Выбрать главу

Усё гэта надавала агульнаму фону жыцця Стаса адценне будзённай святочнасці, а самому факту быцця — асалодны прысмак. У рэальным існаванні, у вопыце дзён свет для Стаса складаўся з сонца, вясёлак, адзнак „выдатна”, усмешак, шчаслівых выпадкаў, запланаваных i нечаканых сустрэч! Усё было наперадзе! I наперадзе былі, безумоўна, толькі перамогі, шчырыя сяброўствы, вялікае каханне, „палёты ў сне i на яве”. Усё мела асаблівую акрасу ад гумару, розыгрышаў, амаль заўсёднага добрага настрою, ад шчаслівага смеху — проста так, ні з чаго... I абавязковы „лёгкий трёп” меў прысмак маладзёжных фестываляў, КВЗ, зорнага пылу, тралейбусных знаёмстваў, паэтычнага шаленства, мізантрапічнай іроніі Джойса, магічнай абаяльнасці Булгакава (Міхаіла, зразумела), кусліва-гжэчных досціпаў з джэнтльменскага набору аксёнаўска-гладзілінскіх хлопчыкаў. Усё было зорна, узорна, „пенкна”.

A Вітольдава майстэрня была тым месцам, дзе нібыта рэальна, арэчаўлена ўзнікалі прывідныя відзежы ўяўленняў Стаса.

Найперш — як тады здавалася Стасу — да Вітольда прыходзілі людзі, на якіх быў адбітак асноўнага чалавечага вопыту, досведу, i незалежна ад роду заняткаў, першаасновай тут быў sacre feu — святы агонь. Знакамітых у майстэрні Стас не сустракаў. I гэта толькі пацвярджала, на яго думку, прыналежнасць гасцей да таго асяроддзя, дзе самадастатковасць асобы выдавала стрыжнем індывідуума, не залежнага ад знешніх абставін, ад мітусні будзёншчыны, ад шэрасці звычаёвага.

Стас на тую пару спрабаваў прасочваць усе лабірынты творчых біяграфій славутасцяў, але ці не найбольшай ісцінай лічыў вызнанне Вівекананды — самыя вялікія i геніяльныя робяць сваё жыццё незаўважным, не імкнуцца нечага дабіцца, таму што ведаюць сапраўдны кошт думкі. Праўда, наконт адной Асобы, што была не проста гістарычнай постаццю, Стас рашуча не згаджаўся... Ну, але Той — Адзіны...

У Вітольда збіраліся многія. Можа, i не выбраныя, але пазначаныя, вызначаныя.

Прыходзілі ў майстэрню любым днём, любой парою. Пазней Станіслаў думаў: мабыць, перашкаджалі Вітольду працаваць. Але гэтая стыхійнасць надавала зборням асобую акрасу. Не паўсвецкія прыёмы па серадах ці аўторках, а нязмушаныя сустрэчы...

Станіславу, як, мусіць, i іншым, падабаўся сам Вітольд. Нічога ад багемнай урочыстасці, затое нешта відарыснае ад формулы яго, Вітольдавага, лёсу, прасвечанага мярэсцівам з авангардных высілкаў пэндзлем, традыцыйнага высакародства i рэнесенснага інтэлектуалізму.

Аскеза добраахвотнай нішчымніцы, адстароненасць ад афіцыёзу, пакутніцтва самавыяўлення, роздум... Нешта ад Мадыльяні i Ван Гога, але без самаспапяляючых схільнасцяў ... гэта меціла мастака ў вачах Станіслава асобым знакам.

Манументаліст паводле адукацыі, Вітольд рабіў у нейкай арганізацыі, што часам давала яму канкрэтныя заказы, аднак у асноўным ён вёў жыццё вольнага мастака, займаўся жывапісам, чытаў, думаў...

... Прыходзячы ў майстэрню, Станіслаў часам заспяваў Вітольда на самоце, часам у яго нехта быў, здаралася — майстэрня была паўнюткая людзьмі.

Станіслаў завітваў у майстэрню кожным зручным i нязручным выпадкам. У „фортачцы” паміж лекцыямі, бегучы з клінікі, збіраючыся ў тэатр ці ў госці. Урэшце — проста так, дзеля акрасы душы. Прылятаў у майстэрню з якім дробным прэзэнтам ці проста наедкам. Ну, i, зразумела, паводле завядзёнкі, з прыгаршчамі досціпаў, навінаў, новымі кружэлкамі.

... Пазнаёміўся Станіслаў з Вітольдам у бібліятэцы, i гэта паклала адбітак на стыль ix адносін. Як гэта там у вялікага француза? “Маёй калыскаю была бібліятэка, пыл, вавілон тамоў, пергамент, цішыня...” Мабыць, было яшчэ нешта, што аб’ядноўвала ix з Вітольдам, вызначала ўзаемную цікавасць i тое, што цяжка пазначыць словамі, паняццямі.

Нездарма быў i нейкі капрыз Провіду ў тым, як нечакана, выпадкова-невыпадкова ўзнікаў Вітольд на яго, Станіслава, шляху. Асабіста, напамінам ускосным, канкрэтным. Як гэты партрэт. Як нядаўняя, перад ад’ездам, „сустрэча” з Вітольдам. У мастацкім салоне, у родным горадзе, Станіслаў зайшоў звычна — паглядзець. З усяго, што там было выстаўлена, вызначыў адну карціну. Ці то сцежка, ці то рамантычна зарослая алея ў парку. Зеленавата-жоўтыя колеры, паўтоны. Дыстынктоўная рама, вохрыста-карычневая, з залацістым абадком па краі. Прозвішча аўтара не было. Толькі цана. Як i на ўсіх астатніх карцінах. „Дзіўна”, — падумаў Станіслаў. A яму адказалі: „У нас так прынята”. „А хто ўсё ж аўтар?” — „Лістовіч”, — пачуў ён адказ.

...Лістовіч... Вітольд... Недзе на ўскрайку свядомасці, эмацыянальнай i інтэлектуальнай памяці Станіслава ён заўсёды існаваў. Як удзельнічалі, прысутнічалі — тыя, хто тады, у Вітольдавай майстэрні, трапіў на арбіту яго, Станіслава, існавання.