп, дома i ў бібліятэках, прагна i бессістэмна. Усё па той самай гісторыі, якую называюць агульнай, кнігі па гісторыі архітэктуры, мастацтва, літаратуры, навуковыя манаграфіі i белетрызаваныя біяграфіі, кнігі філосафаў i паэтаў, мемуары i перыёдыку, — усё, што трапляла на вока i пад руку. Стас жыў у множнасці часавых рытмаў, у складаных суадносінах свайго „я” i непамыснай колькасцю іншых. Вёў, нібыта i на яве, размовы i спрэчкі з Гегелем i Леві Стросам, Шэлінгам i Камю, Юнгам i Гарадзі. Вызнаваў сябе ў медытацыях з Рыльке i Гарсіа Лоркам, Томасам Манам i Сартрам, Тэйярам дэ Шардэнам i Чэславам Мілашам.

У магічным полі жыцця Стаса заўсёды прысутнічала музыка. I Моцарт, i рок, i класічны джаз — ён любіў ix аднолькава. Музыка прыцягвала i вабіла яго. Як прыцягвалі i вабілі жанчыны. Жывыя. І на карцінах. I на рэпрадукцыях карцін. Яго веданне анатоміі i фізіялогіі ніяк не ўплывала на крыху рамантызаванае ўяўленне пра жанчын. Магчыма, таму, што хараство ix упершыню ён адкрыў на выявах старых майстроў i майстроў новага часу. Праўда, яго аднакурсніцы не вытрымлівалі параўнання з жанчынамі Тыцыяна i Батычэлі, а танцоркі Дэга часам здаваліся яму больш рэальнымі, чым пасажыркі тралейбусаў, з якімі ён шчыміўся кожнай раніцы ў блакітны вагон. Аднак на вакацыі Стас выпраўляўся не інакш як з мальбертам i ca спадзяваннем сустрэць... ну, напрыклад, падвойнік Одры Хэпбёрн...