Выбрать главу

I яны існавалі, прысутнічалі ў сваёй асабістай аўтаноміі. Так бы мовіць, асобы з „арыентацыяй знутры”. „Inner directed”, — так, здаецца, вызначалі гэта дасведчаныя i абазнаныя ў псіхалогіі.

... Паэтэсы... Тая, у якой голас зрываўся ад хвалявання, а лісток з толькі што напісаным вершам дрыжэў у руцэ... I другая — як пра яе пісалі: дачка Палесся... Вочы — азёры... I яшчэ высокая, тоненькая... Таксама чытала вершы...

І актрысы! Пасля спектаклю... У вэлюме толькі што адыгранай ролі... Асабліва ён номніў адну... Бездакорны абрыс рухаў i жэстаў, нібыта яна яшчэ ў пеплуме i хітоне, са знакамітым карымбас - валасамі, зацягнутымі ў грэцкі вузел. Увасабленне ісціны i гульні, вяшчунні i вакханкі адначасова...

Падобная на хлопчыка журналістка, уся — як страла ў палёце. Феерверкі фактаў, вадаспад слоў...

Яны ўсе здаваліся Станіславу ўвасабленнем прыгажосці, нібыта сышлі з тых выяў, паводле якіх ён уяўляў сабе жанчын. Станіслаў сыпаў жартамі, a ў душы нямеў, здранцвела стойваўся, баяўся змоўкнуць. Паўза... Чым яе запоўніць?

Запоўніць паўзы было каму. А былі выпадкі, калі прысутнасць Станіслава ў майстэрні была суцэльнай паўзай, маналогам маўчання, ён цэлы вечар сядзеў моўчкі, слухаў, глядзеў, убіраў у сябе кожны жэст, кожны гук, кожны погляд, кожны позірк... Літаратары, акторы, рэжысёры, каскадзёры, эмэнэсы (як жартам вызначалі абрэвіятурай малодшых навуковых супрацоўнікаў), кандыдаты розных навук, інтэлектуалы, што займаліся самаадукацыяй паводле вядомых i невядомых сістэм. На ўсіх была адзнака, пячатка: акрамя той, асноўнай. Адбітак бібліятэк, пошукаў у свеце вечных каштоўнасцяў i адзнака ўзросту — ўсё наперадзе.

Не сулольнасць, зборня індывідуумаў, адзінства множнасцяў. Лаўцоў нечаканасцяў у гульні жыцця. Плынь падзей, подых рэчаіснасці - яны саступалі тут свету вобразаў, таемнай уладзе - нават не хараства, a густаў... Фарбам будучых драм i трагедый, лірычным ілюзіям з філасофскім падтэкстам. Усе знаходзіліся ў магічным полі конадняў, вечнай традыцыі i вечнага чакання.

I можа, галоўнае — яшчэ кожны, нават прымерваючы самую неверагодную маску, заставаўся самім сабой.

Не ведаючы таго, усе існавалі ў імгненнях, хвілінах, гадзінах, што пазней сталіся для кожнага аазісамі ў „пустэльні Быцця”...

... Стас тады ледзь не кінуў інстытут i не выправіўся заваёўваць свет вядомымі шляхамі рамантыкаў, паэтаў i мастакоў. Аднак у Парыж, як высветлілася, нават турыстам на які тыдзень трапіць было няпроста, a ў роднай Айчыне нават хіленькія мансарды мастакам выдзяляў Саюз мастакоў i выканкам. Прагу рамантыкі можна было спатоліць, выправіўшыся за туманам i ў напрамку, зусім процілеглым старажытнай Лютэцыі Парызіорум25 — гэты кірунак мала вабіў Станіслава, i ён скончыў інстытут, a суворая практыка дала магчымасць адчуць неабходнасць яго прафесіі.

Але гэта было пазней. А гады ў Вітольдавай майстэрні Станіслаў глядзеў, слухаў, трызніў на яве. Лічыў усіх людзей добрымі i шчырымі, свет — справядлівым, жанчын бездакорнымі.

... Галіну ён упершыню ўбачыў на трамвайным прыпынку. Тым разам Станіслаў выпадкова сустрэўся з Вітольдам. Амаль адначасова падышла яна. І ледзь не адразу скокнула на прыступку вагона трамвая з расчыненымі дзвярыма — тады былі такія. „Кажуць, Вы выйшлі замуж?”— наўздагон кінуў пытанне Вітольд. „Кажуць”,— адказала яна. I трамвай панёс яе ад ix.

Тады ж Вітольд распавёў пра яе: балерына, прыма, лаўрэат міжнароднага конкурсу. Паводле ўяўленняў тагачаснага Станіслава, багіня...

...За якія правіны багі выціснулі Галіну з Алімпа — ці Парнаса? — Станіслаў не ведаў. Галіна трапіла ў аўтакатастрофу. Яна засталася жывая, здаровая. Нават фуэтэ i закрутныя антраша рабіла. Як многія. Але не як Галіна Веснавая. I яна кінула балет... A выпадак з ёю, мабыць, падсвядома паўплываў на выбар спецыялізацыі Станіслава...

Яна ж паступіла на мастацтвазнаўчы, занялася гісторыяй балета. Вучыла італьянскую мову. Гэта ад яе ён аднойчы пачуў:

Da oggi a noi la cotidiana manna26

I яшчэ:

... giri fortuna la sua rota

Come le piace e il villan la sua marra27

Тэрцыны Дантэ... У траўні... У пару чаромхі i бэзу...З вуснаў багіні.

Аднак калі шчыра — Станіслаў доўга не выдзяляў Галіну сярод іншых у майстэрні Вітольда. Мабыць, да таго вечара...

A ў той вечар яна прыйшла, як заўсёды, адна. Чытала вершы.

І ў майстэрні з’явіўся Дзіма. Як адзначалі афішы i праграмы: Дзмітрый Дораш. З дамай.

Дзіма Дораш — прыгожы. Неўнікнёны. Герой-амант. У родны кут i на сваю родную акадэмічную сцэну ён вярнуўся пасля некалькіх сезонаў у адным з самых зорна вядомых на тую пару тэатраў Саюза. Рэч у тым, што будучыя лаўры ссыхалі яшчэ ў марах пасля начлегаў на вакзалах i без блізкай перспектывы маскоўскай прапіскі. Аднак водсвет знакамітага тэатра на абліччы Дзімы на адлегласці для ўсіх рабіўся яшчэ больш уражлівым, наперадзе была процьма жыццёвага часу, герой-амант не губляў свой кураж i адначасова паводзіў сябе натуральна, нязмушаная, з лёгкасцю камільфо i чалавека з перспектывамі бліскучай кар’еры, увогуле жыццёвага prosperity28. Пазней ён вярнуўся ў той славуты тэатр на яго новым вітку рэжысёрам. Зазнаўшы арэлі славы і няславы, узлёты i падзенні.